БЛОК-ДЫЯГРА́МА,

перспектыўны схематычны малюнак, які адлюстроўвае выразку ўчастка зямной кары. На пярэдняй і бакавой плоскасцях блок-дыяграмы адлюстроўваецца геал. будова ў верт. разрэзе, на верхнім баку — рэльеф паверхні дадзенай мясцовасці. Ілюструе сувязь рэльефу з геал. будовай.

Блок-дыяграма рачной даліны з серыяй тэрас.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БРЫС (ад ням. Abriß чарцёж, план),

контур прадмета, нанесены на паперу э дапамогай ліній. 1) У геадэзіісхематычны план участка мясцовасці з указаннем прамераў і тлумачальнымі надпісамі. Робіцца ад рукі ў полі пры некат. метадах наземнай тапагр. здымкі. Выкарыстоўваецца пры складанні дакладных тапагр. планаў, апазнаванні на аэраздымках пунктаў геадэзічнай сеткі, у турысцкіх паходах.

2) У архітэктуры 17 — 1-й пал. 18 ст. — схематычная лінейная выява плана будынка без паказу яго канструкцый, таўшчыні сцен і г.д. У 2-й пал. 18 ст. заменены арх. праектам, з выкарыстаннем планаў, фасадаў, разрэзаў і інш., якія давалі нагляднае ўяўленне пра архітэктуру будынка.

3) У выяўленчым мастацтве — контурная выява прадмета, гл. Контур.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАДРО́М (ад аэра... + грэч. dromos месца для бегу, бег),

тэрыторыя з паветранай прасторай, комплексам збудаванняў і абсталявання, якія прызначаны для ўзлёту, пасадкі, размяшчэння і абслугоўвання самалётаў, верталётаў і планёраў. Асн. элементы аэрадрома: лётная зона, лётнае поле, лётная паласа, канцавыя і бакавыя палосы бяспекі, паветр. падыходы, рулёжныя дарожкі, навігацыйнае абсталяванне (радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі і інш.), святлосігнальныя сістэмы і інш.

Бываюць аэрадромы грамадзянскія, ваенныя і сумеснага базіравання, трасавыя — для эксплуатацыі самалётаў і верталётаў, якія перавозяць па авіялініях пасажыраў, грузы, пошту (да іх належаць усе аэрадромы аэрапортаў) і спец. прызначэння (напр., с.-г., лясной і санітарнай авіяцыі), заводскія, вучэбныя, клубна-спартыўныя. Адрозніваюць аэрадромы з адной або некалькімі ўзлётна-пасадачнымі палосамі (УПП) са штучным пакрыццём і аэрадромы з грунтавымі УПП. У залежнасці ад памераў УПП і трываласці штучных пакрыццяў грамадзянскія аэрадромы падзяляюцца на класы. Ваен. аэрадромы паводле прызначэння бываюць вайсковыя (флоцкія), вучэбныя і спецыяльныя (для выпрабавання лятальных апаратаў і інш. мэтаў); паводле характару выкарыстання — асноўныя, запасныя, несапраўдныя (для падману праціўніка) і аэрадромы манеўру. Паводле геагр. (прыродных) умоў адрозніваюць аэрадромы палярныя, пустынныя (тундравыя), горныя, водныя (гідрааэрадромы), лядовыя; па ступені абсталявання — пастаянныя і палявыя (часовыя). У залежнасці ад даўжыні і шырыні УПП і трываласці пакрыцця, абсталявання сродкамі тэхн. забеспячэння палётаў ваен. аэрадромы падзяляюцца на пазакласныя, 1, 2, 3, 4-га класаў і пасадачныя пляцоўкі. Пры вял. грамадзянскіх аэрадромах узводзяцца аэрапарты.

Да арт. Аэрадром. Схематычны план грамадзянскага аэрадрома: 1 — канцавыя палосы бяспекі; 2 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 3 — грунтавая ўзлётна-пасадачная паласа; 4 — бакавыя палосы бяспекі; 5 — рулёжная дарожка; 6 — пляцоўка для запуску рухавікоў; 7 — перон; 8 — месца стаянкі самалётаў; 9 — пляцоўка для ліквідацыі дэвіяцыі.
Да арт. Аэрадром. Схематычны план пастаяннага ваеннага аэрадрома з адной лётнай паласой: 1 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 2 — грунтавыя ўзлётна-пасадачныя палосы; 3, 4 — канцавыя і бакавыя палосы бяспекі; 5 — палосы паветраных падыходаў; 6, 7, 8 — магістральная, злучальная, дапаможная рулёжныя дарожкі; 9, 10 — групавое, індывідуальныя месцы стаянкі; 11, 12 — спецыяльныя пляцоўкі; 13 — службова-тэхнічныя будынкі; 14 — казармы; 15 — пад’язныя і ўнутрыаэрадромныя дарогі; 16 — чыгунка.

