Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПЕР... (ад лац. super зверху, над),
першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на размяшчэнне зверху, над чым-н. (напр., супервокладка); вышэйшую ступень якасці чаго-н., узмацненне дзеяння і пашырэнне магчымасцей (напр., суперартыкон, супермаркет, суперэліта); старшынство каго-н., узначальванне (напр., суперарбітр, суперпрэфект).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Супер Стар (сорт ружы) 9/170
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СУПЕРАРТЫКО́Н (ад супер... + артыкон),
перадавальная электронна-прамянёвая трубка з назапашваннем эл. зараду. Электронны відарыс з фотакатода пераносіцца хуткімі электронамі на двухбаковую мішэнь, дзе ствараецца патэнцыяльны рэльеф, адпаведны размеркаванню асветленасці аб’екта здымкі, счытваецца з другога боку мішэні павольнымі электронамі і атрыманы відэасігнал узмацняецца з дапамогай другасна-электроннага памнажальніка. Да 1970-х г. С. — адна з найб. пашыраных перадавальных тэлевізійных трубак. Замяняецца больш дасканалымі разнавіднасцямі відыкона, а таксама цвердацельнымі трубкамі з ПЗС-матрыцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНА-ВЫЛІЧА́ЛЬНЫ ЦЭНТР,
установа ці яе арганізацыйнае падраздзяленне для збору, назапашвання, апрацоўкі, захавання, пошуку і перадачы інфармацыі, забяспечанае тэлекамунікацыямі і ЭВМ. Выкарыстоўваецца ў аўтаматызаваных сістэмах кіравання, вытв-сці, навуцы, медыцыне, транспарце і інш.
І.-в.ц. маюць супер-, міні- і мікраЭВМ, аб’яднаныя ў лакальныя камп’ютэрныя сеткі, а таксама сродкі і метады для апрацоўкі вял. масіваў даных, доступу да розных інфарм. сістэм і рэгіянальных (тэрытарыяльных) і глабальных сетак (напр., да Інтэрнета). Адрозніваюцца складам абсталявання. характарам вырашальных задач, узроўнем аўтаматызацыі і інш.
На Беларусі распрацоўку і ўкараненне інфарм. тэхналогій і інфарм. забеспячэнне ўстаноў Нац.АН праводзіць навук.-інж. прадпрыемства «Інфармацыйныя тэхналогіі» ў складзе н.-д. аб’яднання «Кібернетыка» Нац.АН. Гл. таксама Вылічальная сістэма, Вылічальны цэнтр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ЦЭНТР Я́ДЗЕРНЫХ ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ (франц. Conseil Européen pour la Recherche Nucleaire; ЦЕРН),
міжнар.навук.-даследчая ўстанова 19 дзяржаў Еўропы (Аўстрыя, Вялікабрытанія, Іспанія, Італія, Францыя, ФРГ і інш.). Створана пры падтрымцы ЮНЕСКА у 1954 каля Жэневы (Швейцарыя, Францыя) для правядзення тэарэт. і эксперым. работ у галіне фізікі элементарных часціц (фізікі высокіх энергій). Мае 2 буйныя паскаральнікі элементарных часціц на сустрэчных пучках (калайдэры): супер пратонны сінхратрон на 450 ГэВ у пучку ў імпульсным рэжыме (з 1981) і вялікі электрон-пазітронны калайдэр на 90 ГэВ (з 1996). На іх базе будуецца самы буйны ў свеце паскаральнік — вялікі адронны калайдэр, разлічаны на энергію пратонаў да 5000 ГэВ у пучку (увод у дзеянне ў 2004). У распрацоўцы і стварэнні дэтэктарных сістэм для гэтага паскаральніка ўдзельнічаюць вучоныя розных н.-д. устаноў Беларусі ў адпаведнасці з дзярж. пагадненнем аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве з ЦЕРН (1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ПЕР-ЭВМ,
клас звышпрадукцыйных электронных вылічальных машын для рашэння складаных задач. Па сваіх магчымасцях параўноўваецца з мозгам чалавека.
Звышвысокая прадукцыйнасць дасягаецца ў асн. за кошт паралельнай архітэктуры: выкарыстання вял. колькасці універсальных і спецыялізаваных працэсараў, паралельнага праграмавання, хуткадзейных звышвялікіх інтэгральных схем. Шматпрацэсарная машына функцыянуе пад кіраўніцтвам адзінай аперацыйнай сістэмы. Хуткадзеянне залежыць ад раўнамернасці загрузкі працэсараў, арганізацыі схемы разлікаў (праграмнага забеспячэння). С.-ЭВМ выкарыстоўваецца для навук. мадэліравання, апрацоўкі вынікаў даследаванняў, фінансавай (напр., банкаўскай) інфармацыі, кіравання чыгункай ці інш.трансп. сістэмай, прагнозу надвор’я, праектавання лятальна-касм. апаратаў, ядз. і хім. рэактараў, рашэння задач газа- і гідрадынамікі, цепла- і масаабмену, энергетыкі, генетыкі чалавека, распазнавання вобразаў і інш.
