Мера стрымання (у праве) 1/492
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РА СТРЫМА́ННЯ ў крымінальным працэсе, прадугледжаныя законам меры працэсуальнага прымусу, якія ўжываюцца да абвінавачанага пры наяўнасці дастатковых падстаў лічыць, што ён можа схавацца ад следства або суда, перашкодзіць высвятленню ісціны па крымін. справе, займацца злачыннай дзейнасцю, а таксама для забеспячэння выканання прыгавору. Да М.с. ў бел. крымін. працэсе адносяцца: падпіска аб нявыездзе, асабістае паручыцельства або паручыцельства грамадскіх арг-цый і калектываў працоўных, узяцце пад варту, пад нагляд камандавання вайск. часцей (у адносінах да ваеннаслужачых), адданне непаўналетніх пад нагляд бацькоў або апекуноў. Узяцце пад варту робіцца толькі з санкцыі пракурора або па вызначэнні суда.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 10, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПІ́СКА АБ НЯВЫ́ЕЗДЗЕ,
адна з мер стрымання ў бел. крымінальным працэсе. Заключаецца ў адабранні ад падазронага або абвінавачанага абавязацельства не адлучацца з месца пражывання або часовага знаходжання без дазволу адпаведнай службовай асобы, якая праводзіць дазнанне, следчага, пракурора, суда. У выпадку парушэння гэтай меры да таго, хто даваў абавязацельства, можа быць ужыта больш строгая мера стрымання — пра што ён і папярэджваецца (арышт, зняволенне).
т. 11, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАЗРО́НЫ,
асоба, затрыманая па падазрэнні ва ўчыненні злачынства, а таксама асоба, якой абрана мера стрымання да прад’яўлення абвінавачання. Паводле крымін.-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, П. з’яўляецца ўдзельнікам крымін. працэсу, які ўступае ў працэсуальныя адносіны на стадыі ўзбуджэння крымін. справы і папярэдняга следства. У працэсуальным становішчы ён можа знаходзіцца толькі на працягу вельмі кароткага тэрміну (не больш за 3 сутак), пасля чаго павінна быць вырашана пытанне пра прад’яўленне яму абвінавачання і меры стрымання, калі для гэтага будуць законныя падставы.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РЫШТ (нямецкае Arrest ад лацінскага arrestum судовая пастанова),
1) у крымінальным працэсе мера стрымання; часовае пазбаўленне волі, узяцце пад варту абвінавачанага (падсуднага) паводле санкцыі пракурора або рашэння суда.
2) Арышт дысцыплінарны — мера дысцыплінарнага спагнання, якая ўжываецца да ваеннаслужачых і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў за наўмыснае парушэнне службовай дысцыпліны і інш. 3) Арышт адміністрацыйны — мера адміністрацыйнага спагнання, якое назначае раённы суд або суддзя за асобныя віды адміністрацыйных правапарушэнняў.
4) Арышт маёмасці — забарона распараджацца маёмасцю; прымусовая мера, якую выкарыстоўваюць органы следства і суда для забеспячэння цывільнага іску або канфіскацыі.
т. 2, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́Г, заклад,
1) у цывільным праве спосаб забеспячэння абавязацельстваў, які заключаецца ў перадачы даўжніком крэдытору грошай або інш. матэрыяльнай каштоўнасці, з вартасці якой крэдытор мае пераважнае права задаволіць сваё патрабаванне пры невыкананні даўжніком абавязацельства.
2) У крымін. працэсе шэрагу краін (у т. л. Расіі) — мера стрымання, што заключаецца ў грошах або каштоўнасцях, якія ўносяцца абвінавачаным (падазроным) у дэпазіт суда для забеспячэння яго яўкі да следчага, пракурора або ў суд. У выпадку ўхілення ад яўкі ўнесены З. спаганяецца ў даход дзяржавы.
3) З. выбарчы — у некаторых краінах (Вялікабрытанія, Францыя) грашовая сума, што абавязаны ўнесці кандыдат у дэпутаты прадстаўнічага органа пры рэгістрацыі сваёй кандыдатуры.
т. 6, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБЛІ́ ((Mably) Габрыэль Бано дэ) (14.3.1709, г. Грэнобль, Францыя — 23.4.1785),
французскі паліт. мысліцель і гісторык. Брат Э.Кандыльяка. Вучыўся ў езуіцкім каледжы і семінарыі, пазней адмовіўся ад духоўнай кар’еры. З 1742 на дыпламат. службе, з 1746 прысвяціў сябе навук. заняткам. Асн. ідэі М. выкладзены ў працах «Сумненні, якія прапануюцца філосафам-эканамістам адносна прыроднага і неабходнага парадку палітычных грамадстваў» (1768) і «Аб заканадаўстве, або Прынцыпы законаў» (1776). У сац.-філас. разважаннях М. зыходзіў з уласнага паняцця аб чалавечай прыродзе, лічыў, што менавіта добрыя пачаткі (спачуванне, удзячнасць) аб’ядноўваюць людзей у грамадства, а розум дыктуе пэўныя законы дзеля агульнага дабрабыту і стрымання чалавечага эгаізму. Адзінай крыніцай і носьбітам усялякай улады лічыў народ; яму належыць права змены тыранічнай улады з дапамогай любых сродкаў, у т. л. рэвалюцыі. Як прыхільнік эгалітарызму патрабаваў адпаведных законаў з мэтай устанаўлення сістэмы кіравання, якая б абараняла грамадства ад разбурэнняў. Прапаноўваў прыняць законы супраць раскошы, дзярж. падтрымкі гандлю і купецтва; выказваўся за абмежаванне багаццяў прыватных асоб, у т. л. землеўладальнікаў, адмаўляў гіст. рэгрэс і магчымасць вяртання ў «залаты век» — да першабытнага камунізму.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. произв. М.; Л., 1950;
Об изучении истории. О том, как писать историю. М., 1993.
В.І.Боўш.
т. 9, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)