Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СУБ... (ад лац. sub пад), першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на знаходжанне ўнізе, пад чым-н., каля чаго-н. (напр., сублітараль, субмарына); падпарадкаванасць, падначаленасць (напр., субардынацыя); неасноўнае, пабочнае, меншае па розных параметрах за тое, што абазначана асновай слова (напр., субарэнда, субкультура).
т. 15, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБМАРЫ́НА (англ. submarine, ад суб... + лац. marina марская),
англамоўная назва падводнай лодкі.
т. 15, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБУРБАНІЗА́ЦЫЯ (ад суб... + лац. urbanus гарадскі),
працэс росту і развіцця прыгараднай зоны буйных гарадоў. У выніку С. адбываецца фарміраванне гарадскіх агламерацый. С. характэрны больш высокія тэмпы росту насельніцтва прыгарадаў і гарадоў-спадарожнікаў у параўнанні з цэнтрамі агламерацый.
т. 15, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБАРДЫНА́ЦЫЯ (ад суб... + лац. ordinatio прывядзенне ў парадак),
сістэма службовага падпарадкавання малодшых старшым, ніжэйшых органаў вышэйшым; у больш шырокім сэнсе — выкананне правіл службовай, у т. л. воінскай, дысцыпліны ва ўзаемаадносінах паміж рознымі па службовым становішчы і званні асобамі. Гл. таксама Табель аб рангах.
т. 15, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБДУ́КЦЫЯ (ад суб... + лац. ductio вядзенне, правядзенне),
падсоўванне пліт літасферы акіянічнай зямной кары і парод мантыі пад край інш. літасферных пліт (паводле гіпотэзы новай глабальнай тэктонікі). Суправаджаецца ўзнікненнем зон глыбакафокусных землетрасенняў (гл. Зона Беньофа) і актыўных вулканічных астраўных дуг. Гл. Тэктанічныя гіпотэзы.
т. 15, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБДАМІНА́НТА (ад суб... + дамінанта),
у музыцы, назва IV ступені гамы; у гармоніі — назва акордаў, што ўтвараюцца на гэтай ступені, а таксама функцыі, якая ўключае акорды на IV, II, II нізкай, VI ступенях. У танальна-функцыян. сістэме гармоніі выяўляецца ўзаемасувязь С. (пазначаецца лац. літарай S), тонікі (T), дамінанты (D).
Літ.:
гл. да арт. Гармонія, Лад, Танальнасць.
Т.А.Дубкова.
т. 15, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБЛІТАРА́ЛЬ (ад суб... + літараль),
зона марскога дна, прымеркаваная да шэльфа; размешчана паміж літараллю і батыяллю. Звычайна глыб. да 200 м. Часта С. абмяжоўваюць толькі зонай распаўсюджання донных раслін (да глыб. 40—150 м). С. — найб. прадукцыйная зона мора з вельмі багатай і разнастайнай фаунай і флорай (асн. прамысл. запасы марскіх прыдонных рыб, беспазваночных жывёл і раслін, шматлікія ігласкурыя, малюскі, чарвякі, ракападобныя).
т. 15, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБАРЭ́НДА (ад суб... + арэнда),
перадача арандатарам са згоды арэндадаўцы арандаванай маёмасці ў паднаём іншай асобе Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь дагавор С. не можа быць заключаны на тэрмін, які перавышае тэрмін дагавору арэнды. Адказным па дагаворы С. перад арэндадаўцам застаецца арандатар. Да дагавораў С. дастасоўваюцца правілы аб дагаворы арэнды, калі іншае не прадугледжана законам. Датэрміновае спыненне дагавора арэнды цягне за сабой і спыненне заключанага ў адпаведнасці з ім дагавора С. Субарандатар у гэтым выпадку мае права на заключэнне з арандатарам дагавора арэнды на маёмасць, якая знаходзілася ў яго карыстанні ў адпаведнасці з дагаворам С., у межах астатняга тэрміну С. на ўмовах, адпаведных умовам спыненага дагавора арэнды.
т. 15, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБКУЛЬТУ́РА (ад суб... + культура), падкультура,
паняцце, якое абазначае культуру пэўнай сац. групы, што адрозніваецца ўласнымі каштоўнасцямі, звычаямі і нормамі. Феномен С. з’яўляецца вынікам шматграннасці і складанасці культ. жыцця, неаднароднасці культуры і яе драблення ў працэсе дэмакратызацыі сацыякульт. рэальнасці. Праблему С. разглядаюць у некалькіх аспектах: як асобную арг-цыю людзей (найчасцей моладзі); як самаст. цэласнае ўтварэнне ўнутры афіц. культуры, якое вызначае стыль жыцця і мыслення яе носьбітаў і адрозніваецца сваімі звычаямі, нормамі, комплексам каштоўнасцей і інстытутамі; як сукупнасць негатыўных норм, каштоўнасцей і дзеянняў людзей, якія супярэчаць прынцыпам афіц. культуры (дэлінквентная культура); як трансфармаваная сістэма каштоўнасцей традыц. культуры, якая набыла своеасаблівую светапоглядную афарбоўку. Праблемамі С. займаліся О.Шпенглер, Х.Артэга-і-Гасет, А.Тофлер, М.Брэйк, А.Моль, Э.Шойх, Р.Швентэр і інш. Адрозніваюць С. нац., рэліг., гендэрныя, узроставыя і прафес., афіц., неафіц. і інш. У залежнасці ад адносін С. да агульнапрынятых у грамадстве норм і каштоўнасцей вылучаюць пазітыўную і негатыўную (контркультура) С. Паняцце С. дапамагае зразумець умовы дынамікі і фактары дыферэнцыяцыі і інтэграцыі культ. працэсу, якія адбываюцца пад уздзеяннем закону адзінства і разнастайнасці культуры.
Літ.:
Журавлева Н.Б. Молодежная субкультура. Гродно, 1999;
Токова Н.Ю. Молодежная субкультура. Могилев, 2000;
Schivendter R. Teorie der Subkultur. Frankfurt am Main, 1976.
С.М.Зень.
т. 15, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)