Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́СЬКАЎСКІ СКАРБ,
манетны скарб, знойдзены ў в. Мароські Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. ў 1971. Скарб ухаваны ў 1655—56. У гліняным гаршку знаходзіліся білонныя і сярэбраныя манеты ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Шведскай Прыбалтыкі, Курляндыі, Брандэнбурга, Прусіі, герцагстваў Цешын і Сучава, Іспанскіх Нідэрландаў, Рэспублікі Злучаных Правінцый, з якіх вядомы 5682 экз. Адзін з найбуйнейшых грашовых скарбаў 17 ст., выяўленых на Беларусі. Зберагаецца ў Мінскім абл. краязн. музеі.
т. 10, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКАВІ́НА,
гістарычная назва (з 15 ст.) тэрыторыі, якая ўключае сучасную Чарнавіцкую вобл. Украіны (Паўн. Букавіна) і вобл. Сучава ў Румыніі (Паўд. Букавіна). У 10—11 ст. у складзе Кіеўскай Русі, у 12—13 ст. у Галіцка-Валынскім княстве, з сярэдзіны 14 ст. ў Малдаўскім княстве, з 16 ст. ў Турцыі, з 1774 у Аўстра-Венгрыі. У ліст. 1918 Букавіна адышла да Румыніі. У жн. 1940 Паўн. Букавіна, асн. насельніцтва якой украінцы, уключана ў склад Украіны.
т. 3, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
дзяржава, якая існавала ў 14—19 ст. на сумежных тэр. сучасных Румыніі, Малдовы і Украіны, паміж Усх. Карпатамі і р. Днестр. Узнікла ў 1-й пал. 14 ст. як васальнае княства Венгрыі ў даліне р. Малдова (цяпер тэр. Румыніі), у 1359 пры гаспадару (князю) Багдане І стала фактычна незалежным. З 1387 фармальна васал Польшчы. З канца 14 ст. ўключала гіст. вобласці Малдова, Букавіна і Бесарабія. Сталіцы — гарады Бая, Сучава (з канца 14 ст.), Ясы (з 2-й пал. 16 ст.). Дзярж. мова слав., з 17 ст. малдаўская. Падзялялася на Верхнюю і Ніжнюю «землі» і на малыя акругі (цынуты). Улада гаспадара была абмежавана баярскай думай (дыванам). Да 1552 у М.к. правілі нашчадкі Багдана I, у 1552—1629 гаспадароў выбіралі баяры. З пач. 16 ст. М.к. — васал Турцыі, якая адарвала ад яго і непасрэдна ўключыла ў склад сваіх уладанняў паўд. ч. Бесарабіі з гарадамі Бендэр, Кілія, Белгарад-Днястроўскі. Тур. султан зацвярджаў, а з 1629 прызначаў і пазбаўляў прастола малд. гаспадароў (у 1711—1821 выключна прадстаўнікоў грэч. знаці — фанарыётаў). У выніку рус.-тур. войнаў 18—19 ст. тур. панаванне ў М.к. аслаблена. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну, у 1812 да Расіі адышла Бесарабія. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 Расія вярнула М.к. паўд.-зах. ч. Бесарабіі. У 1859—62 М.к. аб’ядналася з Валахіяй у адзіную дзяржаву Румынію. Гл. таксама раздзелы Гісторыя ў арт. Румынія і Малдова (рэспубліка).
т. 10, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)