Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКА́ЗЧЫКІ ЭКАНАМІ́ЧНЫЯ,
выражаныя ў лічбах характарыстыкі ўласцівасцей эканам. аб’ектаў, працэсаў або рашэнняў, якія паказваюць стан эканомікі краіны, рэгіёна, прадпрыемства, сям’і і інш., а таксама змены гэтага стану, эканам. развіццё, рост, уздым або спад. Адрозніваюць П.э. колькасныя, якасныя, адзінкавыя і групавыя (агрэгаваныя, сінтэтычныя, абагульненыя). У залежнасці ад сферы выкарыстання падзяляюцца на аналіт., прагнозныя, планавыя, разліковыя, стат., справаздачныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЦЫЯ́ЛЬНЫ ФОНД (European Social Fund),
фонд Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, накіраваны на павышэнне занятасці ў краінах — членах Супольнасці праз аказанне фін. дапамогі ў перападрыхтоўцы і перасяленні рабочых. Засн. ў 1959; у выніку рэформы 1971 больш дакладна вызначаны прыярытэты яго дзейнасці. Фонд дае субсідыі для развіцця прафес. адукацыі, фінансавання праграм павышэння занятасці, развіцця галін, якія перажываюць спад, дапамогі ў працаўладкаванні імігрантам. жанчынам. Вялікая ўвага аддаецца фінансаванню праграм па ўладкаванні моладзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІЯКА́ЛЬНА-ДЭПРЭСІ́ЎНЫ ПСІХО́З,
цыркулярны псіхоз, псіхічнае захворванне, якое характарызуецца перыядамі прыгнечанасці (дэпрэсіі), узбуджэння (маніякальны стан, гл.Манія) і аднаўлення здароўя (светлы прамежак). М.-д.п. — комплекс спадчынных і набытых вегетатыўна-эндакрынных і абменных парушэнняў, вынік расстройства рэгулятарных механізмаў кары вял. паўшар’яў і інш. аддзелаў галаўнога мозга. У час дэпрэсіі назіраецца эмацыянальны і інтэлектуальны спад, замаруджванне мыслення і рухаў (бываюць спробы самагубства). Пры маніякальным стане ўзнікае паскоранае і паверхневае мысленне, моварухальнае ўзбуджэнне, добры настрой, хаатычная дзейнасць. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІНДЗЕ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1903,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне народаў Македоніі супраць тур. панавання. Пачалося 2.8.1903 на Ільін дзень (адсюль назва). Ахапіла пераважна паўд.-зах. Македонію, у інш. раёнах дзейнічалі партыз. атрады. Паўстанцы, у асноўным сяляне, захапілі шэраг населеных пунктаў, 4 жн. — г. Крушава і абвясцілі рэспубліку. 19 жн., калі паўстанне пайшло на спад, ва ўсх. Фракіі ўспыхнула т.зв. Праабражэнскае паўстанне балгар, якія таксама абвясцілі рэспубліку ў г. Малка-Тырнава. У вер. 200-тысячная тур. армія жорстка задушыла паўстанне, тысячы паўстанцаў загінулі ў баях, расстраляны, 30 тыс. эмігрыравала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІ РУХ,
ліберальна-апазіц. грамадская і паліт. дзейнасць земскіх гласных і земскай інтэлігенцыі ў Расіі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Быў накіраваны на расшырэнне правоў земстваў. Выяўляўся ў падачы земскіх адрасоў і хадайніцтваў на імя імператара, правядзенні нелегальных сходаў і з’ездаў, выданні за мяжой брашур і артыкулаў, стварэнні нелегальных паліт. арг-цый. У 1880—82 выдавалася газ. «Земство». Створаны земскія аб’яднанні «Гутарка» (1899), «Саюз вызвалення» (вер. 1903), «Саюз земцаў-канстытуцыяналістаў» (ліст. 1903). Асн. дзеячы: І.І.Петрункевіч, У.А.Бобрынскі, П.Дз. і П.Дз.Далгарукавы, П.А.Гейдэн, У.Л.Вярнадскі, Ю.А.Навасільцаў і інш. Са стварэннем у пач. Рэвалюцыі 1905—07 паліт. партый кадэтаў і акцябрыстаў З.р. пайшоў на спад. У час 1-й сусв. вайны выявіўся ў стварэнні Земскага саюза (1914) для дапамогі ўраду ў арганізацыі забеспячэння арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,
адна з галоўных жывапісных школ Італіі ў 14—18 ст. Для яе характэрны дасканалае валоданне магчымасцямі алейнага жывапісу, асаблівая ўвага да каларыту. Венецыянскі жывапіс 14 ст. адметны дэкар. арнаментальнасцю, святочным гучаннем колеру, перапляценнем гатычных і візант. традыцый. З сярэдзіны 15 ст. ўзнікаюць рэнесансавыя тэндэнцыі, узмоцненыя фларэнтыйскім уплывам. Найб. росквіту школа дасягнула ў 1-й пал. 16 ст. (Джарджоне, Тыцыян). У творах майстроў 2-й пал. 16 ст. віртуознасць у перадачы колеравага багацця свету спалучаецца з паэтычнай адухоўленасцю, мяккай і свабоднай жывапіснай манерай (П.Веранезе, Я.Тынтарэта, Джавані Беліні). У 17 ст. школа перажывала творчы спад. Новы яе росквіт у манум.-дэкар. і жанравым жывапісе (Дж.Б.Цьепала, Дж.Б.П’яцэта), арх. пейзажы (т.зв. ведута; Дж.А.Каналета, Б.Белота) адносіцца да 18 ст.
