Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМО́НТ СТА́ТКА,
сістэма мерапрыемстваў па адборы, вырошчванні і ўводзе ў статак маладых жывёл. Праводзіцца з мэтай павелічэння статка, паляпшэння яго прадукцыйнасці, замены жывёл. Маладняк, які выкарыстоўваюць для Р.с., называюць рамонтным. Пры адборы рамонтнага маладняку ўлічваюцца пародныя і прадукц. якасці бацькоўскай пары, паказчыкі асабістага развіцця (хуткасць росту, устойлівасць да хвароб і інш.). У малочнай жывёлагадоўлі штогод для Р.с. пакідаюць не менш як 30% цялушак і праводзяць адбор пасля першага ацёлу. У свінагадоўлі штогод для Р.с. на адну асн. матку вырошчваюць адну рамонтную, якіх выбракоўваюць пасля першага апаросу. У авечкагадоўлі для папаўнення статка штогод пакідаюць 25—30% маладняку.
П.Ф.Драбышэўскі.
т. 13, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАКО́ЎКА СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ ЖЫВЁЛ,
выдаленне са статка жывёл, не прыдатных для ўзнаўлення або далейшага гасп. выкарыстання. Праводзіцца штогод з мэтай паляпшэння статка. Аб’ёмы залежаць ад кірунку гаспадаркі, віду і ўзросту жывёл, інтэнсіўнасці іх выкарыстання. Напр., штогод бракуюць 20—25% кароў, 20% цялушак у малочных статках, 20—30% дарослых свіней у племянных гаспадарках, 70% свінак у перыяд дарошчвання, да пераводу іх у групу асн. матак. Выбракаваных жывёл перад забоем ставяць на адкорм. Племянных жывёл бракуюць пры баніціроўцы, у таварных статках — у розныя тэрміны (буйн. раг. жывёлу звычайна ўвосень перад пастаноўкай на стойлавае ўтрыманне, авечак — у 2-й пал. лета пасля адымання ягнят).
т. 3, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАСТУШО́К»,
старадаўні бел. нар. танец, заснаваны на пастухоўскіх гульнях. Муз. памер 2/4. Тэмп умераны. Характар танца вясёлы, заўзяты. Танцоры імітуюць паводзіны статка. Пастушок, які ўмела валодае пугай, прымушае ўсіх падпарадкавацца яго волі. Зафіксаваны ў 20 ст. ў в. Наркі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. І.Серыкавым.
Л.К.Алексютовіч.
т. 12, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РВІС-ПЕРЫ́ЯД,
перыяд ад ацёлу каровы да наступнага яе апладнення (ад заканчэння адной і да пачатку наст. цельнасці). Паказчык плоднасці жывёл і арганізацыі ўзнаўлення статка. Аптымальная працягласць С.-п. ў малочных парод 2—2,5 месяца, што дазваляе штогод атрымліваць прыплод ад кожнай каровы. Павелічэнне С.-п. можа прывесці да перагулу і ялавасці.
т. 14, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯАРЫЕНТА́ЦЫЯ (ад бія... + арыентацыя),
здольнасць жывёльных арганізмаў вызначаць сваё месца ў прасторы, сярод асобін таго ж ці іншых відаў, выбіраць аптымальнае становішча ў адносінах да фактараў асяроддзя і вызначаць біялагічна мэтазгодны напрамак руху.
Біяарыентацыя — адна з умоў прыстасавання (адаптацыі) арганізмаў да асяроддзя пражывання. Ажыццяўляецца на аснове біялакацыі (успрымання вонкавых уздзеянняў паверхняй цела або органамі пачуццяў) і эхалакацыі рэхалакацыі шляхам змены стану арганізма ў адпаведнасці з умовамі асяроддзя (марфафізіял. адаптацыя), змены месцаў існавання (міграцыя жывёл), утварэння статка, чародаў або будовы прыстанішчаў. У вышэйшых жывёл біяарыентацыя набывае характар складаных інстынктаў, якія ляжаць у аснове біянавігацыі.
т. 3, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУД-БА́ФАЛА (Wood Buffalo),
нацыянальны парк на ПнЗ Канады, адзін з найбольшых у свеце. Засн. ў 1922 з мэтай аховы адзінага ацалелага на Зямлі статка лясных бізонаў. Пл. каля 4,5 млн. га. Размешчаны на лясістай, месцамі забалочанай раўніне, паміж азёрамі Атабаска і Вял. Нявольніцкім. Гаі таполі і рэдкія пералескі нізкарослых елак, банксава хвоя, зрэдку на тарфяніках амер. лістоўніца. Наяўнасць мяккіх драўнінных парод абумоўлівае вял. шчыльнасць паселішчаў бабра і значную колькасць лася; інш. млекакормячыя: амер. зайцы, бурундуковая вавёрка, звычайныя дрэвавы дзікабраз і скунс. Сярод птушак шмат каўнерыкавых рабчыкаў, граўсаў, трапляюцца пералётныя пуначкі, сарокі, канюкі, амер. кедраўкі, канадскія кукшы. У лясных балотах ахоўваюцца гняздоўі знікаючага віду — белага амер. жураўля.
