Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т ПРА́ЦЫ І АБАРО́НЫ (СПА),

орган пры СНК РСФСР (з 17.7.1923 пры Саўнаркоме СССР) па каардынацыі дзейнасці нар. камісарыятаў у галіне гаспадаркі і абароны краіны ў 1920—37. Створаны ў выніку рэарганізацыі Савета рабочай і сял. абароны (існаваў у ліст. 1918 — крас. 1920). Дзейнічаў на правах камісіі. У яго ўваходзілі старшыня СНК (старшыня СПА), нар. камісары (па ваен. справах, шляхоў зносін, земляробства, харчавання, працы, Рабоча-сял. інспекцыі), старшыня ВСНГ, прадстаўнік ВЦСПС, кіраўнік Цэнтр. стат. ўпраўлення (з дарадчым голасам); мясц. органамі былі губернскія (абласныя), павятовыя і валасныя эканам. нарады. Старшынямі СПА былі У.​І.​Ленін (крас. 1920—1924), Л.​Б.​Каменеў (2.2.1924—19.1.1926), А.​І.​Рыкаў (19.1.1926—19.12.1930), В.​М.​Молатаў (19.12.1930—28.4.1937). Скасаваны паводле пастановы ЦВК СССР ад 28.4.1937, яго функцыі перададзены Эканам. савету пры СНК СССР.

т. 14, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВРАНІ́ЦКІ ((Vranitzky) Франц) (н. 4.10.1937, Вена),

палітычны і дзярж. дзеяч Аўстрыі. Д-р эканам. навук. Скончыў Венскі ін-т сусв. гандлю (1960). Чл. С.-д. партыі Аўстрыі (СПА, з 1988 яе старшыня). Працаваў у Аўстр. нац. банку (1961—69), федэральным мін-ве фінансаў (1970—76), нам. ген. дырэктара акц. т-ва «Крэдытанштальтбанкфэрайн» (1976—81), ген. дырэктарам і старшынёй праўлення Зямельнага банка (1981—84). У 1984—86 федэральны міністр фінансаў. З чэрв. 1986 па студз. 1997 федэральны канцлер (кіраўнік урада з прадстаўнікоў СПА і Аўстр. партыі свабоды, з 1987 на чале ўрада вял. кааліцыі СПА і Аўстр. нар. партыі). Прыхільнік курса на санацыю (аздараўленне) дзярж. бюджэту і інтэграцыю краіны ў Еўрапейскі саюз (Аўстрыя стала чл. 1.1.1995).

Ф.Враніцкі.

т. 4, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎЭР ((Bauer) Ота) (5.9.1881, Вена — 4.7.1938),

адзін з кіраўнікоў аўстр. сацыял-дэмакратаў, тэарэтык аўстра-марксізму, публіцыст. Юрыст. З 1907 рэдактар «Arbeiter Zeitung» («Рабочай газеты») і дэпутат рэйхсрата (сакратар с.-д. фракцыі). У 1908 разам з Ф.Адлерам заснаваў тэарэт. орган С.-д. партыі Аўстрыі, штомесячнік «Der Kampf» («Барацьба»). У 1918—19 міністр замежных спраў, выступаў за аншлюс. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў т.зв. двухспалавіннага (1921—23) і Сацыяліст. рабочага (1923—40) інтэрнацыяналаў. Намагаўся прымірыць рэв. і рэфармісцкія сілы ўнутры СПА («Лінцкая праграма» 1926). Пасля паражэння Лют. паўстання 1934 эмігрыраваў. Аўтар прац «Нацыянальнае пытанне і сацыял-дэмакратыя» (1907), «Шлях да сацыялізму» (1919), «Аўстрыйская рэвалюцыя 1918 г.» (1923), «Капіталізм і сацыялізм пасля сусветнай вайны» (1931) і інш.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ЗЕВЫЯ КУРО́РТЫ,

курорты, дзе адным з асн. лек. фактараў з’яўляюцца гразі лячэбныя. Вытокі ў практыцы гразелячэння з часоў Стараж. Рыма і Усходу. У канцы 18 ст. гразевыя курорты з’явіліся ў многіх краінах Еўропы (Швецыя, Аўстрыя, Германія, Расія), мед. кантроль на іх пачаў уводзіцца ў 19 ст. Сучасныя гразевыя курорты спалучаюць функцыі гразевых, бальнеалагічных і кліматычных.

