Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 30.5—12.6.1930 у Мінску. Прысутнічала 356 дэлегатаў з рашаючым і 286 з дарадчым голасам ад 46 805 чл. і канд. у чл. партыі [разам з вайсковымі арг-цыямі; 39 256 чл. і канд. у чл. КП(б)Б). Парадак дня: даклады аб рабоце ЦК ВКП(б) (Дз.З.Мануільскі), ЦКК ВКП(б) (М.А.Трылісер); паліт. справаздача ЦК КП(б)Б (К.В.Гей); арганізац. справаздача ЦК КП(б)Б (І.А.Васілевіч); справаздача ЦКК КП(б)Б (А.Я.Калнін); даклады аб ходзе выканання 5-гадовага плана развіцця прам-сці (К.Ф.Бенек); аб калгасным руху і ўздыме сельскай гаспадаркі (М.М.Галадзед); аб задачах прафсаюзаў у рэканструкцыйны перыяд (І.П.Рыжоў); выбары кіруючых органаў партыі. З’езд прапанаваў ЦК і парт. арг-цыям: працягваць курс на індустрыялізацыю; умацоўваць калгасы і няўхільна павялічваць іх колькасць; выпраўляць памылкі і скрыўленні, дапушчаныя ў калгасным буд-ве; аднавіць разбураную нізавую сетку с.-г. кааперацыі; знайсці дадатковыя крыніцы забеспячэння прац. насельніцтва прадуктамі харчавання і рацыянальна выкарыстоўваць харч. рэсурсы. Умовамі паспяховага выканання намечанага курсу павінны былі стаць «бязлітасная барацьба» супраць правага апартунізму як гал. небяспекі на тым этапе развіцця, «левых» трацкісцкіх перагібаў, прымірэнства, усякіх ваганняў у нац. пытанні. Асаблівы акцэнт з’езд зрабіў на вынікі ідэолага-паліт. кампаніі супраць нацыянал-дэмакратызму і правага ўхілу, якая разгарнулася пасля праверкі ў маі—чэрв. 1929 камісіяй ЦКК ВКП(б) на чале з У.П.Затонскім практыкі нац. работы ў БССР. Многія дэлегаты ў сваіх прамовах заяўлялі, што настаў час разглядаць бел. нацыянал-дэмакратызм як гал.небяспеку для партыі. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 112 чл. і 62 канд., ЦКК КП(б)Б з 89 чл., Цэнтр. рэвіз. камісію КП(б)Б з 9 чл.
Літ.:
XIII з’езд Камуністычнай партыі (6.) Беларусі: Стэнагр. справаздача, 30 мая — 12 чэрвеня 1930 г. Мн., 1931;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 2. 1928—1932. Мн., 1984.
Р.П.Платонаў.
т. 15, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ПАРТ, у ВМФ рапо́рт (польск. raport ад франц. rapport паведамленне),
1) вусны або пісьмовы даклад ваеннаслужачага начальніку па службовых пытаннях. У выглядзе Р. афармляюцца таксама заявы, прапановы і асабістыя просьбы ваеннаслужачых. Ва Узбр. сілах Беларусі і шэрагу інш. краін парадак аддання (падання) Р. вызначаецца Статутам унутранай службы.
2) Справаздача аб выкананні задання або абавязацельства.
т. 13, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся ў Мінску 5—16.2.1929. Прысутнічала 356 дэлегатаў з рашаючым і 222 з дарадчым голасам ад 41 207 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздача ЦК КП(б)Б (Я.Б.Гамарнік); даклад Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Я.М.Кроль); справаздача ЦКК КП(б)Б (А.Я.Калнін); даклад аб пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР 1928/29—1932/33 (М.М.Галадзед); аб вярбоўцы рабочых у партыю і чыстцы КП(б)Б (І.А.Васілевіч); аб рабоце прафсаюзаў (І.П.Рыжоў); выбары кіруючых органаў КП(б)Б.
Гал. ідэя, што вызначыла ход з’езда і яго пастановы, — ідэя абвастрэння класавай барацьбы. Ставіліся задачы ўсямернага і няўхільнага павышэння ўдзельнай вагі прам-сці, асабліва буйной, калектывізацыі сельскай гаспадаркі з прыярытэтам калгаснай і саўгаснай формаў. Гал. разлік рабіўся на адм. пры мусовыя меры ў спалучэнні з маральнымі стымуламі, на энтузіязм, сацыяліст. спаборніцтвы і паліт. выхаванне. Курс на адзяржаўленне вытв-сці і размеркавання, выцяснення прыватнага капіталу з вытв-сці, фінансаў, гандлю, які выразна выявіўся ў 1926—27, набыў у рашэннях з’езда завершанае афармленне. Указвалася на неабходнасць павышэння тэмпаў ліквідацыі непісьменнасці, пашырэння сеткі школ, падрыхтоўкі маладых навук. сіл, якія выйшлі з пралет. асяроддзя. З’езд патрабаваў узмацніць барацьбу з праявамі шавінізму, нацыянал-дэмакратызму, нацыянал-ухілізму ў розных формах, што прыкрывала змену курсу ўсёй нац. палітыкі. Для БССР гэта азначала адмаўленне ад палітыкі беларусізацыі, якая праводзілася ў 1920-я гады. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 77 чл. і 57 канд., ЦКК з 76 чал., Цэнтр. рэвіз. камісію з 7 чал.
