ГЛЕЯСПО́РЫЙ
(Gloeosporium),
род недасканалых грыбоў сям. меланконіевых. Вядома каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Індыі. На Беларусі глеяспорый парэчкавы (G. ribis) паразітуе на лісці парэчак, глеяспорый пладовы (G. fructigenum) — на семечкавых і костачкавых пладовых культурах, глеяспорый канюшынавы (G. trifoliorum) — на канюшыне.
Канідыяносцы кароткія, цыліндрычныя, палачкападобныя, аднаклетачныя, часта ад канічных да іголкападобных, сабраныя разам на плоскім або злёгку пукатым, светла- ці цёмна-бурым ложы (спляценне грыбных гіфаў). Канідыі бясколерныя, аднаклетачныя, выходзяць на паверхню склееныя сліззю. У цыкле развіцця адзначаны сумчатыя стадыі.
т. 5, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЯЗДО́ЎНІК
(Neottia),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы і Азіі. На Беларусі зрэдку трапляецца гняздоўнік звычайны, або сапраўдны (N. nidus-avis). Расце ў цяністых хвойных і мяшаных лясах. Сапратроф. Цвіце ў маі—чэрвені.
Шматгадовыя жаўтавата-бурыя травяністыя расліны з тоўстым голым узыходным сцяблом выш. да 50 см. Карэнішча кароткае, з мясістымі каранямі, якія ўтвараюць шчыльнае спляценне накшталт птушынага гнязда (адсюль назва). Лісце сядзячае, лускападобнае, без хларафілу. Кветкі жаўтавата-бурыя, з адтапыранай двухраздзельнай верхняй губой, з мядовым пахам, сабраныя ў шматкветную доўгую гронку. Плод — шматнасенная каробачка. Лек. (проціглісны сродак) расліны.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫ́У-ДЖЫ́ЦУ
(ад яп. дзю мяккасць + дзюцу мастацтва, умельства),
японская сістэма самаабароны і нападзення без зброі. Асн. прыёмы: удары ў найб. слабыя часткі чалавечага цела (сонечнае спляценне, сонная артэрыя, печань і інш.), выкручванні і перагінанні суставаў рук і ног у спалучэнні з рознымі кідкамі і задушлівымі захватамі.
Вытокі Дж.-дж. ў нар. прыёмах самаабароны без зброі, вядомых у Японіі са старажытнасці. Сфарміравалася да 13—14 ст., у 14—19 ст. вельмі пашырылася ў Японіі як сістэма фіз. і баявой падрыхтоўкі самураяў. У канцы 19 ст. шляхам адбору і мадэрнізацыі элементаў Дж.-дж. створана барацьба дзюдо.
т. 6, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)