спара́сіс кучара́вы

т. 15, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБНА́Я КАПУ́СТА, спарасіс кучаравы (Sparassis crispa),

базідыяльны грыб з роду спарасіс сям. рагацікавых. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляецца рэдка, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў хвойных лясах, каля асновы ствалоў, радзей на свежых пнях. Выклікае жоўта-бурую гніль каранёў і асновы ствалоў хвоі. Малавядомы ядомы грыб. Пладаносіць у жн. — лістападзе.

Пладовае цела дыям. 10—35 см, масай да 10 кг, круглаватае, моцнагалінастае, мясістае, падобнае да галоўкі цвятной капусты (адсюль назва); у маладых грыбоў белаватае, у старых вохрыстае, светла-карычневае. Тканка белая, валакністая, смакам і пахам нагадвае грэцкі арэх. Ножка кароткая, тоўстая, знаходзіцца ў зямлі. Споры эліпсоідныя, гладкія, жаўтаватыя.

Грыбная капуста.

т. 5, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСА́ДЫ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 1999 з мэтай захавання рэкрэацыйна- і пейзажна каштоўнага прыроднага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 1079 га. Рэльеф узгорысты. Лясны масіў з мноствам крыніц, ручаёў, «вісячых балотцаў» у месцах выкліньвання грунтавых вод. Пашыраны яловыя і хваёвыя (па 34%), бярозавыя (20%), асінавыя (7%) сярэдне- і высокаўзроставыя лясы з дамешкамі дуба, клёна, ліпы. Мноства лек., харч., кветкава-дэкар. і інш. раслін, з якіх баранец звычайны, белакапытнік гібрыдны, званочак шыракалісты, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, смярдзюх звычайны, спарасіс кучаравы і інш. занесены ў Чырв. кнігу. У фауне 17 відаў млекакормячых, 82 віды птушак, у т. л. бусел чорны, дзяцел зялёны, зімародак і пустальга звычайныя занесены ў Чырв. кнігу.

П.​І.​Лабанок.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац. Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т. л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).

Г.​У.​Вынаеў.

Ахоўныя расліны Беларусі: 1 — гарычка веснавая; 2 — тлушчанка звычайная; 3 — венерын чаравічак сапраўдны; 4 — пярэсна еўрапейская; 5 — купальнік горны; 6 — ятрышнік дрэмлік; 7 — ятрышнік мужчынскі; 8 — чараўнік двухлісты; 9 — наперстаўка буйнакветная; 10 — пылкагалоўнік даўгалісты; 11 — пылкагалоўнік чырвоны; 12 — кураслеп лясны; 13 — сон шыракалісты (сон-трава); 14 — цыбуля мядзведжая (чарамша); 15 — лілея кучаравая (царскія кучары); 16 — луннік ажываючы; 17 — лінея паўночная; 18 — неатыянта клабучковая; 19 — каменяломнік зярністы; 20 — астранцыя вялікая.
Ахоўныя расліны Беларусі: 1 — лабелія Дортмана: 2 — раўнаплоднік пылюшнікавы; 3 — альдраванда пухіраватая; 4 — сальвінія плывучая; 5 — гайнік цёмна-чырвоны; 6 — кадзіла сармацкае; 7 — зубніца клубняносная; 8 — плюшч звычайны; 9 — вадзяны арэх плывучы; 10 — шпажнік чарапіцавы; 11 — рададэндран жоўты; 12 — званочак шыракалісты; 13 — рагулькі высокія; 14 — касач бязлісты; 15 — гарлачык белы; 16 — першацвет веснавы; 17 — пералеска высакародная (пячоначніца звычайная); 18 — валжанка двухдомная; 19 — палушнік азёрны; 20 — ворлікі звычайныя.

т. 2, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)