Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РТУ́ЦІ ХЛАРЫ́ДЫ,
злучэнні ртуці з хлорам: хларыд Hg2Cl2 (каламель) і дыхларыд ртуці HgCl2 (сулема). Бясколерныя крышт. рэчывы.
Каламель мае tпл 525 °C, шчыльн. 7150 кг/м³ (25 °C). Маларастваральная ў вадзе; не раствараецца ў этаноле, ацэтоне, дыэтылавым эфіры. Пры 400 °C, а таксама на святле раскладаецца на HgCl2 і ртуць. Выкарыстоўваюць для вырабу электродаў параўнання ў электрахіміі, як каталізатар у арган. сінтэзе, антысептык, Сулема мае tпл 280 °C, шчыльн. 5450 кг/м³. Раствараецца у вадзе (у растворы малекулы практычна не дысацыіруюць), этаноле, дыэтылавым эфіры, бензоле. На святле і ў паветры ў разбаўленых водных растворах раскладаецца з утварэннем Hg2Cl2 і хлорыстага вадароду. Выкарыстоўваюць для пратручвання насення, як моцны антысептык, каталізатар ў арган. сінтэзе, для сінтэзу ртуцьарган. злучэнняў і інш. Моцны яд.
т. 13, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫСЕПТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ, антысептыкі,
хімічныя рэчывы з процімікробным дзеяннем. Адрозніваюць антысептычныя сродкі з бактэрыястатычным (затрымліваюць рост і развіццё мікраарганізмаў) і бактэрыцыдным (знішчаюць мікраарганізмы) дзеяннем. Як антысептычныя сродкі ў медыцыне выкарыстоўваюцца для абеззаражвання ран, скуры, пры гнойна-запаленчых працэсах, для дэзінфекцыі ёд, хлор, пераксід вадароду, марганцавакіслы калій, сулема, спірты, карболавая кіслата і інш.; для кансервавання прадуктаў — воцатная, бензойная, саліцылавая кіслоты; для захавання драўніны, скуры, пластмасы, тэкст. вырабаў — фторысты натрый, медны купарвас, антрацэнавае, сланцавае масла і інш.
т. 1, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНІЛХЛАРЫ́Д, хлорысты вініл,
монахлорэтылен, найпрасцейшы хлоралкен, CH2=CHCl. Бясколерны газ з эфірным пахам, tкіп -13,8 °C, шчыльн. 983 кг/м³ (-20 °C), добра раствараецца ў эфіры, хлараформе, дыхлорэтане. Гаручы (т-ра загарання -61 °C), сумесь з паветрам (3,6—33% вінілхларыду) выбухованебяспечная. Лёгка далучае галагены, галагенавадароды і інш., полімерызуецца і суполімерызуецца. У прам-сці атрымліваюць гідрахлараваннем ацэтылену ў паравой фазе (каталізатар сулема на вугалі) ці дэгідрахлараваннем дыхлорэтану. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці полівінілхларыду і супалімераў з інш. вінільнымі злучэннямі.
т. 4, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)