ЛА́НДСБЕРГІС ((Landsbergis) Вітаўтас) (н. 18.10.1932, г. Каўнас, Літва),

літоўскі паліт. і дзярж. дзеяч, музыказнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1969), засл. дз. маст. Літвы (1982). Сын арх. В.​Ландсбергіса-Жамкальніса. Скончыў Літ. кансерваторыю (па класе фартэпіяна, 1955). У 1956—63 і з 1975 выкладаў у кансерваторыі, з 1978 праф. у ёй; у 1957—74 адначасова выкладаў у Вільнюскім пед. ін-це. У 1988 старшыня Савета сейма Літ. руху за перабудову «Sajudis» («Рух»). У 1990—92 старшыня Вярх. Савета Літвы, садзейнічаў аднаўленню незалежнасці Літ. Рэспублікі. З 1993 старшыня партыі Саюз Айчыны. З 1997 старшыня сейма Літ. Рэспублікі.

Тв.:

Творчество Чюрлениса: (Соната весны). 2 изд. Л., 1975;

Рус. пер. — Литовский фольклорный театр: (Фотоочерк). Вильнюс, 1982.

В.Ландсбергіс.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЙМАН ((Neumann) Станіслаў Костка) (5.6.1875, Прага — 28.6.1947),

чэшскі паэт. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Гандлёвай акадэміі. Удзельнік нац.-вызв. руху чэш. моладзі «Омладзіна», быў зняволены. Дэбютаваў сімвалісцкімі зб-камі «Я — апостал новага жыцця» (1896) і «Слава сатаны сярод нас» (1897). Ідэямі нац. і сац. вызвалення прасякнуты зб-кі «Сон пра натоўп, які страціў надзею, і іншыя вершы» (1903), «Чэшскія песні» (1910). Антыфаш. пафас характэрны для паэт. зб-каў «Сэрца і хмары» (1935), «Саната зямных даляглядаў» (1937), «Бяздонны год» (1945), «Зачумленыя гады» (1946). Аўтар зб-каў пейзажнай і філас. лірыкі («Кніга лясоў, узгоркаў і вод», 1914), інтымнай («Каханне», 1933), кніг публіцыстыкі і мемуараў. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклалі М.​Аўрамчык, М.​Гамолка, Х.​Жычка, К.​Кірэенка, М.​Машара, С.​Шушкевіч і інш.

Тв.:

Бел пер. — у кн.: Вокны ў сад. Мн., 1987;

Рус. пер. — Избранное. М., 1958;

Соната земных горизонтов: Избр. лирика. М., 1986.

Літ.:

Шерлаимова С.А. Станислав Костка Нейман. М., 1959.

А.​У.​Вострыкава.

Дж.Нейман.

т. 11, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТ ((Liszt) Ферэнц) (Франц; 22.10. 1811, Добар’ян, каля г. Шопран, Венгрыя — 31.7.1886),

