Стрый

т. 15, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІМЕ́Й (Іван Васілевіч) (н. 5.10.1935, г. Стрый Львоўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне кібернетыкі і выліч. тэхнікі. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1990). Скончыў Маскоўскі інж.-фізічны ін-т (1964). З 1974 у Гомельскім ун-це. Навук. працы па камп’ютаметрыцы, кіраванні выліч. працэсам у ЭВМ і выліч. сістэмах, тэхналогіі імітацыйнага эксперыменту на ЭВМ, праектным мадэліраванні тэхнал. працэсаў дыскрэтнай вытв-сці, чыг. транспарту і буд-ва.

Тв.:

Функционирование вычислительных систем: (Измерение и анализ). М., 1979;

Имитационное моделирование на ЭВМ. М., 1988.

т. 9, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

На 3 Украіны. Утворана 4.12.1939. Пл. 21,8 тыс. км2. Нас. 2730 тыс. чал. (1997), гарадскога 60%. Цэнтр — г. Львоў. Найб. гарады: Драгобыч, Чырванаград, Стрый, Самбар, Барыслаў.

Прырода. Л.в. размешчана ў межах Валынскага і Падольскага ўзв. На Пд — адгор’і Усх. Карпат (найвыш. пункт вобласці — г. Пікуй, 1406 м). Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны і буры вугаль, азакерыт, сера, калійная і кухонная солі, буд. матэрыялы. Крыніцы мінер. вод (больш за 100) і тарфяная лек. гразь. Клімат умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -4 °C да -6 °C, ліп. 13—18 °C. Ападкаў ад 650 мм да 1000 мм (у гарах) за год. Гал. рэкі: Днестр, Зах. Буг (бас. р. Вісла), Стыр (бас. р. Прыпяць). Глебы пераважна шэрыя і цёмна-шэрыя ападзоленыя, дзярнова-падзолістыя, перагнойна-карбанатныя, у далінах рэк алювіяльна-лугавыя. Каля ​1/3 тэрыторыі займаюць лясы (дуб, граб, бук, хвоя); горныя лугі, балоты. Запаведнік Расточча.

Гаспадарка. Шматгаліновая эканоміка Л.в. мае індустр.-агр. характар. На долю прам-сці прыпадае больш за 75 валавога прадукту. Паліўна-энергет. базу складаюць мясц. вуглі (Львоўска-Валынскі бас.), нафта (раёны Барыслава, Драгобыча і інш.), прыродны газ (Дашава, Рудкі). Дабратворская ДРЭС і шэраг ЦЭЦ. Развіты машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтамабіле-, станка- і прыладабудаванне, вытв-сць с.-г. машын, паліграф. абсталявання, радыётэхнікі), нафтаперапр., хім., нафтахім. і хіміка-фармацэўтычная (вытв-сць сернай кіслаты, лакаў, фарбаў, серы, калійных угнаенняў, штучнага валакна, фармацэўтычных прэпаратаў), харч. (цукр., мясная, малочная, плодаагароднінакансервавая, алейна-тлушчавая, кандытарская), лёгкая (тэкст., трыкат., швейная, абутковая, скургалантарэйная), паліграф., дрэваапр., у т.л. мэблевая, і цэлюлозна-папяровая прам-сць.

Вытв-сць буд. матэрыялаў, у т.л. цэменту, шкляных вырабаў, у т.л. хрусталю, фарфора-фаянсавага посуду. Маст. промыслы (вышыўка, разьба па дрэве, вытв-сць ганчарных і шкляных вырабаў, дываноў). С.-г. ўгоддзі займаюць 1174 тыс. га, у т.л. ворныя землі 815 тыс. га (1997). Вял. масівы асушаных зямель (каля 500 тыс. га). Пасевы збожжавых (пшаніца, жыта, ячмень), тэхн. (цукр. буракі, лён-даўгунец) культур, бульбы, агародніны. Садоўніцтва. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна-, птушка-, авечка- і козагадоўля. Пчалярства. Даўж. чыгунак 1309 км. Асн. чыгункі: Чоп—Стрый—Львоў—Кіеў, Ужгарад—Самбар—Львоў, Львоў—Івана-Франкоўск—Чарнаўцы. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,7 тыс. км (1997). Па тэр. вобласці праходзяць нафтаправод «Дружба» і газаправоды «Брацтва», Дашава—Кіеў і інш. Бальнеалагічныя і бальнеагразевыя курорты: Трускавец, Любень-Вялікі, Моршын, Няміраў, Шкло. Цэнтр турызму і гарналыжнага спорту — Слаўскае.