Літ.:
Стэнаграфічная справаздача XII з’езда КП(б)Б (5—14 лют. 1929 г.). Мн., 1929;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК Т. 2. 1928—1932. Мн., 1984.
А.С.Кароль.
т. 6, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КАНГРЭ́С 1944,
кангрэс Беларускай цэнтральнай рады (БЦР). Адбыўся 27.6.1944 у Мінску. Быў скліканы па прапанове прэзідэнта БЦР Р.Астроўскага з дазволу в.а. ген. камісара Беларусі К. фон Готберга. Прысутнічала 1039 дэлегатаў. Парадак дня: справаздача прэзідэнта БЦР праф. Астроўскага аб дзейнасці рады; выбары мандатнай камісіі і камісіі для апрацоўкі рэзалюцый; заслухванне рэферата М.Шкялёнка «Аб прызнанні за няважныя пастановы ўрада СССР і былое Польшчы, якія датычаць Беларусі, яе тэрыторыі і народу»; справаздача мандатнай камісіі (праф. Жарскі); заслухванне рэферата А.Калубовіча «Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою і аб Уневажанні маскоўскага голасу ў беларускіх справах»; прыняцце рэзалюцый і заключная прамова. Кангрэс прызнаў правільным рашэнне Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25.3.1918 аб канчатковым разрыве з бальшавіцкай Масквой і Рас. дзяржавай ва ўсіх яго формах, пацвердзіў, што голас Масквы і СССР у бел. справах не мае ніякай законнай сілы, прызнаў БЦР на чале з Астроўскім «адзіным праўным прадстаўніком Беларускага народа і ягонага краю». У сувязі з набліжэннем Чырв. Арміі кангрэс праходзіў у вял. спешцы. Значэнне кангрэса было важкім у асн. для амбіцый Астроўскага, які атрымаў ад дэлегатаў паўнамоцтвы на прэзідэнцтва БЦР, чым і карыстаўся да сваёй смерці.
А.М.Літвін.
т. 6, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЛАМПО́ВІЧ Павел Васілевіч (4.2.1884, в. Рагачы Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — ?),
бел. нумізмат. У 1920-х г. дырэктар Бел. дзярж. музея, чл. гісторыка-археал. і этнаграфічнай секцый Ін-та бел. культуры, выкладчык БДУ.
Тв.:
Справаздача Беларускага дзяржаўнага музея... // Асвета. 1925. № 3;
Праскія грошы ў беларускіх манетных скарбах // Гіст.-археал. зб. Мн., 1927. № 1;
Манетныя скарбы. знойдзеныя ў Беларусі, у зборах Беларускага дзяржаўнага музея // Там жа.
В.У.Скалабан.
т. 16, с. 551
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЬМЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся ў Мінску 5—12.4.1927; 676 дэлегатаў з рашаючым і 225 з дарадчым голасам.
Парадак дня: справаздача ўрада БССР (Я.А.Адамовіч); даклады Нар. камісарыятаў земляробства (Дз.Ф.Прышчэпаў) і асветы (А.В.Баліцкі); аб становішчы і буд-ве гарадоў (М.М.Карклін); аб прам-сці (С.В.Карп); Канстытуцыя БССР (М.А.Сегаль); выбары ЦВК БССР і чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВК СССР.
З’езд прайшоў пад сцягам пацвярджэння таго, што БССР з’яўляецца неад’емнай часткай Сав. Саюза, хоць у прынятай на з’ездзе Канстытуцыі меліся дэкларатыўныя палажэнні пра незалежнасць БССР; ухваліў дзейнасць урада БССР у справе гасп. і культ. буд-ва, зацвердзіў пастановы ЦВК і СНК аб далучэнні да БССР Гомельскага і Рэчыцкага пав. Указвалася на неабходнасць спрашчэння кіравання прам-сцю, пашырэння правоў прадпрыемстваў. У галіне нар. адукацыі адзначаліся станоўчыя вынікі пачатага ў 1925/26 10-гадовага плана ўвядзення ўсеаг. абавязковага навучання. З’езд прыняў Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. Былі зацверджаны найвышэйшая ўлада ў БССР — Усебел. з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК Саветаў БССР, дзярж. герб, сцяг, сталіца рэспублікі. З’езд выбраў ЦВК БССР у складзе 230 чл. і 74 канд., а таксама 5 чл. і 3 канд. ў Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР. Старшынёй ЦВК БССР перавыбраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНК БССР — Я.А.Адамовіч.
