НАЎГАРО́ДСКАЯ СУ́ДНАЯ ГРА́МАТА,

судовы зборнік Наўгародскай феадальнай рэспублікі 15 ст. Яе юрыд. крыніцамі былі асобныя артыкулы Рускай праўды і мясц. права больш позняга паходжання. Асобныя нормы Н.с.г. пераклікаюцца з некаторымі нормамі Пскоўскай суднай граматы і суд. парадкамі Паўн.-Усх. Русі. Н.с.г. прысвечана судаводству і суд. ладу ў Вял. Ноўгарадзе. У ёй вызначаны кампетэнцыі суда архіепіскапа, пасадніка, тысяцкага, велікакняжацкага намесніка і цівуна, названы памеры суд. пошлін, разгледжаны розныя суд. казусы. Н.с.г. стала адной з крыніц Судзебніка 1497.

т. 11, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКО́ЎСКАЯ СУ́ДНАЯ ГРА́МАТА,

звод законаў Пскоўскай феадальнай рэспублікі, складзена на аснове асобных пастаноў пскоўскага веча, гасподы (баярскай рады), княжацкіх грамат, норм Рускай праўды і звычаёвага права. Адлюстроўвае найважнейшыя рысы сац.-эканам. і паліт. жыцця Пскоўскай зямлі ў 14—15 ст. П.с.г. строга ахоўвала права прыватнай уласнасці, асабліва феад. уласнасці на зямлю; рэгламентавала парадак афармлення правоў уласнасці на зямлю, ход разбору спрэчак аб зямлі; вызначала становішча сялян-ізорнікаў. Шмат артыкулаў прысвечана гандл.-рамесным адносінам (купля-продаж, заклад, дарэнне, пазыка, маёмасны і асабісты наём і г.д.). За паліт. і крымін. злачынствы належала пакаранне смерцю. У П.с.г. ёсць матэрыял пра характэрнае для Пскоўскай феад. рэспублікі зрошчванне свецкага і царк. кіраўніцтва апарата. П.с.г. — адна з найважнейшых крыніц Судзебніка 1497.

т. 13, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДЗЕ́БНІК 1497,

зборнік законаў Рус. дзяржавы, накіраваны на ліквідацыю яе феад. раздробленасці і стварэнне агульнарус. права. Яго крыніцамі былі Руская праўда, Пскоўская судная грамата, звычаёвае права, граматы і велікакняжацкія ўказы, перапрацаваныя дастасоўна да сац.-эканам. змен. Зборнік устанавіў адзіную сістэму дзярж. суд. органаў, вызначыў іх кампетэнцыю і супадпарадкаванне, рэгламентаваў суд. пошліны. Ён пашырыў кола ўчынкаў, якія прызнаваліся крымінальнымі [напр., крамола, «царкоўная тацба» (святатацтва), паклёп], увёў новыя паняцці злачынстваў і асабліва небяспечных злачынстваў, вышуковую форму працэсу. У якасці меры пакарання прадугледжвалася смяротная кара, лупцаванне (біццё бізуном у людных месцах, на таргах). Абмяжоўвалася права сервітутаў, павялічваліся тэрміны іскавай даўнасці ў адносінах да велікакняжацкіх зямель. Парушэнне межавых знакаў на велікакняжацкіх, баярскіх і манастырскіх землях каралася лупцаваннем, за тыя ж учынкі на сялянскіх землях — грашовым штрафам. Судзебнік увёў плату пажылога (карыстанне сядзібай) пры адыходзе селяніна ад феадала, устанавіў адзіны для ўсёй дзяржавы тэрмін пераходу сялян ад аднаго ўладальніка да другога — Юр’еў дзень.

т. 15, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)