КАНВІ́ЦКІ ((Konwicki) Тадэвуш) (н. 22.6.1926, Вільня),

польскі пісьменнік, кінарэжысёр. Вучыўся ў Ягелонскім і Варшаўскім ун-тах. Друкуецца з 1946. Аўтар аповесці «На будоўлі» (1950, Дзярж. прэмія Польшчы 1950), раманаў «Улада» (1954, Дзярж. прэмія Польшчы 1954), «Багна» (1956), «Дзірка ў небе» (1959), «Сучасны соннік» (1963), «Узнясенне» (1967), «Хроніка любоўных здарэнняў» (1974), «Польскі комплекс» (1977), «Малы апакаліпсіс» (1979), «Бохінь» (1987), «Падземная рака, падземныя птушкі» (1989), «Усходы і захады Месяца» (1990), «Чыталішча» (1992). У ранніх творах спалучэнне дакументальнасці, аўтабіяграфічнасці з псіхалагізмам і паэтычнасцю, у пазнейшых раманах больш разгалінаваныя сюжэты, напластаванні мінулага і сучаснага, цікавасць да свядомага і падсвядомага, яны адметныя філасафічнасцю, лірызмам і гратэскам. Сцэнарыст і рэжысёр кінафільмаў «Апошні дзень лета» (1957), «Дзень памінання памерлых» (1961), «Сальта» (1965), «Даліна Ісы» (1982), «Лава» (1989). Паводле яго раманаў зняты аднайм. фільмы «Хроніка любоўных здарэнняў» (1986, рэж. А.​Вайда) і «Малы апакаліпсіс» (1992, рэж. Коста-Гаўрас).

Тв.:

Рус. пер. — Дыра в небе. М., 1961;

Современный сонник // Мах В. Агнешка, дочь «Колумба»;

Конвицкий Т. Современный сонник. М., 1973.

Літ.:

Nowicki S. Pół wieku czyśćca: Rozmowy z Tadeuszem Konwickim. London, 1986;

Lubelski T. Poetyka powieści i filmów Tadeusza Konwickiego. Wrocław, 1984.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХ ((Mach) Вільгельм) (1.1.1917, в. Камёнка Падкарпацкага ваяв., Польшча — 2.7.1965),

польскі пісьменнік. Скончыў Ягелонскі. ун-т у Кракаве (1947). Друкаваўся з 1947. Будні правінцыяльнага гарадка ў гады ням.-фаш. акупацыі, яе маральныя і псіхал. наступствы адлюстраваны ў аповесці «Іржа» (1950). Рэчаіснасць польск. вёскі 1940-х г. у цэнтры рамана «Явараў дом» (1954, Дзярж. прэмія Польшчы 1955). Свет дзіцячых перажыванняў узнавіў у рэфлексіўна-лірычным рамане «Жыццё вялікае і малое» (1959). Эксперым. раман «Горы над чорным морам» (1961) адметны аўтабіяграфізмам і дакументальнасцю, філас. заглыбленасцю. Раман «Агнешка, дачка Калумба» (1964, Дзярж. прэмія Польшчы 1964) пра жыццё пасляваен. вёскі, лёс польск. інтэлігенцыі. Аўтар апавяданняў, рэпартажаў, «Літаратурных нарысаў» (т. 1—2, 1971).

Тв.:

Рус пер. — Дом Явора. М., 1956;

Агнешка, дочь «Колумба» // Мах В. Агнешка, дочь «Колумба»;

Конвицкий Т. Современный сонник. М., 1973.

Літ.:

Poradecki J. Pisarstwo Wilhelma Macha. Łódź, 1984.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)