«Гутарка Данілы са Сцяпанам» (ананімны твор) 1/316; 4/97

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́ТАРКА ДАНІ́ЛЫ СА СЦЯПА́НАМ»,

ананімны твор бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. Упершыню апубл. П.В.Шэйнам у час. «Русская старина» (1886, т. 49). Напісана напярэдадні сялянскай рэформы 1861, у маст.-публіцыстычнай форме рэалістычна паказвала бяспраўнае жыццё сялянства, эксплуатацыю яго памешчыкамі. У творы выявіліся бунтарскія настроі сялянскіх мас. Сваё вызваленне яны спадзяюцца атрымаць ад «цара-бацюхны», але разумеюць, што цар заадно з панамі. Дэмакратызм, праўдзівасць, прастата і даходлівасць, жывая мова робяць твор яркім узорам нар. л-ры.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́СЕНСКІ ЗВОН,

помнік ліцця мастацкага. Адліты з бронзы 30.8.1751 ліцейшчыкамі Іванам, Сцяпанам і Максімам Сініцамі для царквы г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Выш. каля 40 см, найб. дыяметр 30 см. Аздоблены раслінным і хвалістым арнаментам. Дата і фундацыйны надпіс размешчаны ў выглядзе фрызаў, імёны ліцейшчыкаў на тулаве звона. Знаходзіцца ў Дзісенскай царкве.

М.М.Яніцкая.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ТАРКА,

мастацка-публіцыстычны, найчасцей ананімны твор, у якім ставяцца актуальныя пытанні нар. жыцця ці грамадскай маралі; жанр бел. літаратуры 19 ст. Гутаркі найб. пашырыліся ва ўмовах актывізацыі вызв. барацьбы народа, асабліва напярэдадні сял. рэформы 1861 і паўстання 1863—64 («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка двух суседаў» і інш.). Пазней гутарку выкарыстоўвалі рэв. народнікі для прапаганды сваіх ідэй. Напісаныя ў белетрызаванай форме або ў форме размовы 2 ці больш асоб, гутаркі тлумачылі простаму народу праблемы грамадскага жыцця, вострай крытыкай існуючага ладу ўздзейнічалі на яго свядомасць. Папулярнасць і сац. дзейснасць жанру гутаркі выкарыстоўвалі і рэакц. аўтары для прапаганды афіц. ідэалогіі і палітыкі самаўладдзя («Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе» Ф.Блуса, «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.Кісяля). У канцы 19 ст. гутарка страціла сваю грамадскую пафаснасць і набыла дыдактычны характар, сац. праблематыка саступіла месца маральным павучанням. У пач. 20 ст. як жанр паступова знікла.

М.А.Лазарук.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАНІ́МНЫ ТВОР у літаратуры,

друкаваны або рукапісны твор без пазначэння імя аўтара або падпісаны псеўданімам. Найчасцей прычынай ананімнасці было жаданне пазбегнуць ганенняў з боку ўлад. Ананімна з’явіліся многія літ. і філас. творы: «Думкі» Б.Паскаля, «Максімы» Ф.Ларошфуко, творы Вальтэра, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава, «Гаўрыліяда» А.Пушкіна і інш. У стараж. бел. л-ры многія творы (асабліва свецкія) былі ананімныя. У перыяд станаўлення новай бел. л-ры, якая стваралася непрафесійнымі пісьменнікамі, яе аўтары не імкнуліся занатаваць сваё аўтарства, тым болей што гэтыя творы звычайна распаўсюджваліся вусна або ў рукапісах. Па меры росту нац.-культ. свядомасці абуджалася і цікавасць да пытання аўтарства бел. твораў (Я.Баршчэўскі, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.). З сярэдзіны 19 ст. бел. л-ра мела пераважна апазіцыйны да самаўладства характар, большасць яе твораў прасякнута вострай крытыкай дзярж. ладу, таму іх забаранялася друкаваць аж да 1906. Але і пазней найб. вострыя творы з’яўляліся ананімна. Паводле жанру ананімныя творы разнастайныя: паэмы («Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»), лірычныя вершы («Вясна гола перапала», «Ой, у полі вецер вые»), вершаваныя або празаічныя гутаркі («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Гутарка старога дзеда»). Некаторыя ананімныя творы мелі форму адозваў або паліт. пракламацый (у свой час так выдаваліся асобныя творы К.Каганца, Цёткі і інш.). Востракрытычныя ананімныя творы бытавалі і ў сав. час («Сказ пра Лысую гару»).

М.А.Лазарук.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)