спарышы

т. 15, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛА́ГАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы з вёсак Благаўка, Новае Вільянава, Літвінавічы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. У 19 — пач. 20 ст. тут працавалі каля 200 ганчароў, якія выраблялі чырвонагліняныя непаліваныя, а таксама гартаваныя і чорназадымленыя гаршкі, гладышы, збанкі, цёрлы, вазонніцы, спарышы (парнікі). У 20 ст. пашырылася глазураваная кераміка з палівай зялёнага колеру, адвольныя пацёкі якой прыгожа кантрастуюць з непаліванай паверхняй. Часам на верхнюю частку вырабаў наносіўся выціснуты дэкор у выглядзе 2—3 хвалістых ці роўных паяскоў. Промысел заняпаў у 1970-я г. Калекцыі благаўскай керамікі зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі, у Нац. маст. музеі Беларусі.

Я.М.Сахута.

т. 3, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́НАВІЦКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы з в. Бабінавічы Лёзненскага р-на Віцебскай вобласці. Промысел узнік у старажытнасці, найб. развіцця дасягнуў у 19 — 1-й пал. 20 ст. Выраблялі чырвонагліняную непаліваную, чорназадымленую і гартаваную кераміку. З пач. 20 ст. набылі пашырэнне вырабы, аздобленыя размалёўкай светла-жоўтым ангобам у выглядзе завіткоў, кропак, парасткаў, паліваныя ўсярэдзіне і звонку бясколернай палівай. Акрамя гасп. посуду (збанкі, гаршкі, спарышы, міскі, слоікі) майстры А.Траяноўскі, М.Шчадзінскі, А.Рыжкоў і інш. выраблялі утылітарна-дэкаратыўны (цукарніцы, цукерачніцы, маслёнкі) і фігурны посуд у выглядзе жывёл, а таксама цацкі, скарбонкі, попельніцы з лепкай. У наш час выраб традыц. асартыменту посуду і цацак працягваецца.

Я.М.Сахута.

т. 2, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ КЕРА́МІКА,

вырабы 10—18 ст. з мясц. гліны, знойдзеныя ў час археал. раскопак у Віцебску.

Вырабы 10 — 1-й пал. 14 ст. (гаршкі, міскі) таўстасценныя, арнаментаваныя рэльефнымі ямкамі, касымі насечкамі, хвалістым малюнкам, лінейным рыфленнем, кальцавымі і спіральнымі налепамі. Кераміка 2-й пал. 14 — 1-й пал. 16 ст. (збаны, спарышы, макотры, накрыўкі) вызначаецца большай разнастайнасцю формаў і тонкімі сценкамі. У 2-й пал. 16—17 ст. посуд рабілі на нажным ганчарным крузе, знутры вырабы пакрывалі зялёнай і жоўтай глазурай, звонку дэкарыравалі ангобам або рэльефным (лінейным ці хвалістым) арнаментам. У 17 ст. значна пашырыўся асартымент (глякі, талеркі, кубкі, малочнікі, чайнікі і інш.), выкарыстоўвалася падглазурная ангобная размалёўка, арнаменты ў выглядзе ліній, салярных знакаў, кветак, кропак выконвалі карычневым і белым колерамі на зялёным і жоўтым фонах. Вырабы 18 ст. арнаментаваны менш, формы посуду спрошчаны, размалёўвалі толькі міскі і талеркі, выкарыстоўвалі пераважна аднаколерную паліву, якая пакрывала сценкі знутры і звонку. Гліняныя падсвечнікі, цацкі, люлькі і інш. прадметы хатняга ўжытку таго часу дэкарыраваны рэльефнымі арнаментамі, разеткамі.

В.М.Ляўко.

т. 4, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧА́РСТВА,

выраб рэчаў гаспадарчага і дэкаратыўна-прыкладнога характару з гліны. Вядома многім народам свету як адно з найстараж. рамёстваў. На тэр. Беларусі пач. форма ганчарства з ручной фармоўкай вырабаў і абпалам на вогнішчы вядома з часоў неаліту. З пашырэннем ганчарнага круга (10 ст.) і ганчарнага горна вылучылася ў спецыялізаванае рамяство, якое дасягнула росквіту ў 16—18 ст. У многіх бел. гарадах (Мінск, Брэст, Гродна, Полацк, Віцебск, Слуцк, Капыль, Камянец, Клецк, Стрэшын, Мір, Шклоў, Дзісна) дзейнічалі самаст. ці аб’яднаныя з іншымі ганчарныя цэхі, якія выраблялі посуд, кафлю, дробную пластыку. Вырабы цэхавага рамяства, у якіх нярэдка адчуваўся ўплыў зах.-еўрап. маст. стыляў, аздабляліся штампаваным, прадрапаным ці ляпным дэкорам, ангобнай размалёўкай, у большасці выпадкаў глазураваліся. У 19 ст. цэхавая вытв-сць заняпала, ганчарства становіцца пераважна сельскім рамяством. У канцы 19—1-й пал. 20 ст. на Беларусі вядома больш за 200 асяродкаў ганчарства.

