БРОНЗАГРАФІ́Т,

сітаваты антыфрыкцыйны матэрыял, спечаны на аснове алавяністай бронзы і графіту. Сітаватасці запоўнены мінер. або сінт. маслам. Атрымліваецца метадамі парашковай металургіі. Мае нізкі каэфіцыент трэння па сталі (0,04—0,06 без змазкі, 0,004—0,006 са змазкай), высокую зносаўстойлівасць, устойлівасць да павышаных скарасцей слізгання і ціску. Выкарыстоўваецца на выраб падшыпнікаў слізгання.

т. 3, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСКВІ́Т (франц. biscuit ад лац. bis coctus двойчы спечаны),

1) непакрыты палівай фарфор, які найчасцей выкарыстоўваюць для стварэння фарфоравай мяккай пластыкі. З сярэдзіны 18 ст. ў Германіі, пазней у Расіі, Францыі, Даніі з бісквіту выраблялі настольныя скульпт. фігуры і групы.

2) Кандытарскі выраб; печыва з мукі, узбітых яек, цукру і інш.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́Й,

хлебны выраб; вял. круглы бохан з пшанічнай мукі, спечаны да якой-н. урачыстасці; вясельны абрадавы пірог у слав. народаў. На традыц. бел. вяселлі К. замешвалі і пяклі запрошаныя жанчыны — каравайніцы. Падрыхтоўка і выпяканне яго суправаджаліся каравайнымі песнямі, танцамі. У канцы застолля сват з прыгаворамі дзяліў і раздаваў К. радні, гасцям жаніха і нявесты, якія віншавалі і абдорвалі маладых. Вясельны К. аздаблялі ляпным, ціснёным ці маляваным дэкорам, жывымі і штучнымі кветкамі, галінкамі дрэў і раслін. У старажытнасці характар упрыгожання меў яскрава выяўлены сімвалічны сэнс: пажаданне сям’і шчасця і многа дзяцей, дастатку ў хаце (вылепленыя з цеста птушкі, птушынае гняздзечка з яйкамі, фігуркі маладога з маладой, а за імі — немаўля і інш.). У наш час як К. выкарыстоўваюць пакупны торт і інш. кандытарскія вырабы, пякуць і традыц. К.

Я.​М.​Сахута.

т. 8, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)