Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПРАХАДНЫ́Я РЫ́БЫ,
экалагічная група рыб, для якой характэрна размнажэнне ў прэсных водах, кармленне (нагул) — у саланаватых водах перадвусцевых раёнаў мора. П.р. займаюць прамежкавае становішча паміж жылымі і прахаднымі рыбамі. На Беларусі да П.р. патэнцыяльна належаць лешч, сазан, сом, судак, чахонь, некат. сігі і інш., хоць яны пастаянна жывуць у прэснаводных унутр. вадаёмах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНА-РАЧНЫ́Я РЫ́БЫ,
віды рыб, аднолькава характэрныя для іхтыяфауны азёраў і рэк. Пашыраны па ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. На Беларусі 24 віды: акунь звычайны, аўсянка, бычок-падкаменшчык (гл.Падкаменшчыкі), верхаводка, вугор еўрапейскі, гарчак, гусцяра, джгір звычайны, жэрах, колюшкі (2 віды), карась, лешч, лінь, мянтуз, плотка, пячкур, сом звычайны, судак, уюн, краснапёрка, шчупак, шчыпоўка, язь. Большасць маюць прамысл. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКАЕ ПРЫМО́Р’Е,
кліматычны курорт на Украіне. На беразе Чорнага м. паміж гарадамі Феадосія і Судак. Ахаванасць гарамі ад паўн. і паўн.-ўсх. вятроў, клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу, з мяккай зімой, пераважна гарачым і сухім летам, працяглы купальны сезон (з чэрв. да сярэдзіны кастр.), пясчана-галечны пляж даўж. 3 км і інш. фактары спрыяюць клімата- і таласатэрапіі хвароб органаў дыхання (нетуберкулёзнага паходжання) і нерв., сардэчна-сасудзістых функцыян. расстройстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ,
гідралагічны заказнік у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Створаны ў 1979 як азёрны заказнік з мэтай захавання эталоннага па чысціні возера і яго насельнікаў. Пл. 950 га (1995). Размешчаны на ПнУ Свянцянскіх град, на водападзеле Балтыйскага і Чорнага мораў. Уключае воз. Белае ў бас.р. Шоша і прылеглую тэрыторыю ў межах вадазборнай плошчы. У возеры водзяцца лешч, судак, шчупак, акунь, краснапёрка, верхаводка; па берагах пасяленні баброў. Пашыраны мох фантыналіс — адзін з рэдкіх для Беларусі відаў воднай флоры (утварае плаваючыя дзярнінкі). На Пд пераважна хваёвыя лясы, на ПдЗ і З трапляюцца ельнікі. Лясістасць 90%. На ПнУ асобныя ўчасткі хваёва-яловых лясоў, уздоўж азёрнага берага курціны шэраалешнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЫБЛЕ́ННЕвадаёмаў,
выпуск у вадаёмы каштоўных відаў рыб для якаснага паляпшэння (рэканструкцыі) іх іхтыяфауны і павелічэння запасаў прамысл. рыб, а таксама з мэтай акліматызацыі рыб, арганізацыі іх нагляду. Зарыбляюць найчасцей вадаёмы, кармавыя рэсурсы якіх выкарыстоўваюцца няпоўнасцю. Для З. бяруць лічынак, сяголеткаў, гадавікоў, двухгодак, вытворнікаў. Іх гадуюць у сажалкавых і азёрна-таварных рыбных гаспадарках, рыбагадавальніках. Для З. вадаёмаў Беларусі выкарыстоўваліся: карась сярэбраны, сомік амерыканскі, стронга радужная, судак, сіговыя рыбы, амуры белы і чорны, таўсталобікі стракаты і звычайны. З 1956 вядзецца З. азёр вугром еўрапейскім. Азёрна-таварныя і сажалкавыя рыбныя гаспадаркі зарыбляюцца пераважна полікультурай (разам з карпам гадуюць шчупака, карасёў залатога і сярэбранага, сазана амурскага, таўсталобікаў, пелядзь і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНА-ТАВА́РНАЯ РЫ́БНАЯ ГАСПАДА́РКА,
арганізацыйна-гасп. форма вядзення рыбнай гаспадаркі на натуральных вадаёмах. Асн. задачы: максімальнае змяншэнне колькасці драпежных (шчупак і вял.акунь звычайны) і малакаштоўных рыб (не менш як 80% запасу); зарыбленне вадаёмаў каштоўнымі відамі рыб (сазан, карп, пелядзь, карась, амуры, таўсталобікі, судак, вугор еўрапейскі і інш.) у адпаведнасці з іх асаблівасцямі і падрыхтаванасцю; тэхн. і біял. меліярацыя; рацыянальны адлоў таварнай рыбы; арганізацыя барацьбы з браканьерствам, забруджваннем вадаёмаў прамысл. і быт. сцёкамі, ядахімікатамі і інш. Таварную рыбу вырошчваюць на натуральных і штучных кармах. На Беларусі існуе з 1970-х г. Выхад прадукцыі з 1 га воднай пл. зарыбленых вадаёмаў да 50—600 кг, незарыбленых 10—12 кг.
Лоўля рыбы ў Браслаўскай азёрна-таварнай рыбнай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУНЕПАДО́БНЫЯ (Perciformes),
самы шматлікі атр. касцістых рыб. Уключае 21 падатр., 150 сям., каля 1200 родаў, 6,5 тыс. марскіх і прэснаводных відаў (каля 40% ад агульнай колькасці ўсіх відаў рыб). У вадаёмах Беларусі 4 віды сям. акунёвых (акунь звычайны, судак, джгір звычайны, джгір-насар), па аднаму віду бычковых (бычок-пясчанік) і падкаменшчыкавых (падкаменшчыкі).
Даўж. 1 см—5 м, маса ад доляў грама да 900 кг. Маюць звычайна 2 спінныя плаўнікі з калючкамі; брушныя плаўнікі складаюцца з прамянёў (не болей як 6) і знаходзяцца пад груднымі або наперадзе іх. Плавальны пузыр не злучаны з кішэчнікам. Луска найчасцей ктэноідная. Ёсць шыпы на галаве, верхнія і ніжнія рэбры. Акунепадобныя з’явіліся ў верхнім меле, большасць сямействаў вядома з эацэну. Многія акунепадобныя — каштоўныя прамысл. рыбы, шэраг відаў разводзіцца ў акварыумах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРА́,
рака ў Турцыі, Грузіі і Азербайджане. Даўж. 1364 км, пл. басейна 188 тыс.км². Пачынаецца на Армянскім нагор’і ў Турцыі, да г. Тбілісі цячэ пераважна ў цяснінах, месцамі — у міжгорных катлавінах, ніжэй рэчышча падзяляецца на рукавы, даліна пашыраецца. Вышэй г. Мінгечаур у вузкай цясніне перасякае скалістую граду Баздаг, ніжняе цячэнне па Кура-Араксінскай нізіне, моцна меандрыруе, берагі нізкія, абвалаваныя. Упадае ў Каспійскае м., утварае дэльту (пл. 100 км²). Гал. прыток — Аракс. Сярэдні гадавы расход вады каля в. Хулур 270 м³/с. Сцёк наносаў да 21 млн.т за год. Выкарыстоўваецца для арашэння. Частка вады па канале перадаецца для абваднення р. Аракс. У дэльце рыбалоўства (сяўруга, бялуга, асетр, судак і інш.). Суднаходная ў ніжнім цячэнні. Зема-Аўчальская, Мінгечаурская і інш.ГЭС. На К. — гарады Горы, Тбілісі, Руставі (Грузія), Мінгечаур, Сабірабад (Азербайджан).