АРТАДАНТЫ́Я [ад арта... + грэч. odus (odontos) зуб],

раздзел стаматалогіі, які вывучае дыягностыку, лячэнне, прафілактыку анамалій развіцця і дэфармацый зубоў, зубных радоў і сківіц у дзяцей і дарослых. Функцыянальныя расстройствы зубна-сківічнай сістэмы парушаюць дзейнасць і выклікаюць захворванні органаў стрававання і дыхання. Касметычныя недахопы і дэфекты мовы фарміруюць у дзяцей маўклівасць, замкнёнасць, што можа прывесці да адставання ў развіцці псіхікі. Лячэнне пачынаюць з ранняга ўзросту; адвучаюць дзіця ад шкодных звычак (ссанне пальца, языка, цацкі). Пры выражаных анамаліях зубна-сківічнай сістэмы выкарыстоўваюць артадантычныя апараты. Лячэнне ад некалькіх месяцаў да года і больш.

А.С.Арцюшкевіч.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАІ́ЛЬНЫ АПАРА́Т,

прызначаны для мех. даення кароў пад дзеяннем створанага пад саском вакууму. Складаецца з 4 даільных стаканаў (надзяюцца на саскі і высысаюць малако), калектара (размяркоўвае вакуум і збірае малако са стаканаў), пульсатара (пераўтварае пастаянны вакуум у пераменны), вядра (бітона) або малакаправода. Бываюць з 1- і 2-камернымі (найб. пашыраны) стаканамі, 2- і 3-тактавыя. Пераменнае разрэджванне перадаецца па шлангу ў даільныя стаканы, па другім малочным шлангу малако паступае ў калектар. Ёсць Д.а. з пульсатарам і калектарам, аб’яднанымі ў адзін вузел (маюць адзін сумешчаны шланг).

Даільны апарат: а — схема апарата (1 —даільны стакан, 2 — калектар, 3 — пульсатар, 4 — бітон); б — рабочыя цыклы двухкамернага даільнага стакана (1 — ссанне, 2 — сцісканне, 3 — адпачынак).

т. 6, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)