Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КЭ́ДА ДЖЭ́КА ПАЎСТА́ННЕ 1450—51,
узброенае выступленне сялян, рамеснікаў, часткі купцоў і дробных дваран супраць самавольства (у т. л. падатковага прыгнёту) улад Англіі. У ліку прычын паўстання была таксама незадаволенасць англічан паражэннямі краіны ў Стогадовай вайне 1337—1453 з Францыяй. Праходзіла пад лозунгамі зніжэння падаткаў, рэформы суда і адміністрацыі, адмены дыскрымінацыйнага «закону аб рабочых». Пачалося ў маі 1450 у раёне Грынвіча (графства Кент), у чэрв. ахапіла графствы Сусекс, Эсекс, Сурэй (каля 20 тыс. паўстанцаў). 18 чэрв. паўстанцы на чале з б. салдатам-ірландцам Джэкам (Джонам) Кэдам разбілі каралеўскія войскі каля Севенакса, 2 ліп. занялі Лондан. Аднак 5 ліп. скліканае заможнымі купцамі апалчэнне цэхаў пры падтрымцы гарнізона Таўэра выцесніла паўстанцаў з Лондана. 12 ліп. ў баі з урадавымі войскамі каля Льюіса (графства Сусекс) смяротна паранены Кэд; паўстанцаў узначаліў У.Пармінтэр (загінуў у пач. 1451). Асобныя паўстанцкія атрады супраціўляліся да 1454.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЛАСАКСО́НСКАЕ ЗАВАЯВА́ННЕ,
заваяванне Брытаніі паўн.-герм. плямёнамі англаў, саксаў, ютаў і фрызаў у 5—6 ст. Іх пірацкія напады на Брытанію з сярэдзіны 5 ст. змяніліся перасяленнем у прыбярэжныя раёны і ў глыб краіны. Нягледзячы на ўпартае супраціўленне брытаў і кельтаў, большая частка Брытаніі да канца 6 ст. была заваявана, а брыты знішчаны, заваяваны або выцеснены ў Шатландыю, Уэльс і на кантынент. Склаліся англасаксонскія каралеўствы Кент, Уэсекс, Сусекс, Эсекс, Усх. Англія, Нартумбрыя, Мерсія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РЫ СВО́ЙСКІЯ (Gallus),
птушкі атр. курападобных. Паходзяць ад дзікага банкіўскага пеўня, прыручаны каля 4 тыс. гадоў назад у Індыі. Пароды К.с. падзяляюць на яйцаноскія, мясныя і мяса-яечныя. На Беларусі з.яйцаноскіх парод гадуюць легорнаў, з мясных — карнуэльскіх курэй і плімутрокаў, з мяса-яечных — нью-гемпшыраў і аўстралорпаў. У асабістых гаспадарках гадуюць таксама пароды першамайскую, род-айленд, сусекс.
Маса яйцаноскіх парод да 2,2—3 кг, мясных — да 3,5—5, мяса-яечных — да 3—4 кг. К.с. нясуцца да 10 гадоў. Куры яйцаноскіх парод нясуцца 11—12 мес, мясных парод — да 9 мес у год. Маса яйца 55—65 г. Мяса бройлераў — дыетычны прадукт На прамысл. птушкафабрыках курэй кормяць сухімі камбікармамі, зернем (кукуруза, ячмень і інш.), рыбнай, мяса-касцяной, травяной мукой і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКАГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца гадоўляй с.-г. птушак (курэй, качак, гусей, індыкоў, цацарак і інш.) для атрымання яец, мяса, пер’я і пуху. Дае высокапажыўныя прадукты і каштоўную сыравіну для прам-сці. Харчовае значэнне маюць пераважна курыныя яйцы, для чаго гадуюць курэй яечнага кірунку. С.-г. птушка вылучаецца хуткаспеласцю, пладавітасцю, высокай аплатай адносна затрат на корм. Для атрымання 500—600 г яечнай масы неабходна менш за 2 кг, а на прыбаўку ў вазе 1 кг жывой масы — 2,5—3 кг поўнакаштоўнага корму.
