Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНЫЯ РЫ́БЫ,
рыбы, характэрныя толькі для іхтыяфауны азёраў. На Беларусі да азёрных абарыгенных відаў належаць рапушка, корушка, гальян азёрны, да акліматызаваных — сіг чудскі, умоўна пелядзь, сомік амерыканскі. Большасць мае прамысл. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВА́РЫУМНЫЯ РЫ́БЫ,
рыбы, якіх вырошчваюць і разводзяць у акварыумах з дэкар. і навук. мэтамі. З некалькіх сотняў відаў на Беларусі пашыраны каля 40. Найб. вядомыя: залатая рыбка, мечаносцы, гупі, даніо, скалярыі, неоны, барбусы, сомікі, хромісы, наностамусы, хеміграмусы, дыскусы, цыхлазомы, гурамі, грымі, малінезіі, тэрнецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЫБЛЕ́ННЕвадаёмаў,
выпуск у вадаёмы каштоўных відаў рыб для якаснага паляпшэння (рэканструкцыі) іх іхтыяфауны і павелічэння запасаў прамысл. рыб, а таксама з мэтай акліматызацыі рыб, арганізацыі іх нагляду. Зарыбляюць найчасцей вадаёмы, кармавыя рэсурсы якіх выкарыстоўваюцца няпоўнасцю. Для З. бяруць лічынак, сяголеткаў, гадавікоў, двухгодак, вытворнікаў. Іх гадуюць у сажалкавых і азёрна-таварных рыбных гаспадарках, рыбагадавальніках. Для З. вадаёмаў Беларусі выкарыстоўваліся: карась сярэбраны, сомік амерыканскі, стронга радужная, судак, сіговыя рыбы, амуры белы і чорны, таўсталобікі стракаты і звычайны. З 1956 вядзецца З. азёр вугром еўрапейскім. Азёрна-таварныя і сажалкавыя рыбныя гаспадаркі зарыбляюцца пераважна полікультурай (разам з карпам гадуюць шчупака, карасёў залатога і сярэбранага, сазана амурскага, таўсталобікаў, пелядзь і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЛІМАТЫЗА́ЦЫЯ (ад лац. ad да, для + клімат),
працэс прыстасавання арганізмаў да новых умоў існавання. Акліматызацыя жывёл і раслін ажыццяўляецца праз няспадчынную змену абмену рэчываў у межах нормы рэакцыі арганізма (гл.Натуралізацыя) або пад уплывам натуральнага адбору праз змену генетычнай структуры віду (гл.Адаптацыя). Акліматызаванымі лічацца віды, здольныя даваць у прыродных умовах паўнацэннае патомства і самастойна падтрымліваць сваю колькасць. Акліматызацыю выкарыстоўваюць як метад эксперым. даследаванняў або разглядаюць як комплекс мерапрыемстваў па мэтанакіраваным усяленні віду ў новыя месцы жыхарства для ўзбагачэння мясц. флоры і фауны, увядзення ў культуру і развядзення (гл.Інтрадукцыя) ці аднаўлення ў раёнах былога пашырэння (гл.Рэакліматызацыя). На Беларусі акліматызаваны некаторыя віды раслін (конскі каштан, клён амерыканскі, псеўдаакацыя, лубін шматлісты і інш.) і жывёл (андатра, янотападобны сабака, амер. норка, фазан, сярэбраны карась, амер.сомік, чудскі сіг, сырок і інш.).
Акліматызацыя чалавека — складаны сац.-біял. працэс, у якім вял. ролю адыгрывае актыўны працэс стварэння сацыяльна арганізаванага асяроддзя працы і побыту, прыстасавання да кліматычных умоў.