Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГУСТА́ЦЫЯ (ад лац. degustatio каштаванне),
ацэнка якасці харч. прадуктаў арганалептычным спосабам (органамі зроку, нюху, смаку).
Пры Д. віна вызначаюцца смак, букет, празрыстасць і колер, для пеністых яшчэ і пеністасць. Пры Д. чаю ацэньваецца пах, смак і колер настою, выгляд сухога чаю і разваранага ліста. У тытуні вызначаюць пах, смак, моцнасць, наяўнасць у дыме алеістых рэчываў. Дэгустуюць таксама стравы, кансервы і інш. прадукты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ДЗУ (Ясудзіра) (12.12.1903—12.12.1963),
японскі рэжысёр. Здымаў пераважна сумныя і лірычныя з мяккім гумарам фільмы, якія ўводзілі гледача ў паўсядзённае жыццё, паказвалі ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей. Сярод «нямых» фільмаў — «Універсітэт-то я скончыў...» (1929), «Такійскі хор» (1931), «Нарадзіцца-то я нарадзіўся...» (1932), «Аповесць пра плывучую ваду» (1934), «Такійская гасцініца» (1935); гукавых — «Адзіны сын» (1936), «Позняя вясна» (1949), «Час збору ўраджаю» (1951), «Смак простай ежы» (1952), «Такійская аповесць» (1953), «Кветкі Хіган» (1958), «Смак сайры» (1962). Рэжысёрскі стыль О. стаў адной з асноў традыц. школы яп. кіно: спакойная кампазіцыя, запаволенасць дзеяння, адсутнасць вострых драм. калізій, доўгія агульныя планы. З 1955 ген. сакратар Асацыяцыі кінарэжысёраў Японіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЬЯ́К (па назве г.Каньяк),
моцны алкагольны напітак (40—60 аб’ёмных працэнтаў спірту), прыгатаваны з каньячнага спірту. Каньячны спірт атрымліваюць перагонкай сухіх (пераважна белых) вінаградных він і далейшай вытрымкай яго ў дубовых бочках. Пры вытрымцы каньячны спірт абагачаецца дубільнымі рэчывамі і набывае характэрныя для К. смак і колер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́ША,
у беларусаў кісла-салодкая мучная страва. Сумесь жытняй і грэцкай, радзей толькі жытнюю муку разводзілі цёплай вадой, пасля залівалі варам (або залівалі халоднай вадой і ставілі ў цёплае месца), каб набыла салодкі смак, пасля заквашвалі скарынкай хлеба. К. кісла ноч, раніцай варылі. Вядома ў цэнтр. Палессі. Падобна да кулагі, саладухі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЭІ́Н,
алкалоід опію фенантрэнавага раду, вытворнае марфіну. Ёсць у опійным маку. Белы крышт. парашок ці бясколерныя крышталі без паху, горкія на смак. Па ўздзеянні на арганізм блізкі да марфіну, па прыгнечвальным дзеянні на ц. н. с. значна саступае яму. Выкарыстоўваецца як болепатольны, заспакаяльны сродак і супраць кашлю. Пры ўжыванні К. доўгі час можа развіцца цяга да яго (наркаманія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРДЭ́К, кавуновы мёд, кавуновая патака,
ачышчаны і моцна ўпараны сок з мякаці пладоў кавуна сталовага. Мае кансістэнцыю мёду, колер ад чырвона-бурага да цёмна-карычневага і салодкі (з прысмакам паленага цукру) смак. Мае 55—70% цукроў, у т. л. 29—35% фруктозы, 0,6—1,1% яблычнай к-ты, да 10% нерастваральных рэчываў (мінер. солей, клятчаткі і інш.). Выкарыстоўваецца ў кандытарскай вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМБІ́Р (Zingiber),
род кветкавых раслін сям. імбірных. Каля 90 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Паўд. Афрыцы, Аўстраліі. Найб. вядомы І. звычайны (Z. officinalis).
Шматгадовая травяністая трапічная расліна выш. да 1 м. Лісце ланцэтнае. Кветкі фіялетава-жоўтыя, стэрыльныя, у кароткіх, падобных на колас, суквеццях. Сухое карэнішча мае прыемны духмяны пах і пякучы смак, спажываецца ў кулінарыі як прыправа і ў харч. прам-сці для араматызацыі (варэнне, лікёры і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНАЗІ́Т, цыкліт,
цыклічны шасціатамны спірт. Цвёрдае, салодкае на смак рэчыва. Малекулярная маса 180,2, т-ра плаўлення 225—227 °C, раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў арган. растваральніках. У жывёльных і раслінных арганізмах пашыраны ў выглядзе фіцінавай к-ты і яе кальцыева-магніевай солі — фіціну. Для некат. мікраарганізмаў І. — неабходны фактар росту. Пры недахопе бялку ў арганізме папярэджвае атлусценне печані. Мае ўласцівасці вітаміну. Ужываецца з ежай; сутачная патрэбнасць чалавека 1—1,5 г.