Літ.:
Пиньятти Т. Венецианская школа: Альбом: Пер. с итал. М., 1983.
Да арт.Венецыянская школа жывапісу. Джавані Беліні. Мёртвы Хрыстос. Каля 1470.Да арт.Венецыянская школа жывапісу. Я.Тынтарэта. Дыяна і Актэон. 1556—59.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТА пара года, кліматычны сезон паміж вясной і восенню. У астраноміі — перыяд ад дня летняга сонцастаяння да асенняга раўнадзенства (з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўн. паўшар’і, з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўднёвым). Паводле календара летнія месяцы ў Паўн. паўшар’і чэрвень, ліпень, жнівень, у Паўд. — снеж., студз., люты. Працягласць Л. як кліматычнага і феналагічнага сезона скарачаецца ад нізкіх шырот да высокіх. У экватарыяльным поясе Л. ў кліматычным разуменні цягнецца ўвесь год, у субтропіках — каля 5 месяцаў, ва ўмераным поясе — каля 3 месяцаў, у палярных шыротах не больш як 1—2 месяцы. На тэр. Беларусі Л. пачынаецца з пераходу сярэдняй сутачнай т-ры паветра вышэй за 14 °C у 2—3-й дэкадах мая. Паводле феналагічных з’яў вылучаюць пачатак Л., поўнае Л., спадЛ. На летні сезон прыпадае больш за палавіну гадавой працягласці сонечнага ззяння і сонечнай радыяцыі. Л. характарызуецца паслабленнем цыкланічнай дзейнасці, дастаткова высокімі т-рамі паветра, вады, паверхні глебы, бесперапыннай вегетацыяй раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТАННЕ,
сацыяльна-паліт. з’ява, якая выяўлялася ў паразуменні паміж салдатамі варагуючых армій; найб. яскрава праявілася ў гады 1-й сусв. вайны і мела антываен. накіраванасць. На рус.-герм. фронце братанне пачалося ў 1915—16, пашырылася пасля Лют. рэвалюцыі 1917. На Зах. фронце да крас. 1917 братанне адбывалася стыхійна і зводзілася пераважна да абмену лістоўкамі і рэчамі салдацкага побыту. Першае арганізаванае масавае братанне адбылося 1.5.1917 на ўчастку фронту паміж азёрамі Нарач і Вішнеўскае. Камандаванне праследавала тых, хто братаўся. У час падрыхтоўкі наступлення на фронце ў чэрв. 1917, ва ўмовах барацьбы з братаннем яно пайшло на спад. З новай сілай пашырылася пасля разгрому карнілаўшчыны. У вер.—кастр. 1917 братанне вызначалася масавасцю, арганізаванасцю, вострай паліт. і антываен. накіраванасцю. Толькі ў кастр. адбылося каля 30 выпадкаў братання. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 братанне на Зах. фронце прыняло паўсюдны характар і стала пралогам заключэння перамір’я на рус.-герм. фронце. Часовы дагавор аб перамір’і на Зах. фронце, падпісаны 4.12.1917, уключаў пункт пра братанне, у адпаведнасці з якім салдатам абодвух бакоў дазвалялася сустракацца ў дзённы час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫЯ ЗО́РКІ,
зоркі, свяцільнасць якіх раптоўна павялічваецца ў 103—106 разоў, а потым павольна памяншаецца да зыходнага значэння. Максімум свяцільнасці зоркі дасягаецца за некалькі сутак, спад доўжыцца гадамі. Нават вельмі слабая зорка (гл.Зорная велічыня) у выніку ўспышкі можа стаць бачнай простым вокам (адсюль назва). Н.з. ўваходзяць у склад цесных падвойных зорак.
Пры ўспышцы Н.з. адбываецца раптоўны выбух, выкліканы яе няўстойлівасцю, якая можа быць абумоўлена ўнутр. працэсамі, што ідуць з вылучэннем энергіі, уздзеяннем знешніх фактараў, абменам рэчыва паміж кампанентамі падвойных зорак. Выбух Н.з. закранае толькі прыпаверхневыя слаі і не мяняе яе агульнай структуры. Пры выбуху адбываецца выкід рэчыва — знешняй абалонкі масай каля 10−4 масы Сонца, якая расшыраецца са скорасцю да 2000 км/с і ўтварае туманнасць. Газавыя туманнасці, што расшыраюцца, выяўлены амаль ва ўсіх блізкіх Н.з. Пасля ўспышкі Н.з. становяцца гарачымі карлікамі. Успышкі Н.з. могуць паўтарацца прыкладна праз 20—100 гадоў (паўторныя Н.з.), пры гэтым нарастанне свяцільнасці меншае, чым папярэдні раз. Вядома больш за 300 Н.з., у т. л. звыш 150 у нашай Галактыцы і больш за 100 у туманнасці Андрамеды.
Літ.:
Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.