Кр.:
Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў: Стэнагр. справаздача. Мн., 1927.
М.П.Касцюк.
т. 4, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯ́ТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕТАЎ рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 8—15.5.1929 у Мінску. Прысутнічала 559 дэлегатаў з рашаючым і 168 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР (М.М.Галадзед); пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР (М.М.Карклін, С.Б.Карп, П.М.Рачыцкі, А.В.Баліцкі); аб становішчы Чырв. Арміі (А.І.Ягораў); выбары ЦВК БССР; выбары ад БССР членаў Савета нацыянальнасцей ЦВК СССР. З’езд адзначыў дасягненні БССР у індустрыялізацыі і прамысл. буд-ве, павелічэнне ўдзельнай вагі прамысл. прадукцыі ўсёй гаспадаркі, павышэнне культ. ўзроўню насельніцтва, ухваліў захады па рацыяналізацыі і скарачэнні дзярж. апарату. Выконваючы ўказанні урада СССР, з’езд паставіў задачу сацыяліст. рэканструкцыі і калектывізацыі сял. гаспадарак, вытв. іх кааперавання, узмацнення і пашырэння саўгасаў пры ўсямерным стымуляванні ўздыму бядняцка-серадняцкага сектара. З’езд адобрыў распрацаваны Дзяржпланам і зацверджаны Саўнаркомам БССР план развіцця нар. гаспадаркі і культ. будаўніцтва рэспублікі на 1928—32, адзначыў неабходнасць рашучага сацыяліст. наступу на капіталіст. элементы горада і вёскі. Пэўная ўвага была звернута на працяг палітыкі беларусізацыі больш хуткімі тэмпамі. Выбраў ЦВК БССР з 254 чл. і 88 кандыдатаў. У Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР ад рэспублікі было абрана 5 чл. і 2 кандыдаты. Старшынёй ЦВК БССР перавыбраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНК БССР — Галадзед.
Літ.:
Дзевята Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Стэнагр. справаздача. Мн., 1929;
Пастановы IX Усебеларускага з’езду Саветаў і I сесіі ЦВК БССР IX склікання. Мн., 1929.
М.П.Касцюк.
т. 6, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛЕ́НЬЕЎ Іван Іванавіч (?—22.2.1784),
расійскі астраном, геадэзіст, падарожнік. Вучань Л.Эйлера. Атрымаў падрыхтоўку ў акад. абсерваторыі. З 1771 ад’юнкт у Геагр. дэпартаменце Пецярбургскай АН. Прапанаваў новы метад вызначэння геагр. даўгаты. У 1768 накіраваны ў Якуцк для назірання за праходжаннем Венеры праз дыск Сонца. Справаздача надрукавана асобна («Назіранні з выпадку праходжання Венеры па Сонцы, у Якуцку зробленае капітанам І.І.Ісленьевым», СПб., 1769) і ў «Каментарыях» АН (т. 14, 1770). Абследаваў Сібір, Паволжа, Прыдняпроўе і інш. раёны. Кіраўнік экспедыцыі 1773 у Беларусь (Рагачоў, Магілёў, Віцебск, Полацк і інш. гарады). Складальнік шэрагу геагр. карт.
Н.Ю.Бярозкіна.
т. 7, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІДЭНДО́РФ Аляксандр Фёдаравіч (18.8.1815, С.-Пецярбург — 28.1.1894),
расійскі прыродазнавец і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1850). Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1837). У 1842—45 здзейсніў падарожжа па Паўн. і Усх. Сібіры, Д.Усходзе, наведаў п-аў Таймыр, Удска-Тугурскае Прыахоцце і Прыамур’е, Шантарскія а-вы і інш. Справаздача М. была найб. поўным прыродна-гіст. апісаннем Сібіры. У 1870 даследаваў Барабінскі стэп, у 1878 — Ферганскую даліну. У 1883—85 узначальваў экспедыцыю па даследаванні жывёлагадоўлі ў цэнтр. і ўсх. губернях еўрап. ч. Расіі. Займаўся селекцыяй. Імем М. наз. мыс на паўн. в-ве Новая Зямля і заліў каля п-ва Таймыр.
т. 10, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)