На Беларусі і ў Расіі паводле праграмы «СКІФ» (галаўныя арг-цыі НДА «Кібернетыка» Нац.АН Беларусі і Ін-т праграмных сістэм Рас.АН) распрацавана С.-ЭВМ з хуткадзеяннем 20 млрд. аперацый з плавальнай коскай за секунду, дзе рэалізавана паралельная архітэктура і шэраг арыгінальных рашэнняў у апаратным і праграмным забеспячэнні, што дае магчымасць павышэння хуткадзеяння да трыльёнаў аперацый за секунду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБАВАЯ ЭЛЕКТРО́ННАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
электронная вылічальная машына, якая апрацоўвае інфармацыю, выяўленую ў лічбавай (дыскрэтнай) форме. Бываюць універсальныя і спецыялізаваныя; кіравальныя, персанальныя, кантрольныя; высокапрадукцыйныя (вялікія, супер-ЭВМ), сярэднія, малыя, міні- і мікра-ЭВМ (персанальныя ці ў складзе выліч. комплексаў). Структура машыны ў значнай ступені залежыць ад яе прызначэння.
Інфармацыя (лічбы, літары, спец. сімвалы) у Л.э.в.м. выяўляецца ў двайковай сістэме лічэння (прылады ўводу-вываду выкарыстоўваюць двайкова-дзесятковую, двайкова-васьмярковую ці інш. сістэму лічэння; гл.Код). Асн. яе аперацыя — складанне, да якога зводзяцца ўсе інш.арыфм. аперацыі. Рашэнне задач выконваецца па праграмеЭВМ, зададзенай у адпаведнасці з сістэмай каманд працэсара, які непасрэдна апрацоўвае інфармацыю; работа машыны зводзіцца да паслядоўнага выканання каманд такой праграмы, якую атрымліваюць у выніку трансляцыі пэўнай зыходнай праграмы, складзенай на выбранай мове праграмавання. У працэсе развіцця Л.э.в.м. прайшлі некалькі этапаў (пакаленняў), характэрнымі прыкметамі якіх з’яўляюцца архітэктура, структура, элементная і канструктыўная база, матэматычнае забеспячэнне, метады ўзаемадзеяння карыстальніка з машынай і інш. Сфарміраваліся 2 асн. кірункі ў развіцці Л.э.в.м.: стварэнне вял. высокапрадукцыйных машын для рашэння задач, дзе патрабуюцца магутныя выліч. рэсурсы, напр. для апрацоўкі даных геафіз. разведкі карысных выкапняў, мадэліравання аэракасм. сістэм, і максімальна набліжаных да карыстальніка персанальных ЭВМ. Гл. таксама Вылічальная тэхніка, Кіравальная вылічальная машына, Праграмаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЖА (Rosa),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 300 (па інш. звестках да 400) відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я і ў гарах тропікаў. Стараж. цэнтр вырошчвання Р. — Пярэдняя Азія, адкуль яна трапіла ў ант. Грэцыю. У культуры больш за 30 тыс. сартоў (характэрна міжвідавая гібрыдызацыя). На Беларусі 9 дзікарослых відаў (шыпшын) Найб. вядомыя Р.: Жэрара (R. scherardii), іржава-чырвоная (R. rubiginosa), майская, ці карычная (R. majalis), мяккая (R. mollis), сабачая (R. canina), скурысталістая (R. caesia), Юндзіла (R. jundzillii). Трапляюцца ў падлеску разрэджаных лясоў, хмызняках, па берагах рэк, каля агароджаў. На Беларусі інтрадукаваны Р.: калючая (R. pimpinellifolia), маршчыністая (R. rugosa), шматкветная (R. multiflora), шызая (R. glauca) і інш.
Лістападныя або вечназялёныя кусты, часам павойныя, выш. 15—200 см (некат. віды ўтвараюць пляцістыя галіны даўж. да 12 м). Лісце чаргаванае, непарнаперыстае з прырослымі да чаранка прылісткамі. Кветкі простыя ці махровыя, дыяметрам 1—16 см, пахучыя, розных колераў, адзіночныя або сабраныя ў парасонападобна-мяцёлчатыя суквецці. Плод — аднанасенны арэшак, змешчаны звычайна ў мясістым несапраўдным плодзе. Плады шыпшыны маюць у сабе разнастайныя вітаміны, напр., вітаміну С у іх амаль у 10 разоў больш, чым у цытрусавых, з іх атрымліваюць сіропы і вітамінныя канцэнтраты, жаўцягонны прэпарат халасас, з пладоў і пялёсткаў — варэнне, мармелад, пасцілу, цукеркі, з пладоў і каранёў — дубільныя рэчывы, фарбавальнікі, з пялёсткаў казанлыкскай ружы — ружавы алей і ружавую ваду для парфумерыі, касметыкі, кандытарскай і лікёра-гарэлачнай вытв-сці. Лек., харч., эфіраалейныя, тэхн., меданосныя і дэкар. расліны.