ПАНФЁРАЎ (Фёдар Іванавіч) (2.10.1896, с. Паўлаўка Ульянаўскай вобл., Расія — 10.9.1960),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Саратаўскім ун-це (1923—25). З 1931 (з перапынкамі) гал. рэдактар час. «Октябрь». Друкаваўся з 1918. Раман «Брускі» (т. 1—4, 1928—37; па матывах рамана нап. п’есу «Жыццё», 1939; кінасцэнарый «У пошуках радасці», 1940) пра калектывізацыю ў прыволжскай вёсцы. Тэме Вял. Айч. вайны прысвечаны аповесці «Сваімі вачамі» (1941), «Рука пацяжэла» (1942), трылогія: раманы «Барацьба за мір» (1945—47, Дзярж. прэмія СССР 1948), «У краіне пераможаных» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Вялікае мастацтва» (2-і варыянт 1954). Аўтар трылогіі «Волга-матухна рака» (1953—60), аповесцей «Роднае мінулае» (1956), «Сказанне пра Паволжа» (1957), п’ес «Мужыкі» (1924), «Бунт зямлі» (1926), кн. нарысаў «Берагавая быль» (1926), апавяданняў, літ.-крытычных артыкулаў і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі М.​Багун, Т.​Кляшторны.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1986;

Бел. пер. — Брускі. Ч. 1—2. Мн., 1932;

Цвёрдым поступам. Мн., 1932.

Літ.:

Стогнут А.С. Ф.​И.​Панферов. 2 изд. Киев, 1969;

Федор Панферов: Воспоминания друзей. 2 изд. М., 1977;

Панферов А.И. Мой старший брат. Саратов, 1986.

т. 12, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́НАХ (Cranach) Лукас Старэйшы

(1472, г. Кронах, Германія — 16.10.1553),

нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у бацькі. У 1505—50 працаваў пераважна ў Вітэнбергу пры двары курфюрстаў Саксонскіх. Рэнесансавыя маст. прынцыпы спалучаў з элементамі гатычнай традыцыі. Ранняя творчасць развівалася ў 2 кірунках: аднаму былі ўласцівы трагізм і жыццёвасць вобразаў, дынамізм і асіметрыя кампазіцый (партрэт Ганны Куспініян, 1502—03, і інш.), напружанасць і экспрэсіўнасць каларыту («Галгофа», каля 1500; «Укрыжаванне», 1503); другі вызначаўся ідылічнасцю і паэт. успрыняццем прыроды, якая ў яго карцінах набыла раўнапраўнасць з асн. сюжэтам («Адпачынак на шляху ў Егіпет», 1504). Апошні кірунак паслужыў у вял. ступені асновай станаўлення Дунайскай школы жывапісу. У перыяд работы ў Вітэнбергу канчаткова склаўся супярэчлівы творчы стыль К., у якім адлюстравалася складанасць эпохі. Гуманіст. ідэалы рэнесансавага мастацтва ўвасоблены ў «Алтары св. Кацярыны» (1506), «Княжацкім алтары» (1510), карцінах «Мадонна з дзіцем пад яблыняй» (пасля 1525), «Кардынал Альбрэхт Брандэнбургскі перад Укрыжаваннем» (каля 1520—25) і інш. Сяброўства з М.Лютэрам абумовіла з’яўленне ў творчасці К. работ, што адлюстравалі ідэі Рэфармацыі і стварылі першыя ўзоры пратэстанцкай іканаграфіі (гравюра «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1516, і інш.). У некат. творах ант. і біблейскай тэматыкі бачны ўплывы італьян. і нідэрл. мастацтва: «Венера і Амур» (1509), «Німфа адпачывае каля крыніцы» (1518), «Суд Парыса» (1529), «Юдзіф з галавой Алаферна» (каля 1530), «Венера» (1532), «Адам і Ева» (1533) і інш. Творчасць К. паўплывала на развіццё быт. жанру («Паляванне на аленяў», 1529; «Прадажнае каханне», 1532; «Фантан маладосці», 1546). Майстар партрэта (партрэты герцага Генрыха Набожнага Саксонскага, 1514; М.​Лютэра як юнкера Іорга, 1522; І.​Шойрынга, 1529; аўтапартрэт, 1550, і інш.). Графічным творам уласцівы выразнасць, напружанасць штрыха: «Святы Георг стаіць з двума анёламі» (1506), серыі «Страсці» (1509), «Апосталы» (каля 1515), ілюстрацыі да малітоўніка імператара Максіміляна (1515) і інш. Іл. гл. таксама ў арт. Германія.

Літ.:

Немилов А.Н. Л.​Кранах Старший: [Альбом]. М., 1973.

В.​Я.​Буйвал.

Л.Кранах. Святы Георг стаіць з двума анёламі. 1506.
Л.Кранах. Партрэт Ганны Куспініян. 1502—03.

т. 8, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)