Асн. прылада для фармавання ганчарных вырабаў — ганчарны круг, падсушаныя вырабы абпальвалі ў горне. Асартымент вырабаў вызначаўся гасп. патрэбамі. Выраблялі посуд для гатавання ежы (гаршкі, макотры, латушкі, пражэльнікі, рынкі, формы), для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў (карчагі, слаі, гарлачы, глякі, спарышы), сталовы посуд (збаны, талеркі, міскі, кубкі, маслёнкі), рэчы штодзённага ўжытку (рукамыйнікі, паілкі), утылітарна-дэкар. посуд (вазоны, вазы, букетнікі, фігурны посуд), ляпілі таксама дробную пластыку і цацкі. Самастойным рамяством, пераважна гарадскім, была вытв-сць кафлі. У цэлым узоры бел. нар. ганчарства вызначаюцца простымі выразнымі формамі, у аснове — шар, цыліндр, конус. Дэкор абмяжоўваўся звычайна сціплымі хвалістымі і прамымі паяскамі (стараж. сімвал вады), выціснутымі завостранай палачкай на плечуках посуду ў час яго фармоўкі на крузе ці нанесенымі вадка разведзенай глінай іншага колеру (ангобам). Ганчарны посуд Падняпроўя вызначаецца стройнасцю і вытанчанасцю формаў, плаўнымі S-падобнымі абрысамі (гл. Бабінавіцкая кераміка, Благаўская кераміка, Дубровенская кераміка). На Пн Беларусі формы посуду масіўныя, устойлівыя, гарлавіны яго нібы раздаюцца ў бакі (гл. Дзісенская кераміка), нярэдка вырабы дзеля трываласці абгортвалі стужкамі бяросты, што надавала ім дадатковы дэкар.-маст. эфект. Ганчары паўд.-зах. Беларусі аддавалі перавагу прысадзістым шарападобным формам, на якія нібы насаджаны цыліндрычныя гарлавіны (гл. Гараднянская кераміка, Пружанская кераміка). Дэкар. якасці вырабаў залежалі таксама ад спосабаў хімікатэрмічнай апрацоўкі. Чорна-карычневымі плямамі на светлай тэракотавай паверхні вызначалася гартаваная кераміка, характэрная для архаічных вясковых асяродкаў ганчарства пераважна паўн.-зах. Беларусі. Гарманічнасць формаў і дэкору ў выглядзе палосак, сеткі, елачкі характэрна для чорнаглянцаваных вырабаў паўд.-зах. Беларусі (Пружаны, Ружаны Пружанскага р-на, Поразава Свіслацкага р-на, Мір Карэліцкага р-на). Кантрастам маляўнічых падцёкаў палівы карычневага, зялёнага, жоўтага колераў на светлым тэракотавым фоне чарапка вылучаліся глазураваныя вырабы. Ангобны дэкор, характэрны для вырабаў некат. асяродкаў ганчарства (Бабінавічы Лёзненскага р-на, Ракаў, Івянец Валожынскага р-на), быў сціплы і рэдка пераходзіў у стадыю ручной адвольнай размалёўкі (гл. Ракаўская кераміка).

У 1920—50-я г. ў многіх асяродках ганчарства былі створаны ганчарныя арцелі. У 1960-я г. адны з іх спынілі сваю дзейнасць, іншыя былі пераўтвораны ў дзярж. прадпрыемствы (гл. ў арт. Івянецкая кераміка). З сярэдзіны 20 ст. з насычэннем рынку прамысл. прадукцыяй традыц. ганчарства стала інтэнсіўна скарачацца. У наш час большасць ганчарных вырабаў страціла утылітарнае прызначэнне і выконвае пераважна дэкар.-маст. функцыі. Традыц. посуд нешырокага асартыменту (гаршкі, збанкі, вазоны) вырабляюць у некат. асяродках ганчарства, у ганчарных цэхах паасобных камбінатаў буд. матэрыялаў. На вытв-сці ганчарных вырабаў утылітарна-дэкар. і маст. прызначэння спецыялізуецца аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка» з прадпрыемствамі ў Івянцы, Радашковічах і Мазыры. З мэтай адраджэння традыц. ганчарства праведзены абласныя святы «Ганчарны круг — 95» у Обалі Шумілінскага р-на, «Ганчарны звон» у Любані (1996), рэспубліканскае свята «Ганчарны круг—96» у Бачэйкаве Бешанковіцкага р-на.

Літ.:

Милюченков С.А. Белорусское народное гончарство. Мн., 1984;

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987;

Здановіч Н.І., Трусаў А.А. Беларуская паліваная кераміка XI—XVIII стст. Мн., 1993.

Я.М.Сахута.

т. 5, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)