САПРЫ́КІН (Уладзімір Аляксеевіч) (24.8.1916, в. Сухадол Ліпецкай вобл., Расія — 24.4.1990),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Грозненскае ваен. вучылішча (1941). Політэхн. ін-т у Таронта (Канада, 1950-я г.). У Вял. Айч. вайну з 1941 на 1-м Бел. фронце. Батальён на чале з капітанам С. 1—3.12.1943 у баях за в. Чырвоная Слабада Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. штодзень адбіваў па 10—12 контратак ворага; апынуўшыся ў шчыльнай аблозе ворага, С. выклікаў агонь сав. артылерыі на сябе; палічаны загінуўшым. Цяжка паранены трапіў у палон, з 1946 у Канадзе, за што з 1977 да 1992 сав. ўладамі быў пазбаўлены звання Герой Сав. Саюза. Перапахаваны на месца апошняга бою.

т. 14, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗЯЛО́ЎСКАЯ (Алена Паўлаўна) (18.7.1904, Варшава — 7.3.1971),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1953). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). З 1926 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Напачатку выконвала эпізадычныя ролі. Складаныя характарныя і драм. ролі выканала ў класічнай і сучаснай драматургіі: Агудалава, Гурмыжская, Барабошава («Беспасажніца», «Лес», «Праўда добра, а шчасце лепш» А.​Астроўскага), Глафіра, Таццяна Лугавая, Алена («Ягор Булычоў і іншыя», «Ворагі», «Мяшчане» М.​Горкага), Гертруда («Гамлет» У.​Шэкспіра), Панова («Любоў Яравая» К.​Транёва). Ролі ў бел. драматургіі: Юзэфа Тамашэўская («Ірынка» К.​Чорнага), Наталля Мікалаеўна («Проба агнём» К.​Крапівы), Клаўдзія Сухадол («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна). Стварыла камед., сатырычна вострыя вобразы: Дульская («Мараль пані Дульскай» Г.​Запольскай), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.​Гогаля) і інш. Мастацтва Р. вызначалася высокім майстэрствам, вял. сцэн. культурай.

Літ.:

Сяргейчык Ц. Алена Радзялоўская // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

У.​М.​Стэльмах.

А.П.Радзялоўская.
А.Радзялоўская ў ролі Гурмыжскай.

т. 13, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́НІН (Іван Аляксеевіч) (22.10.1870, г. Варонеж, Расія — 8.11.1953),

рускі пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1909). Продак пісьменніка Сымон Бунікоўскі ў 15 ст. перасяліўся з ВКЛ у Маскоўскае вял. княства, дзе і атрымаў прозвішча Бунін. У 1909—14 Бунін жыў за мяжой. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў (свае адносіны да бальшавіцкага рэжыму выказаў у дзённіку «Акаянныя дні», 1925—26). У 1920 эміграваў у Францыю. Літ. дзейнасць пачаў у 1887 як паэт. Вершы Буніна, вытрыманыя ў рэаліст. традыцыях рус. паэзіі 19 ст., процістаялі дэкадэнцкай лірыцы (зб-кі «Вершы 1887—1891 гг.», 1891; «Пад адкрытым небам», 1898; «Лістапад», 1901, Пушкінская прэмія 1903; «Вершы і апавяданні, 1907—1910», 1910). Першы зб. апавяданняў «На краі свету» (1897). У эміграцыі выдаў зб. паэзіі «Выбраныя вершы» (Парыж, 1929), 10 новых кніг прозы: «Ружа Іерыхона» (1924), «Сонечны ўдар» (1927), «Божае дрэва» (1931), «Цёмныя алеі» (1943) і інш., рэліг.-філас. трактат «Вызваленне Талстога» (1937). У кн. «Успаміны» (Парыж, 1950) — суб’ектыўна-крытычная характарыстыка М.​Горкага, А.​Блока, В.​Брусава, Г.​Ахматавай, С.​Ясеніна, У.​Маякоўскага і інш. Лаканічная мова, сціслая кампазіцыя, востры сюжэт, глыбокі псіхалагізм, пранікнёная лірычнасць апавядання — асн. рысы стылю Буніна. У ранніх апавяданнях («Танька», «Антонаўскія яблыкі») адлюстраваў голад і пакуты сялянства, распад патрыярхальнага жыцця селяніна і заняпад дваранскай Расіі. Творы 1910-х г. (паэма ў прозе «Вёска», 1910; аповесць «Сухадол», 1912; апавяд. «Вясёлы двор», «Захар Вараб’ёў», «Пустазелле», «Браты», «Пан з Сан-Францыска») з бязлітаснай маст. сілай раскрываюць тэму збяднення сялян, іх цемру і бяспраўе, працэс сац. і маральнага выраджэння памешчыцкай сям’і. Апавяданні 1920—30-х г. («Лапці», «Цёмныя алеі») прасякнуты матывамі і вобразамі, навеянымі настальгічнымі ўспамінамі пра радзіму, прысвечаны тэме трагічнага кахання (аповесць «Міцева каханне», 1925). У 1927—33 працаваў над сваім самым буйным творам — аўтабіягр. раманам «Жыццё Арсеннева» (Парыж, 1930, 1-е поўнае выд. Нью-Йорк, 1952), у якім адлюстраваў мінулае Расіі, сваё дзяцінства і юнацтва. Пераклаў на рус. мову «Песню пра Гаявату» Г.​Лангфела, містэрыі Дж.​Байрана «Каін», «Манфрэд», паэму А.​Тэнісана «Лэдзі Гадзіва», вершы А. дэ Мюсэ, Л. дэ Ліля, А.​Міцкевіча, Т.​Шаўчэнкі і інш. Нобелеўская прэмія 1933. На бел. мову творы Буніна перакладалі Я.​Скрыган, М.​Лужанін і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1965—67;

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1987—88;

бел. пер. — Выбранае. Мн., 1958;

Выбр. проза. Мн., 1992.

Літ.:

Афанасьев В. И.​А.​Бунин: Очерк творчества. М., 1966;

Волков А. Проза Ивана Бунина. М., 1969;

Михайлов О. Строгий талант: Иван Бунин: Жизнь, судьба, творчество. М., 1976;

Бабореко А. И.​А.​Бунин: Материалы для биографии с 1870 по 1917. 2 изд. М., 1983;

Лавров В. Холодная осень: Иван Бунин в эмиграции (1920—1953). М., 1989;

Муромцева-Бунина В.Н. Жизнь Бунина. М., 1989.

І.А.Бунін.

т. 3, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)