В.М.Сасноўскі.

т. 9, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НА-ФРАНКО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на З Украіны. Утворана 4.12.1939. Да 1962 Станіслаўская вобл. Пл. 13,9 тыс. км2. Нас. 1467 тыс. чал., гарадскога 44% (1996). Цэнтр — г. Івана-Франкоўск. Найб. гарады: Каламыя, Калуш, Надворная, Даліна.

Прырода. Каля ​1/2 тэр. займаюць Украінскія Карпаты, ёсць адасобленыя масівы Чарнагора (г. Гаверла, выш. 2061 м), Чыўчын і Грыняўскія горы; вызначаецца таксама перадгорнае Прыкарпацце, а на ПнУ раўніны Аполле і Пакуцце. Карысныя выкапні: нафта, газ, калійная і спажыўная солі, азакерыт, буры вугаль, буд. матэрыялы. Мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C да -9 °C (у гарах), ліп. ад 19 °C да 16 °C (у гарах). Гадавая колькасць ападкаў ад 500 да 1400 мм. Гал. рэкі: Днестр (з прытокамі Свіча, Ломніца, Луква, Быстрыца, Свірж) і Прут (з прытокам Чарамош). Глебы шэрыя лясныя, бурыя горна-лясныя і горна-лугавыя. Лясы займаюць каля 45% тэр. вобласці; на раўніне дубова-грабавыя, у перадгор’ях букавыя і букава-піхтавыя, вышэй хвойныя, з выш. 1400 м высакагорныя лугі (паланіны). Карпацкі прыродны парк, частка Карпацкага запаведніка.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (нафта, газ, калійная соль, сера), маш.-буд. і металаапрацоўка (ліцейныя аўтам. лініі, мех. прэсы, прыборы, машыны для жывёлагадоўлі, эл.-тэхн. і нафтавае абсталяванне), хім. і нафтахім. (калійныя ўгнаенні, метал. магній, хім. сродкі аховы раслін, фарбавальнікі), нафта- і газаперапрацоўка, лясная і дрэваапр. (лесанарыхтоўчая, мэблевая), лёгкая (баваўняная, швейная, абутковая), харчовая (цукр., спіртавая, мясная, масласыраробчая), буд. матэрыялаў. Маст. промыслы (разьба па дрэве, інкрустацыя, ткацтва, вышыўка, вытв-сць дываноў). Бурштынская ДРЭС, Калушская ЦЭЦ. С.-г. ўгоддзі займаюць 535 тыс. га, у т.л. пад ворывам 414 тыс. га. Пасевы пшаніцы, ячменю, жыта. Вырошчваюць лён-даўгунец, цукр. буракі, кармавыя культуры, бульбу, агародніну Пладаводства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, авечка- і птушкагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Львоў—Івана-Франкоўск, Івана-Франкоўск—Чарнаўцы, Івана-Франкоўск—Рахаў, Івана-Франкоўск—Стрый, аўтадарогі Івана-Франкоўск—Львоў, Івана-Франкоўск—Каламыя—Чарнаўцы, Івана-Франкоўск—Дзяляцін—Рахаў, Івана-Франкоўск—Мукачава—Ужгарад і інш. Турызм. Кліматычныя курорты: Ярэмча, Варохта, Косаў, Крэменцы; бальнеагразевы курорт Чэрчэ.

В.М.Сасноўскі.

т. 7, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)