ЯСЮЧЭ́НЯ Уладзімір Мікалаевіч (17.11.1925, в. Станькі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 12.3.1945),

бел. паэт. Загінуў на фронце ў Вял. Айч. вайну. Да вайны друкаваўся ў газ. «Піянер Беларусі». Пісаў пераважна лірычныя вершы, у якіх выяўляў юнацкія пачуцці, замілаванне роднай прыродай. Падборка яго вершаў апублікавана ў зб. «Дзень паэзіі — 80». Аўтар апавяд. «Бацькаў сын».

Літ.:

Гіль М. На дваццатай вясне // Дзень паэзіі — 80. Мн., 1980;

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. С. 194—195.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 18, кн. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СЦІКІ, Осцікавічы,

шляхецкі род герба «Трубы» («Тромбы») у ВКЛ. Найб. вядомыя:

Осцік (у каталіцтве Крысцін; ? — 1442 або 1443), родапачынальнік О. Паходзіў з заможнага баярскага роду з-пад Вільні. Да 1418 атрымаў пасаду кашталяна віленскага. Належаў да найб. уплывовых магнатаў ВКЛ. Меў некалькі сыноў, з якіх ад Станькі (Станіслава) пайшоў далейшы род О., ад Радзівіла — магнацкі род Радзівілаў. Рыгор Станькавіч (?—1519), унук Осціка, маршалак гаспадарскі ў 1492—94 і надворны ў 1494—1510, ваявода трокскі з 1510. Удзельнік вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—94. У бітве на Вядрошы 1500 трапіў у палон, вярнуўся ў 1509. Юрый Рыгоравіч (? — 1546 або 1547), сын Рыгора Станькавіча, маршалак гаспадарскі ў 1546. Станіслаў Рыгоравіч (?—1519), сын Рыгора Станькавіча, крайчы ВКЛ у 1517—19, ваявода полацкі ў 1519. Рыгор Рыгоравіч (мянушка Віршыла; ?—1557), сын Рыгора Станькавіча, крайчы ВКЛ у 1519—42, ваявода новагародскі ў 1542—44, кашталян віленскі з 1544. Юрый Юр’евіч (каля 1530—79), сын Юрыя Рыгоравіча, ваявода мсціслаўскі ў 1566—78 і смаленскі з 1578. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Рыгор Юр’евіч (каля 1535—18.6.1580), сын Юрыя Рыгоравіча, каралеўскі дваранін з 1569. У 1580 зняволены ў Вільні з-за падазроных кантактаў з рас. паслом, абвінавачаны ў дзярж. здрадзе, замаху на жыццё караля Стафана Баторыя і пакараны смерцю. На яго сыне Яне, суддзі земскім віленскім у 1606—09, род О. скончыўся.

т. 11, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)