т. 4, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКАФА́БРЫКА,
буйное вузкаспецыялізаванае прадпрыемства птушкагадоўлі па вытворчасці яец і мяса на прамысл. аснове. Тэхнал. працэс вытв-сці харчовых яец, акрамя штучнай інкубацыі, ўключае гадоўлю маладняку, утрыманне бацькоўскага і прамысл. статка. Цэхі гадоўлі маладняку і ўтрымання курэй-нясушак на П. (выкарыстоўваюцца сістэмы падлогавага, клетачнага і на сеткавай падлозе ўтрымання) абсталяваны клетачнымі батарэямі з аўтам. падачай вады, мех. раздачай кармоў, уборкай гною, зборам яец. У яйцасховішчах працуюць машыны па сартаванні, ачыстцы і ўкладцы яец, у забойных цэхах — канвееры для перапрацоўкі птушкі, у кормапрыгатавальных цэхах — машыны для прыгатавання камбікармоў. Буйныя П. працуюць у ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Венгрыі, Чэхіі, Польшчы, Балгарыі і інш. краінах. На Беларусі 39 П. і 3 племзаводы (2000).
Г.С.Смалякоў.
т. 13, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРАСПЕ́ЛАСЦЬ раслін і жывёл,
здольнасць да хуткага росту і развіцця. Вызначаецца раннім дасягненнем стану спеласці, у раслін — біял. і гасп., у жывёл — фізіял. палавой, гасп. і інш. З’яўляецца спадчыннай прыкметай, уласцівай пэўным культурам (салата, радыс радыска*, шпінат), сартам (аўса — Эрбграф; грэчкі — Чарнаплодная, Аніта Беларуская; бульбы — Беларуская ранняя, Дзецкасельская, Прыгожая-2, Адрэта, Дабро; капусты — Скараспелка-3, цыбулі — Янтарная, Стрыгуноўская мясцовая; агуркоў — Крынічка, Кустовы-98, Шчодры-118, Зграбны; памідораў — Талахін-186, Даходны, Марынадны; кабачкоў — Белаплодны), пародам (буйн. раг. жывёлы — абердзін-ангуская парода, герэфордская парода, джэйсерская парода, швіцкая парода; свіней — эстонская беконная, брэйтаўская, лівенская; трусоў — савецкая, шыншыла, серабрысты трус, чорна-буры трус, каліфарнійскі мясны; мяса-воўнавыя пароды авечак; цяжкавозныя пароды коней). Залежыць ад умоў вырошчвання раслін, кармлення і ўтрымання жывёл. Мае эканам. значэнне — больш прадукцыйна выкарыстоўваецца зямля, паскараецца ўзнаўленне і абарот статка, дасягаецца лепшая аплата кармоў.
т. 14, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ФОНД,
сукупнасць паляўнічых жывёл, што жывуць у стане прыроднай свабоды, таксама выпушчаных у паляўнічыя ўгоддзі з мэтай узбагачэння іх фауны ці развядзення. Выкарыстанне і ахова П.дз.ф. рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету», палажэннямі аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі і інш. нарматыўнымі актамі. Здабыча ласёў, аленяў высакародных, дзікоў, казуль, баброў, выдры, глушцоў вядзецца па разавых дазволах з паляўнічымі пуцёўкамі, астатнія віды паляўнічых жывёл — па паляўнічых пуцёўках. Здабычу дзікіх жывёл плануюць на кожны каляндарны год і паляўнічы сезон з улікам рацыянальнага выкарыстання запасаў і захавання матачнага пагалоўя, здольнага забяспечыць макс. аднаўленне статка. Выдаецца таксама дазвол на адлоў ці адстрэл дзікіх жывёл у навук. мэтах. Штогод праводзіцца ўлік колькасці паляўнічых жывёл. Для павелічэння колькасці і відавога складу праводзяцца мерапрыемствы па выпуску ў паляўнічыя ўгоддзі фазанаў, качак і інш. У П.дз.ф. не ўваходзяць дзікія жывёлы, якіх гадуюць на фермах, у гадавальніках, заапарках, вальерах і інш.
П.І.Лабанок.
т. 12, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)