ПЛАФО́Н (ад франц. plafond столь) у мастацтве, столь, упрыгожаная жывапісам ці лепкай; твор манум.-дэкар. мастацтва, які аздабляе перакрыцце (плоскае, скляпеністае ці купальнае) памяшкання. Выконваецца непасрэдна па тынку (фрэска або размалёўка алейнымі, клеявымі і інш. фарбамі), на прымацаваным да столі палатне, мазаікай і інш. спосабамі. Вядомы ў Стараж. Егіпце, ант. свеце. На Беларусі сюжэтныя і арнаментальныя П. пашыраны ў 17 — пач. 19 ст. у дэкар. аздабленні культавых і парадных палацавых памяшканняў (Нясвіжскі касцёл езуітаў). Для тагачасных плафонных кампазіцый характэрна выкарыстанне эфекту ілюзорнага прарыву ў адкрытую ці прадоўжаную далей арх. прастору, выявы фігур і арх. дэталей у моцных ракурсах. У 1950-я г. выкарыстоўваліся ў манум. грамадскіх збудаваннях (П. ў фае т-ра юнага гледача ў Мінску, маст. І.Ахрэмчык, І.Давідовіч).
Т.В.Габрусь.
Плафон «Геба і Арфей» у Кітайскім палацы ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл.Плафон цэнтральнага нефа ў Нясвіжскім касцёле езуітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТВОРАПО́МПА,
стацыянарная або перасоўная машына для перапампоўвання будаўнічых раствораў (гал. чынам тынкавальных) да месца выкарыстання. Растворы транспартуюцца плунжэрнай помпай па верт. трубаправодзе на выш. да 40 м, па гарыз. да 200 м. Р. выкарыстоўваецца і для нанясення тынкавальнага слоя з дапамогай фарсунак на сцены і столь, нагнятання раствораў у поласці швоў пры рамонце будынкаў, тунэляў, буравых свідравін, а таксама пры нанясенні ізаляцыйных масцік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРА́ГА,
тып вежы, адметны цыклапічнай муроўкай. Пашыраны на в-ве Сардзінія з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. да захопу яго Рымам. Уяўляюць сабой умацаваныя жытлы і культавыя месцы. Н. расшыраюцца кнізу, звычайна маюць 2 паверхі. Кожны яе ярус — акруглы пакой, часам з бакавымі памяшканнямі, столь утвараецца ступеньчатым скляпеннем. Многія Н. былі абкружаны дамамі. Выкарыстоўваліся як абарончыя збудаванні, з імі таксама звязаны некропалі Сардзініі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДКАЯ РЫ́ФМА, вышуканая рыфма,
рыфма, у якой сугуччы спалучаюць словы, вельмі розныя паводле сэнсу і стылявой афарбоўкі («цэлафан» — «цалаваў», «красой» — «расол»). Разнавіднасць Р.р. — экзатычная рыфма. Да Р.р. адносяцца тыя, у якіх спалучаны сугуччамі абрэвіятуры, варварызмы, лічбы:
Адціснуты зоркі пад самую столь,
І неба ў арэнду гарою забрана.
Узровень над морам — 3100.
Тут наша застава.
Тут землі Ірана.
(П.Панчанка. «Слухаючы «Перапёлку»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКІ МАНАСТЫ́РСКІ ШПІТА́ЛЬ,
помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1759 у г.п. Асвея (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.) пры манастыры міласэрных сясцёр. П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам. Планіроўка ў цэнтр. частцы калідорная, у крылах галерэйная. Першапачатковая планіроўка зменена ў 1928—29, часткова збераглася ў левым крыле з паўпадвальным паверхам. Калідор перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках, паўпадвал — цыліндрычнымі скляпеннямі, у астатніх памяшканнях столь плоская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ЦКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1929 у в. Дрысвяты Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. (арх. Л.Вітан-Дубейкаўскі). Мае рысы стылю мадэрн.
Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай алтарнай апсідай, бабінцам і сакрысціямі накрыты дахам складанай формы. Гал. фасад вылучаны высокай 5-яруснай вежай-званіцай, уваход аформлены падчэнямі на 4 мураваных слупах. Сцены ашаляваны дошкамі, вокны арачныя і круглыя. Інтэр’ер падзелены 8 слупамі на З нефы. Столь кесаніраваная, з арнаментальнай размалёўкай. Над бабінцам — хоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ША (ад франц. niche гняздо) у архітэктуры, паглыбленне ў сцяне будынка ці збудавання для пластычнага ўзбагачэння фасадаў і інтэр’ераў, аблягчэння канструкцыі, устаноўкі статуй, ваз і інш. Бываюць прамавугольныя, лучковыя, арачныя, круглыя, паўцыркульныя, складанай формы, без абрамленняў або ўпрыгожаныя прафіляванымі архівольтамі, сандрыкамі і інш. Н. ў ваеннай справе — заглыбленне ў сценцы акопа, траншэі і інш. для захоўвання боепрыпасаў, харчавання, аховы ваеннаслужачых ад паражальных сродкаў і непагоды. У слабых грунтах сценкі і столь Н. часам абшываюць дошкамі ці падручным матэрыялам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЯПЛЯ́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады для абагравання памяшканняў (ацяплення), разнавіднасць награвальных прылад. Найбольш пашыраны ацяпляльныя прылады, да якіх падаецца цепланосьбіт — вада (вадзяное ацяпленне), пара (паравое ацяпленне) або паветра (паветранае ацяпленне). Да іх адносяць радыятары, канвектары, каларыферы, прылады панэльнага або плінтуснага тыпу і інш. Ёсць ацяпляльныя прылады, дзе спальваюць газ (газавае ацяпленне) або эл. энергія пераўтвараецца ў цеплавую (электрычнае ацяпленне; звычайна выкарыстоўваецца як дадатковае). У сістэмах прамянёвага ацяплення функцыі ацяпляльных прылад выконваюць сцены, столь, падлога або спец. панэлі (паверхні награвання ствараюцца пры размяшчэнні ў гэтых канструкцыях тонкіх трубаў, эл. кабелю, паветраводаў і каналаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры неарускага стылю. Пабудавана ў Гродне ў пач. 20 ст. Мураваная 12-калонная 3-нефавая базіліка. Над прытворам 10-метровая 8-гранная шатровая званіца з цыбулепадобным купалком на барабане. Абапал званіцы — невял. шатры з купаламі. Над алтарнай апсідай 5 цыбулепадобных купалаў на 8-гранных барабанах. Гал. фасад храма сіметрычны. Вокны паўцыркульныя з какошнікамі. Перад уваходамі — высокія ганкі, упрыгожаныя разнымі трохвугольнымі навісямі і калонкамі. Бабінец мае мазаічную падлогу. Плоская стольасн. аб’ёму ўпрыгожана 3 размаляванымі плафонамі. Інтэр’ер аздоблены разным драўляным алтаром, размалёўкай.
латышскі жывапісец. Засл. дз. маст. Латвіі (1963). Нар. мастак Латвіі (1973). Нар. мастак СССР (1977). Чл.-кар.АМСССР (1975). Вучыўся ў Латв.АМ (1949—56) і выкладаў там з 1960 (праф. з 1973, рэктар у 1974—76). У творах 1950—60-х г., выкананых у строгай, пластычна выразнай манеры, імкнуўся да абагульненай інтэрпрэтацыі тэмы працы («Мужы вяртаюцца», «Гаспадары зямлі», «Мазолістыя рукі»; за дзве апошнія Дзярж. прэмія Латвіі 1965; «Бессмяротнасць»). У 1970-я г. ствараў пейзажы, карціны на быт. тэмы, якія вылучаліся энергічнай манерай пісьма і святланосным каларытам («Ля мора», «Аратыя» і інш.). Размаляваў столь у Музеі тэатр.т-ваг. Талсы (1973).
Э.Ілтнер. Размалёўка столі ў Музеі тэатральнага таварыства г. Талсы, Латвія. 1973.