Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСАДАПАСА́ДАЧНАЯ МАШЫ́НА,
машына для пасадкі ў адкрыты грунт расады гароднінных, тэхн. (тытунь), эфіраалейных культур, чаранкоў пладова-ягадных культур і вусоў суніцы. Бываюць навясныя і прычапныя, 2-, 4- і 6-радковыя.
Маюць пасадачныя секцыі (апараты), сашнікі, каткі, паліўную сістэму, механізм прывода, стэлажы для расады і інш. У працэсе работы Р.м. ўтварае ў глебе баразну, падае ў яе расаду і ваду, закрывае каранёвую частку глебай і ўшчыльняе яе вакол расліны. Пашыраны 6-радковыя Р.м. з шырынёй захопу да 4,2 м. Для пасадкі сеянцаў і саджанцаў дрэвавых і хмызняковых парод выкарыстоўваюць лесапасадачныя машыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБАТЫЗАВА́НЫ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС (РТК),
сукупнасць тэхнал. абсталявання, прамысловых робатаў і сродкаў іх аснашчэння, якая функцыянуе аўтаномна. Структура РТК залежыць ад прызначэння, выбару абсталявання і робатаў, характару вытв-сці. Паводле віду тэхнал. працэсу адрозніваюць РТК для мех. апрацоўкі вырабаў, халоднай штампоўкі, коўкі, ліцця, прасавання пластмас, тэрмічнай апрацоўкі, зваркі, зборкі, кантролю і г.д. РТК для работы ў складзе гібкіх вытв. сістэм (напр., гібкі вытворчы модуль, дапоўнены прамысл. робатам) павінны аўтаматызавана пераналаджвацца.
Асн. крытэрый адбору тэхнал. абсталявання пры арганізацыі РТК — ступень яго аўтаматызацыі: яна павінна быць дастатковай, каб без значных канструкцыйных пераробак забяспечыць работу ў аўтам. рэжыме, а прамысл. робат — у макс. ступені змяншаць удзел чалавека ў выкананні аперацый. У сістэмах кіравання звычайна выкарыстоўваюць многапрацэсарныя прыстасаванні лічбавага праграмнага кіравання, якія даюць магчымасць лёгка і хутка прыстасоўваць РТК да змены ўмоў работы. Работа РТК характарызуецца аб’ёмам партый прадукцыі, якія могуць выпускацца без пераналадкі комплексу, і наменклатурай (пералікам) выпускаемых відаў прадукцыі.
Літ.:
Роботизированные производственные комплексы. М., 1987;
Белянин П.Н., Идзон М.Ф., Жогин А.С. Гибкие производственные системы. М., 1988;
Черпаков Б.И., Великович В.Б. Робототехнические комплексы. М., 1989;
Робототехника и гибкие автоматизированные производства. Кн. 1—9. М., 1986.
А.В.Самойленка.
Схемы рабатызаваных тэхналагічных комплексаў з прамысловым робатам: а — убудаваным у станок (1, 3 — сістэмы кіравання робата 4 і станка 2; 5 — тактавы стол); б — убудаваным у гібкі вытворчы модуль (1 — станок, 2 — робат, 3 — стэлаж з загатоўкамі і апрацаванымі дэталямі).