Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУЧ, Паўночная Случ,
ракаў Мінскай. Гомельскай, на мяжы Гомельскай і Брэсцкай абл., левы прыток р. Прыпяць (бас.р. Дняпро). Даўж. 197 км, пл. вадазбору 5470 км². Пачынаецца на Капыльскай градзе за 2 км на ПдУ ад в. Крывая Града Слуцкага р-на Мінскай вобл., вусце за 5 км на Пд ад в. Вільча Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. У верхнім цячэнні перасякае зах.ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны, сярэдняе і ніжняе цячэнне ў межах Прыпяцкага Палесся. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 0,5—1 км у верхнім, 1,5—2,5 км у сярэднім і ніжнім цячэнні, у вусці пашыраецца да 6 км і зліваецца з далінай р. Прыпяць; схілы спадзістыя, выш. 3—10 м. Пойма пераважна двухбаковая, зрэдку чаргуецца па берагах, роўная, забалочаная, парослая хмызняком, месцамі лесам, на асобных участках перасечана старымі рэчышчамі; шыр. ў вярхоўі 100—400 м, ніжэй 1—1,2 км, у вусці 4—5 км. Рэчышча ў верхнім цячэнні шыр. 6—25 м, да Салігорскага вадасх. на працягу 71 км каналізаванае, ад вадасховішча да вусця р. Морач мелкае, ніжэй — звілістае (шыр. 20—40 м), свабодна меандруе. Асн. прытокі: Лакнея, Морач (справа), Вясейка (злева). У С. перакінуты воды р. Лань (з 1965). Вадасх. Рудня і Салігорскае. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход у вярхоўі 8 сут, у нізоўі 3 сут. Веснавое разводдзе ад сярэдзіны сак. да пач. мая. Сярэднегадавы расход вады каля в. Ленін 18,3 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм, для водазабеспячэння прадпрыемстваў ВА «Беларуськалій». На рацэ г. Слуцк і г.п. Старобін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ СЛІ́ВА,
рака ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., левы прыток р.Случ (бас. Прыпяці). Даўж. 25 км. Пачынаецца за 1 км на ПдУ ад в. Муравішчына. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРА́Д-ВАЛЫ́НСКІ,
горад у Жытомірскай вобл., Украіна, на р.Случ. Вядомы з 1257. Чыг. вузел. 56,1 тыс.ж. (1991). З-ды: с.-г. машын, па вытв-сці лаўсану, кармавога біяміцыну, алейны, мясакамбінат. Музей Л.Украінкі, якая тут нарадзілася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІЯ ЗА́МКІ.
Існавалі ў 15—18 ст. у г.Слуцк Мінскай вобл. Размяшчаліся ў абалоне р.Случ. Складаліся з Верхняга (Горнага), Ніжняга (Дольнага) і Новага (Цытадэлі) замкаў.
Верхні (Горны) замак займаў прыродную выспу авальнай формы памерам 80 × 100 м, якая ўзвышалася над поймай р.Случ на 5—7 м у сутоках яе з р. Бычок. У 11—14 ст. тут размяшчаўся дзядзінец летапіснага Случаска. Першыя звесткі пра Верхні замак адносяцца да 1409, калі ён згадваецца як умацаванне на насыпаным «капцы» з драўлянымі сценамі і вежамі. Па перыметры пляцоўкі быў насыпаны глініста-пясчаны вал шырынёй у аснове 22 м і вышынёй больш за 4 м. З боку поля вал апяразваўся ровам шырынёй 25 м і глыбінёй каля 2 м. Схілы замка былі ўмацаваны дубовымі завостранымі на конус палямі даўжынёй 4—6 м. Паводле інвентарных апісанняў Слуцка за 1627, 1728, 1791, 1793 і 1800, Верхні замак займаў плошчу каля 1,5 га. Цераз абарончы роў быў перакінуты пад’ёмны мост з парэнчамі, які вёў да ўваходнай замкавай брамы. Над ёй мелася высокая вежа з гадзіннікам. На вежы знаходзіўся пакрыты пазалотай медны шар з выявай арла на ім. Замкавая брама мела 4 ярусы бою. Яшчэ ў 1791 тут размяшчаліся 3 гарматы. На восі ўезду стаяў 1-павярховы палац з часаных брусоў на падмурку.
Ніжні (Дольны) замак размяшчаўся на ПнУ ад Верхняга замка (на месцы б. вакольнага горада) і быў аддзелены ад яго запоўненым вадой ровам. Гэты замак быў на 2—3 м ніжэйшы за Верхні і меў выгляд няправільнага чатырохвугольніка плошчай 1,9 га. Ён ахоўваўся земляным валам і драўляным парканам. Паводле інвентара 1687, тут стаялі 3 палацы, зрубленыя з часанага бруса на падмурку, вазоўня, замкавая стайня і інш.,гасп. пабудовы. Верхні і Ніжні замкі абмываліся водамі р. Бычок з дапамогай плацін і штучнага рова, які злучаў р. Бычок з р.Случ. У 18 ст. гэтыя замкі мелі назву «Земляны замак».
Новы замак (Цытадэль) размяшчаўся на левым беразе р.Случ на тэр. новага места (горада). Ён меў форму квадрата плошчай 1,1 га з 4 бастыёнамі і адным равелінам. На бастыёнах і курцінах стаялі драўляныя вежы, што не ўласціва для зах.-еўрап. бастыённай фартыфікацыі. Новы замак быў абкружаны вадзяным ровам, злучаным з р.Случ патаемным шлюзам. Уваход у цытадэль вёў цераз мост і браму, якая знаходзілася ў тоўшчы вала. Яна была 1-павярховая і мела вароты з 2 палотнішчаў, збітых з дубовых дошак. Новы замак уваходзіў у сістэму знешніх умацаванняў Слуцка 17—18 ст.Гл. таксама Слуцкія гарадскія ўмацаванні.
Літ.:
Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Мн., 1985;
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;
Калядзінскі Л. Верхні замак Слуцка // Бел.гіст.часоп. 1996. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РАВА,
вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл. Да 1935 наз. Цараўцы. Цэнтр сельсавета. За 7 км на Пд ад горада і чыг. ст. Слуцк, 112 км ад Мінска. 460 ж., 214 двароў (1998). Дзіцячы санаторый «Случ». Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Свята-Іаанаўская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЕ́ВІЧЫ,
вёска ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., на р.Случ. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 74 км на ПнЗ ад г. Жыткавічы, 307 км ад Гомеля, 33 км ад чыг. ст. Мікашэвічы. 810 ж., 320 двароў (1999). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.