Сухана

т. 15, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ДЗВІ́НСКАЯ ВО́ДНАЯ СІСТЭ́МА,

штучны водны шлях на тэр. Валагодскай вобл. Расіі, які злучае Волга-Балтыйскі водны шлях (Шэкснінскае вадасх.) з р. Сухана (бас. р. Паўн. Дзвіна). Пабудаваны ў 1828, перабудаваны ў 2-й пал. 19 і пач. 20 ст. Складаецца з участкаў рэк Поздышка, Іткла, Парозавіца і Сухана і 7 азёр, у т. л. воз. Кубенскае, з якога выцякае р. Сухана. Даўж. ад прыстані Дзевяты (Волга-Балтыйскі водны шлях) да вытоку р. Сухана 130 км; 7 шлюзаў.

т. 12, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ДЗВІНА́,

рака ў Валагодскай і Архангельскай абласцях Расіі. Даўж. 744 км, пл. басейна 357 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў рэк Сухана і Юг (каля г. Вялікі Усцюг). Да вусця р. Вага цячэ ў шырокай даліне, падзяляецца на рукавы, потым даліна рэзка звужаецца і пасля ўпадзення р. Пінега зноў разбіваецца на рукавы, якія збіраюцца ў адзіны паток каля г. Архангельск. Ніжэй г. Архангельск пачынаецца дэльта (пл. каля 900 км²). Асн. прытокі: Вычэгда, Пінега (справа), Вага (злева). Сярэдні гадавы расход вады каля с. Усць-Пінега 3330 м³/с. Ледастаў ад канца кастр.пач. ліст. да пач. мая. Уплыў марскіх прыліваў да вусця р. Пінега. П.​Дз. злучана праз р. Сухана, воз. Кубенскае і інш. з Волга-Балтыйскім водным шляхам (Паўночна-Дзвінская водная сістэма), праз р. Пінега — з р. Кулой. У бас. П.​Дз. больш за 17 тыс. азёр. Суднаходная, сплаўная. На П.​Дз. — гарады Вялікі Усцюг, Красавіна, Котлас, Навадзвінск, Архангельск.

т. 12, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ У́СЦЮГ,

горад у Расіі, цэнтр раёна ў Валагодскай вобл., на р. Сухана. Вядомы з 1212. 47,5 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Рачны порт. Аэрапорт. Суднабудаванне і суднарамонт (грузавыя цеплаходы, баржы, краны, буксірныя лябёдкі і інш.), металаапр., лёгкая (шчацінна-шчотачная, швейная, гарбарна-галантарэйная і інш.), дрэваапр. (вытв-сць фанеры, мэблі, буд. матэрыялаў), харч. прам-сць. Краязнаўчы музей.

Шматлікія помнікі архітэктуры надаюць гораду маляўнічасць і непаўторнасць (цэрквы Ушэсця і Спаса-Праабражэнская, саборы Міхаіла-Архангельскага і Троіца-Гледзенскага манастыроў, усе 17 ст., царква Дзмітрыя Салунскага, 1700—08, і інш., будынкі ў стылі барока і класіцызму). З 17 ст. Вялікі Усцюг — цэнтр маст. рамёстваў: прасечанае жалеза, рознакаляровая эмаль, сярэбраная філігрань, акоўка бляхай з малюнкам («мароз на блясе»), чаканка. З 18 ст. развіваецца велікаусцюжскае чарненне па серабры.

Да арт. Вялікі Усцюг. Царква Ушэсця. 1648.
Да арт. Вялікі Усцюг. Спаса-Праабражэнская царква. 1689—96.

т. 4, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАГДА,

горад у Расіі, цэнтр Валагодскай вобл. 293 тыс. ж. (1994). Прыстань на р. Волагда. Чыг. вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (тралёвачныя машыны, станкабудаванне, вытв-сць аптычна-мех. сістэм, падшыпнікаў, электраапаратуры і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, драўніна дзелавая, дамы з дрэва; вытв-сць фанеры, кардону, мэблі), хім. (каніфоль, фарбы), паліўная (торфапрадукты), лёгкая (вытв-сць ільновалакна; швейная, трыкат., абутковая, футравая), харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (жалезабетонныя зборныя канструкцыі, цэгла сілікатная і керамічная). Здабыча нафты. 3 ВНУ. 2 т-ры. 5 музеяў. Традыцыйнае пляценне карункаў.

Упершыню ўпамінаецца ў 1147. Засн. наўгародцамі на волаку, які злучыў басейны рэк Сухана і Шэксна. Да канца 14 ст. ўладанне Ноўгарада, потым у Маскоўскім вял. княстве, гандл. і рамесны цэнтр Расіі. У 1565 пачата буд-ва цаглянага крамля (не завершана). У 1612 Волагда моцна разбурана ў час польска-швед. інтэрвенцыі. З 1708 у складзе Архангельскай губ., з 1719 цэнтр правінцыі, з 1780 Валагодскага намесніцтва, з 1796 губерні. У 1820-я г. засн. промысел карункапляцення. У канцы 19 — пач. 20 ст. праз Волагду пракладзена чыгунка, якая злучыла горад з Масквой, Архангельскам, Пецярбургам і Вяткай. З 1937 цэнтр Валагодскай вобл. У царскія і сав. часы месца паліт. ссылкі.

На тэр. старога цэнтра Волагды — Архірэйскага двара, абкружанага мураванымі сценамі і вежамі (1671—75), размешчаны Сафійскі сабор (1568—70, размалёўкі 1686—88), 8-гранная званіца (1654—59, перабуд. ў 19 ст.), 2-павярховыя палаты Казённага прыказа (1659), 3-павярховыя палаты Іосіфа Залатога (1764—69), Васкрасенскі сабор (1772—76; цяпер карцінная галерэя). Шматлікія цэрквы ў стылі «ўзорачнай» (Канстанціна-Яленінская царква, каля 1690) і «нарышкінскай» (царква Стрэчання на набярэжнай, 1731—35, і інш.) архітэктуры. На ўскраіне горада Спаса-Прылуцкі манастыр (16—17 ст.). З 1781 Волагда забудоўвалася паводле рэгулярнага плана невял. асабнякамі (пераважна ў стылі класіцызму) і драўлянымі дамамі, багата ўпрыгожанымі разьбой.

Літ.:

Вздорнов Г.И. Вологда. 2 изд. Л., 1978;

Сокровища земли вологодской: Фотоальбом. М., 1986.

Да арт. Волагда. Жылы дом. Канец 19 — пач. 20 ст.
Да арт. Волагда. Сафійскі сабор са званіцай.

т. 4, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)