ЗЕРНЕАЧЫШЧА́ЛЬНА-СУШЫ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС,

комплекс машын і абсталявання для пасляўборачнай апрацоўкі (ачысткі, сушкі, сартавання) зерня. Ўключае зернеачышчальны агрэгат (складаецца з аўтамабілеразгрузчыка, зернеачышчальных машын папярэдняй і першаснай ачысткі, трыераў, норый і інш.) і шахтавыя (часам барабанныя) зернесушылкі з зернеправодамі.

З.-с.к. можа дадаткова камплектавацца бункерамі актыўнага вентыліравання, машынамі другаснай ачысткі, пнеўматычнымі сартавальнымі сталамі і інш. Машыны комплексу злучаны ў адзіную лінію і кіруюцца дыстанцыйна з цэнтр. пульта. Ачышчанае і высушанае зерне, адходы паступаюць у бункеры, адкуль выгружаюцца ў аўтамабілі; насеннае зерне дадаткова ачышчаецца і сартуецца машынамі другаснай ачысткі і пнеўматычнымі сартавальнымі сталамі, пратраўліваецца. Прадукцыйнасць комплексу да 50 т/гадз.

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ ФА́БРЫКА ПІЯНІ́НА.

Створана ў 1935 у г. Барысаў на базе лесазавода. У Вял. Айч. вайну разбурана, адноўлена ў 1944. У 1944—65 рэканструявана і расшырана (пабудаваны гал. вытворчы корпус, цэхі металадэталяў, лесапільны, сушыльны і інш.). З 1976 галаўное прадпрыемства ВА «Белмузпрам». Асн. прадукцыя (1995): піяніна, цымбалы, акустычныя гітары, электрагітары, дзіцячыя цацкі, шахматы і інш.

т. 2, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎСКІ КАНСЕ́РВАВА-АГАРОДНІНАСУШЫ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1950—54 у г. Быхаў Магілёўскай вобл. З 1959 камбінат, з 1976 завод, да 1981 галаўное прадпрыемства Быхаўскага вытв. агр. аб’яднання па вытв-сці і прамысл. перапрацоўцы агародніны і садавіны. У 1963—64 і 1992 рэканструяваны і расшыраны. Дзейнічаюць кансервавы, сушыльны, меланжавы, бляшаначны і тарны цэхі. Асн. прадукцыя (1995): агароднінныя і фруктовыя кансервы, крухмал, бляшанкі і метал. Накрыўкі.

т. 3, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКІ РАЁН , на ПнЗ Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,2 тыс. км². Нас. 37,1 тыс. чал. (1996), гарадскога 38,4%. Сярэдняя шчыльн. 16,5 чал/км². Цэнтр — г. Браслаў, гар. пасёлкі Відзы і Друя, 667 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Ахрэмавіцкі, Далёкаўскі, Друйскі, Дрысвяцкі, Зарацкі, Казянскі, Мяжанскі, Опсаўскі, Плюскі, Слабодкаўскі, Цяцеркаўскі.

Большая ч. раёна занята Браслаўскай градой, на Пд — Дзісенская нізіна (частка Полацкай нізіны). Паверхня ўзгорыстая і раўнінная. Пераважаюць выш. 130—160 м, найвыш. пункт 210 м. Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -6,8 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 554 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рака Зах. Дзвіна і яе прытокі Дзісна (з Дрысвятай) і Друйка. Больш за 200 азёр (каля 10% пл. раёна). Вылучаюць Браслаўскую групу азёр. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 22,8% тэр. раёна (асобныя масівы: Богінскі, Відзаўская лясная дача, Друйская лясная дача і інш.); лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя. У межах раёна нац. парк Браслаўскія азёры. Помнікі прыроды: дуб-патрыярх у в. Опса, біягрупа лістоўніцы сібірскай каля в. Ахрэмаўцы, Слабодкаўская (озавая) града.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 98,5 тыс. га, з іх асушана 23 тыс. га. На 1.1.1995 у раёне 20 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну, з тэхнічных — лён. Конегадоўля. Зверагадоўля. Пчалярства. Рыбаводства. Прадпрыемствы харч. (вытв-сць малочных, мясных, рыбных кансерваў; агародніна-сушыльны з-д), лёгкай (ільновалакно, швейныя вырабы), паліўнай (тарфяны брыкет) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў (піламатэрыялы, цэгла). На тэр. раёна канцавы пункт чыг. Варапаева—Друя; аўтадарогі ад Браслава на Шаркаўшчыну, Друю, Паставы, Даўгаўпілс (Латвія). У раёне 16 сярэдніх, 19 базавых і 11 пач. школ, 2 ПТВ, 31 дашкольная ўстанова, 35 б-к, 41 клуб, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 31 фельчарска-амбулаторны пункт, санаторый «Браслаў», турысцка-экскурсійны комплекс «Браслаўскія азёры». Арх. помнікі: Петрапаўлаўскі касцёл (1929) і царква (1908) у в. Дрысвяты; вадзяны млын канца 18 — 1-й пал. 19 ст. ў в. Зарачча; вянковы двор (1909) і Мікалаеўская царква (1905) у в Іказнь; царква пач. 20 ст. ў в. Кірыліна; Пакроўская царква пач. 20 ст. ў в. Мінкавічы, касцёл маці Божай Анёльскай пач. 20 ст. ў в. Мяжаны; касцёл пач. 20 ст. і сядзіба (1904) у в. Опса; касцёл пач. 20 ст. ў в. Плюсы; касцёл Сэрца Ісуса (1903) у в. Слабодка. Выдаецца газ. «Браслаўская звязда».

М.М.Брылеўскі.

т. 3, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)