П. ўзнікла каля 4—3 тыс.г. назад у Індыі. дзе пачалі гадаваць курэй, потым яна распаўсюдзілася на З і У. За некалькі стагоддзяў да н.э. у Еўропе гадавалі свойскіх курэй, гусей і качак. Індыкі прыручаны ў Амерыцы, у 16 ст. завезены ў Еўропу. Развіццё П. прывяло да з’яўлення высокапрадукц. культурных парод свойскай птушкі: сусекс і доркінг — пароды курэй (Вялікабрытанія), руанскія качкі і тулузскія гусі (Францыя), юрлаўскія галасістыя куры, халмагорскія і арзамаскія гусі (Расія). На Беларусі ў 19 ст. П. была малапрадукц. дадатковай галіной сельскай гаспадаркі. З 1930-х г. пачалося развіццё П. на калгасна-саўгасных фермах; заснаваны інкубатарна-птушкагадоўчыя станцыі, якія забяспечвалі фермы маладняком. З 1971 арганізаваны вытворчыя аб’яднанні па птушкагадоўлі.
У аснове інтэнсіфікацыі П. — паглыбленая спецыялізацыя і стварэнне буйных птушкагадоўчых прадпрыемстваў — птушкафабрык па вытв-сці яец, гадоўлі на мяса бройлераў (куранят, качанят, гусянят, індычат). Тэхналогія інтэнсіўнай П. ўключае некалькі варыянтаў атрымання прадукцыі: на фермах-рэпрадуктарах на працягу года атрымліваюць інкубацыйныя яйцы; на бройлерных ф-ках гадуюць мясны маладняк, забіваюць і апрацоўваюць птушку; на прадпрыемствах яечнага кірунку гадуюць рамонтных курэй для папаўнення статка. У буйных спецыялізаваных гаспадарках і аб’яднаннях галаўныя прадпрыемствы забяспечваюць астатнія гаспадаркі гібрыднымі куранятамі або пародным маладняком інш. відаў свойскай птушкі; прамысл. гаспадаркі або фермы гадуюць гэты маладняк на мяса або для камплектавання статка нясушак (пры вытв-сці яец); птушкакамбінаты гадуюць птушку, забіваюць, апрацоўваюць і рэалізуюць яе; на некат. камбінатах ідзе перапрацоўка яец на яечны парашок, мяса — на кансервы, а таксама выпрацоўваюцца пуха-пер’евыя вырабы. У яечнай П. шырока выкарыстоўваюцца ўнутрыпародныя групы, створаныя на базе курэй пароды легорн, у бройлернай вытв-сці — на базе курэй парод корніш і плімутрок. Аналагічныя пародныя групы існуюць у развядзенні гусей, качак, індыкоў. Пагалоўем свойскай птушкі найб. вызначаюцца (млн. галоў, 2000): Кітай (3420), ЗША (1720), Інданезія (1000), Бразілія (950), Мексіка (420), Індыя (382), Расія (350), Японія (296), Францыя (241), Іран (230). На Беларусі 30,6 млн. галоў птушкі, у т. л. 20,3 млн. галоў на с.-r. прадпрыемствах, 10,3 млн. галоў — у асабістых гаспадарках насельніцтва (2000). У вытв-сці мяса на долю птушкі прыпадае 10—11% (у 1999—10,7%), яйцаноскасць адна з найб. у свеце (241 яйка на нясушку за год). Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак атрымліваюць штогод каля 3,4 млрд. яец (у 1999—3395 млн. яец), з іх у калгасах і саўгасах каля 2,1 млрд. штук. Гадуюць таксама качак, гусей, індыкоў, цацарак, перапёлак. Ў 2000 пачалася ў невял. памерах эксперыментальная гадоўля страусаў. На Беларусі 39 птушкафабрык і 3 племзаводы, 5 племянных рэпрадуктараў (2000). Гл. таксама Куры свойскія, Гусі свойскія, Індыкі свойскія, Качкі свойскія.
Г.С.Смалякоў.
Да арт.Птушкагадоўля. Клетачнае ўтрыманне курэй на птушкафабрыцы.