Вядомыя еўрап. Гразевыя курорты: Паморые, Тузла, Шабла (Балгарыя), Хевіз (Венгрыя), Бад-Берка, Бад-Доберан, Бланкенбург, Бад-Дрыбург, Бад-Грунц (Германія), Буска-Здруй, Полчын-Здруй, Крыніца, Інавроцлаў, Цэхацынек (Польшча), Кавасна, Савата, Мангалія (Румынія), Спа (Бельгія), Абана-Тэрме, Аньяна-Тэрме, Сальсамаджорэ-Тэрме, Сірміёне (Італія), Дакс (Францыя), Ронебю (Швецыя), Кемеры (Латвія), Хаапсалу (Эстонія), Бірштанас, Друскінінкай (Літва), Адэса, Сакі, Салёны Ліман, Гопры (Украіна), Сольвычагодск, Старая Руса, Мацэста (Расія) і інш.

На Беларусі пашырэнню гразелячэння спрыяюць багатыя рэсурсы прыродных гразей з лек. ўласцівасцямі (тарфяныя, сапрапелевыя).

т. 5, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁЛЬ ((Böll) Генрых) (21.12.1917, г. Кёльн, Германія — 16.7.1985),

нямецкі пісьменнік. У раманах «Дзе ты быў, Адам?» (1951), «І не сказаў ніводнага слова» (1953), «Дом без гаспадара» (1954), «Більярд а палове дзесятай» (1959), «Погляды клоуна» (1963), аповесцях «Хлеб ранніх гадоў» (1955), «Канец адной камандзіроўкі» (1966), зб. апавяданняў «Вандроўнік, калі ты прыйдзеш у Спа...» (1950) і інш. вастрыня этычнай праблематыкі (маральнае супрацьстаянне грамадскаму злу), абумоўленая хрысц.-каталіцкай арыентацыяй Бёля, матыў нац. віны і адказнасці за злачынствы нацызму, глыбокі псіхал. аналіз, лірызм спалучаюцца з рэзкай, часам з’едлівай сац. крытыкай, у т. л. антыфаш. і антываеннай. Раман пра гіст. лёс пасляваен. Германіі «Групавы партрэт з дамай» (1971) уключае элементы гратэску. Аўтар паліт. раманаў «Зняслаўлены гонар Катарыны Блюм...» (1974), «Жанчыны на беразе Рэйна» (1985), тэатр., тэле- і радыёп’ес. Публіцыстыка, літ. крытыка. На бел. мову яго творы перакладалі Л.​Баршчэўскі, С.​Куваеў і інш. Нобелеўская прэмія 1972.

Тв.:

Бел. пер. — Мая дарагая нага // Полымя. 1967. № 7;

Більярд а палове дзесятай: Раман, апавяданні. Мн., 1993;

Рус. пер. — Избранное. М., 1987;

Ирландский дневник... : [Избранное]. М., 1988;

Собр. соч.: В 5 т. Т. 1—2. М., 1989—90.

Літ.:

Рожновский С.В. Генрих Белль. М., 1965.

т. 3, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КЕ́РЗАНА ЛІ́НІЯ»,

умоўная назва ўсх. мяжы Польшчы ў 1920 — сак. 1921. Праведзена прыбл. паводле этнічнага прынцыпу паміж Польшчай, Беларуссю і Украінай. Праходзіла праз Гродна—Ялаўку—Нямірава—Брэст-Літоўск—Драгунск—Усцілуг — на У ад Грубешава, праз Крылаў і далей на З ад Равы-Рускай, на У ад г. Перамышль (Пшэмысль) да Карпат. Прапанавана 8.12.1919 Вярх. саветам Антанты. Названа па імю Дж.Н.Керзана, які ў час сав.-польск. вайны 1920 па даручэнні Вярх. савета Антанты 11.7.1920 прапанаваў сав. ўраду спыніць наступленне Чырв. Арміі па гэтай лініі, прызнанай у ліп. 1920 і польск. урадам як усх. мяжа Польшчы на канферэнцыі ў Спа (Бельгія). Аднак у выніку змены ваен. сітуацыі на карысць Польшчы яе ўрад адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 польска-сав. граніца праходзіла значна далей на У ад «К.л.» і ўключала Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў склад Польшчы. У адпаведнасці з сав.-герм. дагаворам ад 28.9.1939 зах. мяжа СССР на бел. участку праходзіла крыху на З ад «Кл.», а на ўкр. участку прыбл. адпавядала ёй (Перамышль адышоў да СССР). Крымская канферэнцыя 1945 вызначыла, што ўсх. мяжа Польшчы павінна праходзіць уздоўж «Кл.». У адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 16.8.1945 паміж СССР і Польшчай устаноўлена дзярж. граніца, больш набліжаная да «Кл.», але з некаторымі адступленнямі на карысць Польшчы; на У ад яе да Польшчы перайшлі землі басейнаў рэк Зах. Бугу і Салокія, а таксама ч. Белавежскай пушчы. Польска-бел. дагавор ад 25.6.1991 пацвердзіў існуючыя межы паміж абедзвюма дзяржавамі.

Літ.:

Волаціч М. Лінія Керзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зьменаў у Усходняй Еўропе // Спадчына. 1993. № 5—6.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)