СУПЕРМА́РКЕТ (англ. supermarket),

буйны магазін самаабслугоўвання для продажу тавараў паўсядзённага попыту (пераважна харчовых). С. ўзніклі ў ЗША у 1930, пашырыліся з 2-й пал. 1940-х г. Могуць уваходзіць у склад сеткі магазінаў. Буйныя сеткі С. здольны атрымліваць значную эканомію ад маштабаў рэалізацыі і на групавой аснове з атрыманнем выгадных скідак і ўступак ад вытворцаў пры аптовай закупцы, і на ўзроўні асобных магазінаў за кошт выкарыстання капіталаёмкіх метадаў рознічнага гандлю. У Рэспубліцы Беларусь С. звычайна называюць універсамамі.

т. 15, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУПЕР... (ад лац. super зверху, над),

першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на размяшчэнне зверху, над чым-н. (напр., супервокладка); вышэйшую ступень якасці чаго-н., узмацненне дзеяння і пашырэнне магчымасцей (напр., суперартыкон, супермаркет, суперэліта); старшынство каго-н., узначальванне (напр., суперарбітр, суперпрэфект).

т. 15, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)