БАЖКО́ (Алесь) (Аляксандр Цімафеевіч; нарадзіўся 22.10.1918, в. Даўгінава Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Вучыўся ў муз. ін-це імя С.Манюшкі ў Навагрудку (1936—38), Варшаўскай кансерваторыі (1938—39). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1955). Друкуецца з 1945. Аўтар аповесцяў «Перад вераснем» (1957) і «Позняе ворыва» (1963) пра жыццё працоўных Зах. Беларусі, паэм «Карвіга пакідае хутар» (1960), «Татры» (1963), «Блакітныя вербы» (1972), зб. вершаў «Суладдзе» (1975), кн. памфлетаў «Татальнае банкруцтва» (1973), вершаванай аповесці «Лясныя крушні» (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РАЧКІН (Аляксей Антонавіч) (н. 10.3.1940, в. Новая Слабада Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1962), Бел.-тэатр.маст.ін-т (1972). З 1975 (з перапынкам) выкладае ў Бел.АМ (у 1990—96 заг. кафедры). У 1982—86 гал. мастак Маст. фонду Беларусі. Тэматыка яго твораў прысвечана гіст. падзеям мінулага і сучаснасці, раскрывае багацце духоўнай культуры бел. народа. Для ранніх твораў характэрны рэаліст. манера адлюстравання ў спалучэнні з аб’ёмна-пластычным, рэльефным пісьмом і сімволіка-алегарычнымі матывамі. З 1990 творы набываюць характар фармалістычных кампазіцый з камбінаванай манерай выканання і ўмоўнай перадачай аб’ёму. Стварыў партрэты выдатных дзеячаў бел. гісторыі і культуры: «Цётка» (1976), «Пачатак. Францыск Скарына» (1978), «М.Гусоўскі» (1980), «Вераніка і Максім» (1981), «Рагнеда» (1982), «Кірыла Тураўскі» (1987), «Сымон Будны» (1989), «Канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега» (1994) і інш., серыю партрэтаў «Мае сучаснікі» (1980); філасофска-алегарычныя трыпціх «Размова аб вечнасці. Скарына і Парацэльс» (1989—90), цыкл твораў «Народныя легенды і паданні» (1990—91). Сярод тэматычных кампазіцый: «Мара пра палёт» (1974), «Жанчына з бульбай» (1975), «Гуканне вясны» (1976), «Чаканне» (1979), «Чароўныя арэлі» (1980), «Суладдзе» (1983), «Хто з вас без граху?» (1989), «Цяжар» (1991). Аўтар шматлікіх пейзажаў: «Адліга» (1974), «Дарога» (1976), «Абуджэнне» (1978), «Імкненне» (1979), «Рэчка Мнюта. Па мясцінах Я.Драздовіча» (1978) і інш. Чарнобыльская тэма адлюстравана ў творах «Планета Палын» (1987), «Хадора» (1989), «Маці Божая ахвяраў Чарнобыля» (1990), «Палеская мадонна» (1991) і інш. Да тэм бел. фальклору звярнуўся ў творах «Прывіды зімы», «Святаяннік» (абодва 1991), «Жывы куст», «Кароль птушак», «Начны прывід» (усе 1992). Эксперыментуе ў матэрыяле. Аўтар шматлікіх маляваных дываноў.
Л.Ф.Салавей.
А.Марачкін Канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега. 1994.