АРХІТЭУ́ЦЫС
(Architeuthis),
род гіганцкіх кальмараў атр. дзесяціногіх галаваногіх малюскаў. Каля 10 відаў. Узніклі прыкладна ў познім мезазоі, росквіту дасягнулі ў неагене. Самыя вял. беспазваночныя жывёлы. Найб. вядомы архітэуцыс — «даўгарукі спрут».
Даўж. са шчупальцамі дасягае 19 м, маса да 1 т і болей. Жывуць пераважна ў трапічных морах і акіянах. Цела верацёнападобнае. На галаве 8 «рук» і 2 шчупальцы. Яйцы адкладваюць на дно ці ў тоўшчу вады. Драпежнікі. Аб’екты промыслу. Мяса смачнае. Выкарыстоўваюцца таксама ў фармацэўтычнай прам-сці.
т. 1, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНАЎ Уладзімір Мікалаевіч
(н. 29.8.1939, в. Гародна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. графік і жывапісец. Скончыў Харкаўскі маст.-прамысл. ін-т (1971). Сярод ранніх твораў пераважаюць графічныя кампазіцыі, выкананыя ў традыц. жанрах: серыі літаграфіі «Зямля» (1977—79) і пастэлей «Горад майго дзяцінства» (1982). Трагічны лёс вёскі, узаемаадносіны чалавека і навакольнага асяроддзя, пытанні экалогіі ў творах «Чырвоны спрут» (1974), «Рытмы хіміі» (1976), «Вячэра на траве» (1979), «Трывожны сон птушкі» (1981), серыя «Мёртвая вёска» (1991—92). Успаміны аб вайне — у аснове кампазіцый «Памяці партызана» (1975), «Вяртанне. Прысвячаецца бацьку» (1985), стараж. Віцебску прысвечаны серыя «Мой горад» (1981), трыпціх «Сцёртыя рысы твару» (1985), «Стары горад» (1991). У творах 1990-х г. дамінуючае месца занялі ідэі хрысц. маралі, праблемы духоўнасці, клопат аб захаванні спадчыны, увасобленыя ў складаныя метафарычныя вобразы («Памяць», «Шлях да храма», «Прысвячэнне», «Паклон зямлі», «Пераможаны»).
М.Л.Цыбульскі.
т. 4, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)