Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МУР ((Moore) Станфард) (4.9.1913, г. Чыкага, ЗША — 23.8.1982),
амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША і Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў ун-т Вандэрбільда ў штаце Тэнесі (1935). Працаваў у Ракфелераўскім ін-це мед. даследаванняў у Нью-Йорку, Брусельскім, Кембрыджскім (Вялікабрытанія) ун-тах. Навук. працы па хіміі бялкоў. Распрацоўваў аналітычныя метады вызначэння амінакіслотнага саставу бялкоў. Выкарыстаў іонаабменную храматаграфію для хім. аналізу, сканструяваў амінакіслотны аналізатар. Высветліў першасную структуру ферменту рыбануклеазы. Нобелеўская прэмія 1972 (разам з К.Б.Анфінсенам, У.Х.Стайнам).
т. 11, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКАРА́ЛЬНІКІ ЗАРА́ДЖАНЫХ ЧАСЦІ́Ц,
устаноўкі для атрымання зараджаных часціц (электронаў, пратонаў, атамных ядраў, іонаў і інш.) высокіх энергій (больш за 1 МэВ) за кошт іх паскарэння ў эл. полі.
У 1919—32 развіццё П.з.ч. грунтавалася на атрыманні высокіх напружанняў і іх выкарыстанні для паскарэння зараджаных часціц. У 1931 створаны электрастатычны генератар (гл. Ван-дэ-Граафа генератар), у 1932 — каскадны генератар, што дазволіла атрымліваць патокі паскораных часціц з энергіяй да 10 МэВ. У 1931—44 распрацаваны рэзанансныя метады паскарэння часціц, пры якіх паскораныя часціцы шматразова праходзілі паскаральны прамежак і набіралі энергію пры адносна невял. паскаральным напружанні (гл. Цыклатрон). У 1940 пабудаваны цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў — бэтатрон. У 1950-я г. прапанаваны прынцыпы аўтафазіроўкі і моцнай факусіроўкі часціц, у выніку павялічыліся межы дасягальных энергій у цыклічных і лінейных П.З.Ч. Існуюць лінейны паскаральнік даўжынёй больш за 3 км, дзе электроны і пазітроны маюць энергію да 45 ГэВ (г. Станфард. ЗША); цыклічны паскаральнік з даўжынёй арбіты каля 27 км з энергіяй да 103 ГэВ (г. Жэнева, Швейцарыя); тэватрон паскарае пратоны і антыпратоны да энергіі 940 ГэВ (г. Батавія, ЗША). Развіццё паскаральнікаў звязана з павелічэннем энергій паскораных часціц, нарошчваннем іх інтэнсіўнасці (сілы току ў пучку) і працягласці імпульсу паскоранага пучка. Распрацоўваюцца новыя і ўдасканальваюцца метады паскарэння, дзе выкарыстоўваюцца звышправодныя матэрыялы ў магнітах і паскаральных сістэмах. аўтам. кіраванне, паскаральнікі 3 накапляльнымі кольцамі (гл. Паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі) і інш. Выкарыстоўваюцца для навук. мэт (нараджэння новых часціц, атрымання штучных нуклідаў, вывучэння ядз. рэакцый, для доследаў у радыебіялогіі, хіміі, фізіцы цвёрдага цела і інш.), а таксама ў металургіі (для дэфектаскапіі), дрэваапр. прам-сці (для хуткай высакаякаснай апрацоўкі вырабаў), харч. прам-сці (для стэрылізацыі прадуктаў), медыцыне (для прамянёвай тэрапіі, «бяскроўнай хірургіі» і інш.). Гл. таксама Фазатрон, Сінхрафазатрон.
Літ.:
Комар Е.Г. Основы ускорительной техники. М., 1975;
Лебедев АН., Шальнов А.В. Основы физики и техники ускорителей. 2 изд. М., 1991.
І.С.Сацункевіч.
т. 12, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)