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАСПА́Д,

падзенне вады ў рацэ з аднаго або некалькіх уступаў. Характэрны адрыў воднага патоку ад рэчышча. Уступы ўзнікаюць у месцах, дзе рака перасякае сучляненне ўстойлівых і падатлівых да размыву горных парод. Сіла падаючай вады павольна разбурае ўступ, асабліва каля падэшвы, ён абрушваецца, і вадаспад пастаянна адступае ўверх па цячэнні. Найб. вядомы Ніягарскі вадаспад у Паўн. Амерыцы штогод адступае на 0,7—0,9 м. Пры значным разбурэнні ўступу на месцы вадаспадаў могуць утварыцца парогі. Вадаспады найчасцей трапляюцца на горных рэках, але бываюць і на раўнінных. Самы высокі ў свеце вадаспад Анхель на р. Чурун у Паўд. Амерыцы (1054 м), самы шырокі — Вікторыя на р. Замбезі (шыр. 1800 м, выш. 120 м), найб. каскад вадаспадаў на р. Тугела (933 м) у Афрыцы. Вадаспады перашкаджаюць суднаходству і сплаву лесу. Выкарыстоўваюцца для буд-ва ГЭС (напр., вадаспад Ківач на р. Суна ў Карэліі). Штучныя вадаспады ствараюцца плацінамі і інш. гідратэхн. збудаваннямі.

Да арт. Вадаспад. Схематычны профіль Ніягарскага вадаспада.
Вадаспад у гарах Паўночнага Каўказа.

т. 3, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭТАТРО́Н,

цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў віхравым эл. полем, якое ствараецца пераменным у часе магн. патокам, што пранізвае арбіту электронаў.

Утрыманне электронаў на раўнаважнай кругавой арбіце ажыццяўляецца кіравальным магн. полем. Пастаянства радыуса раўнаважнай арбіты забяспечваецца падборам формы полюсных наканечнікаў электрамагніта, паміж якімі знаходзіцца тараідальная вакуумная камера, сувосевая з індуцыруючым патокам. Электроны перыядычна інжэкціруюцца ў камеру па датычнай да раўнаважнай арбіты ў адпаведны момант часу. Паскарэнне электронаў адбываецца ў час росту магн. поля. У канцы цыкла паскарэння з дапамогай спец. зрушвальнай абмоткі пучок электронаў адхіляецца ад раўнаважнай арбіты і накіроўваецца на мішэнь, якая знаходзіцца ўнутры камеры воддаль ад раўнаважнай арбіты. Бэтатрон адрозніваецца малымі памерамі крыніцы выпрамянення, магчымасцю плаўнай рэгуліроўкі энергіі. Бэтатрон выкарыстоўваецца для радыяцыйнай дэфектаскапіі матэрыялаў і вырабаў, у ядзерных даследаваннях, у медыцыне (прамянёвая тэрапія).

Літ.:

Арцимович Л.А., Лукьянов С.Ю. Движение заряженных частиц в электрических и магнитных полях. 2 изд. М., 1978.

М.​А.​Паклонскі.

Схематычны разрэз бэтатрона: 1 — полюсныя наканечнікі электрамагніта; 2 — катушкі абмоткі сілкавання; 3 — сілавыя лініі магнітнага поля; 4 — сячэнне тараідальнай вакуумнай камеры; 5 — электроны на раўнаважнай арбіце; 6 — ярмо электрамагніта.

т. 3, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТА́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,

слоўна-складовае пісьмо для запісу тэкстаў на кітайскай мове, у якім выкарыстоўваюцца асобыя знакі — іерогліфы. Агульная колькасць такіх знакаў каля 50 тыс., у сучаснай кіт. мове выкарыстоўваюць 4—7 тыс. іерогліфаў. Кожны іерогліф прадстаўляе аднаскладовае слова ці марфему і графічна з’яўляецца камбінацыяй рысак, упісаных у квадрат. Запіс тэксту злева направа або зверху ўніз. Вылучаюць 3 тыпы іерогліфаў: піктаграмы — схематычны відарыс прадметаў (山 «гара», 目 «вока»); ідэаграмы — матываваныя камбінацыі піктаграм (人 «чалавек» + 木 «дрэва» = 休 «адпачываць»); фанаграмы — матываваныя камбінацыі піктаграм з намёкам на гучанне іерогліфа (人 жэнь «чалавек» + 圭 гуй «нефрытавы скіпетр» = 佳 цзя «прыгожы»).

Найб. стараж. знакі К.п. — «іньскія пісьмёны» (варажбітныя надпісы на бронзе, камянях, касцях, панцырах чарапах; 2-е тыс. да н. э). У 1066—771 да н. э. яны атрымалі развіццё ў выглядзе «галавастыкавага пісьма». У 221 да н. э. пачаўся працэс стандартызацыі іерогліфаў, з’явіліся стылі «вялікіх» і «малых» пячатак, уведзена «дзелавое пісьмо» лішу (спрошчаны варыянт «малых пячатак»). У 1 ст. н. э. канчаткова сфарміраваўся сучасны стыль напісання іерогліфаў (кайшу — «узорнае пісьмо»). Побач з кайшу выкарыстоўваюць скарочаныя стылі цаошу — «травяное пісьмо» і сіншу — «хадавы скорапіс». З 1956 у КНР вядзецца работа па спрашчэнні іерогліфаў. Поўныя абрысы іерогліфаў (фаньтыцзы) выкарыстоўваюцца ў Сінгапуры, Японіі (з яп. складовым пісьмом), Паўд. Карэі (з кар. азбукай) і на Тайвані. Сярод найстараж кіт. літ. помнікаў «Шуцзін» («Кніга паданняў», 12—5 ст. да н. э.), «Іцзін» («Кніга перамен», 12—8 ст. да н. э.) і «Шыцзін» («Кніга песень», 11—6 ст. да н. э.).

А.​М.​Гардзей.

Да арт. Кітайскае пісьмо.

т. 8, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)