венгерскі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог, муз. пісьменнік. Вучыўся ў К.Чэрні, А.Сальеры, Ф.​Паэра і А.​Рэйхі. У 1823—35 жыў у Парыжы, дзе набыў вядомасць як піяніст-віртуоз, пачаў пед. і кампазітарскую дзейнасць, у 1835—39 — у Швейцарыі і Італіі, дзе залажыў асновы сучаснага канцэртнага піянізму. Яго выканальніцкі стыль вызначалі сінтэз рацыянальнага і эмацыянальнага, спалучэнне яскравасці і кантрасту вобразаў з драматызмам, маляўнічасць гучання і віртуозная тэхніка, арк.-сімф. трактоўка фп. З канца 1830-х г. гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1848—58 прыдворны капельмайстар у Веймары. Як дырыжор паставіў у Веймарскім т-ры больш за 40 опер, у т. л. оперы Р.​Вагнера, выканаў у сімф. канцэртах усе сімфоніі Л.​Бетховена, сімф. творы Г.​Берліёза, Р.​Шумана, М.​Глінкі і інш., узначаліў т.зв. веймарскую школу. З 1861 жыў у Рыме, Будапешце і Веймары. Пастаянна падтрымліваў сувязі з Венгрыяй (з 1875 прэзідэнт заснаванай ім Муз. акадэміі ў Будапешце, цяпер Нац. венг. муз. акадэмія імя Л.). Стваральнік першых узораў венг. нац. муз. класікі, адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў еўрап. муз. рамантызму. Найб. значныя яго дасягненні ў галіне інстр. музыкі. Вызначальныя прынцыпы наватарскай творчасці Л. — праграмнасць і звязаны з ёю монатэматызм. Абнавіў жанр фантазіі і транскрыпцыі, стварыў новы муз. жанр — адначасткавую сімф. паэму, новы тып канцэрта і санаты (адначасткавыя з рысамі цыклічнасці). Узбагаціў сродкі гармоніі і аркестроўкі, увёў у фп. п’есах новыя прынцыпы фактурнага выкладання. Паглыбіў сувязі музыкі з л-рай, першы звярнуўся да твораў жывапісу і скульптуры як да крыніцы праграмных задум. У яго творах арганічны сплаў нар.-венг. вытокаў (вербункаш) і дасягненняў еўрап. прафес. музыкі. Творчасць Л. адыграла вял. ролю ў станаўленні венг. нац. муз. школы і ў развіцці сусв. муз. культуры.

Сярод твораў: опера «Дон Санча, або Замак кахання» (паст. 1825); араторыі «Легенда пра св. Лізавету» (1862), «Хрыстос» (1866) і інш.; месы «Эстэргамская» («Гранская», 1855), «Венгерская каранацыйная» (1867); кантаты; Рэквіем (1868); для аркестра «Фауст-сімфонія» (паводле І.​В.​Гётэ, 1857); сімфонія да «Боскай камедыі» Дантэ (1856), 13 сімф. паэм (1849—82), у т. л. «Мазепа» (паводле В.​Гюго, 1851), «Прэлюды» (паводле Ж.​Атрана і А.​Ламарціна), «Арфей», «Таса» (усе 1854), «Праметэй» (паводле І.​Гердэра, 1855); 2 эпізоды з «Фауста» Н.​Ленаў (1860) і інш.; для фп. з арк. — 2 канцэрты (1856, 1861), «Скокі смерці» (1859), Фантазія на венг. нар. тэмы (1852) і інш.; для фп. — саната h-moll (1853); цыклы п’ес «Паэтычныя і рэлігійныя гармоніі» (паводле А.​Ламарціна), «Гады вандраванняў» (3 сшыткі); 2 балады, 2 легенды, 19 «Венгерскіх рапсодый»; «Венгерскія гістарычныя партрэты»; «Іспанская рапсодыя»; «Эцюды найвышэйшага выканальніцкага майстэрства», канцэртныя эцюды, варыяцыі, п’есы ў танц. форме, маршы і інш.; для голасу з фп. — песні і рамансы (каля 90) на словы Г.​Гейнэ, Гётэ, Гюго, М.​Лермантава і інш., інстр. п’есы, камерна-інстр. ансамблі, транскрыпцыі (пераважна для фп.) уласных твораў і інш. кампазітараў («Эцюды па капрысах Паганіні»).

Літ. тв.: Рус. пер. — Ф.​Шопен. 2 изд. М.,1956; Избр. статьи. М.,1959.

Літ.:

Зилоти А. Мои воспоминания о Ф.​Листе // Зилоти А. Воспоминания и письма: Пер. с венг. Л., 1963;

Мильштейн Я. Ф.​Лист. Т. 1—2. 2 изд. М., 1971;

Крауклис Г.В. Симфонические поэмы Ф.​Листа. М., 1974;

Цуккерман В.А. Соната си минор Ф.​Листа. М., 1984;

Гаал Д.Ш. Лист: Пер. с венг. М., 1986.

Ф.Ліст.

т. 9, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)