БЯЛЯ́К,

губа авечая, хрушч (Albatrellus ovinus), шапкавы базідыяльны грыб з роду альбатрэлус сям. скутыгеравых. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў Аўстраліі. На Беларусі трапляецца ў хвойных лясах (пераважна ў старых ельніках). Расце групамі, зросткамі і адзіночна.

Шапка дыям. 5—10 см, пукатая, потым пляскатая, гладкая або слабатрэшчынаваталускаватая, белая, часта са светла-жоўтымі плямамі. Мякаць шчыльная, сырападобная, белая або крыху жаўтаватая, з грыбным пахам і смакам, пры высыханні жаўцее. Ножка даўж. 3—4 см, аднаго колеру з шапкай. У маладым узросце ядомы грыб (спажываецца свежы, сушаны).

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕЕПРЫМЕ́ТНІК,

неспрагальная дзеяслоўная форма з асаблівасцямі дзеяслова і прыметніка. Абазначае дзеянне як прыкмету або ўласцівасць прадмета, што выяўляюцца ў часе. У сучаснай бел. мове Дз. захоўвае дзеяслоўнае кіраванне, мае формы незакончанага і закончанага трывання («сушаны», «высушаны»), цяперашняга і прошлага часу («утвараючая», «высахлая»), залежнага і незалежнага стану («засеянае», «засеяўшае»), а таксама роду, ліку і склону, якія выражаюцца тымі самымі грамат. сродкамі (канчаткамі), што і ў прыметніках. Дз. цяперашняга часу ўтвараюцца суфіксамі «-уч-(-юч-)», «-ач-(-яч-)» і «-ом-(-ем-)», «-ш-(-ым-)»; прошлага часу — суфіксамі «-ўш-», «-ш-», «-л-», «-н-(-ен-, -ан-, -ян-)» i «-т-». Яны могуць мець поўную і кароткую форму («збудаваны» — «збудован»).

Літ.:

Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968. С. 54—61;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.П.Шуба.

т. 6, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)