Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАМАЛЕКУЛЯ́РНЫ СЛОЙ,
слой рэчыва таўшчынёй у адну малекулу. Утвараецца на паверхні падзелу фаз пры адсорбцыі, паверхневай дыфузіі. На цвёрдых паверхнях М.с. звычайна ўзнікае ў выніку адсорбцыі паверхнева-актыўных рэчываў з разбаўленых раствораў ці газаў пры адносна нізкім ціску. Структура і ўласцівасці М.с. ўплываюць на працэсы масапераносу (выпарэнне, дыфузія), трэнне, адгезію; вызначаюць устойлівасць высокадысперсных сістэм (эмульсій, пен). Важную ролю адыгрываюць М.с. (ліпідныя, ліпапратэідныя і інш.) у клетачных мембранных працэсах. Гл. таксама Біялагічныя мембраны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНЫ СЛОЙу гідрадынаміцы,
тонкі слой цячэння вязкай вадкасці (газу), які ўзнікае пры абцяканні цвёрдага цела або на мяжы падзелу 2 патокаў вадкасці з рознымі скарасцямі ці хім. саставам.
Характарызуецца рэзкімі зменамі ў папярочным напрамку скорасці (т-ры, канцэнтрацыі) ад яе пэўнага значэння ў знешнім патоку да нуля на абцяканай паверхні ў выніку вязкага трэння (цеплаправоднасці, дыфузіі) і наліпання вязкай вадкасці на паверхню. Рэжым цячэння вызначаецца Рэйнальдса лікам і можа быць ламінарным ці турбулентным (гл.Ламінарнае цячэнне, Турбулентнае цячэнне). Даследаванні П.с. маюць важнае значэнне ў аэрагідрадынаміцы, метэаралогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЙНЫ СЛОЙ ГЛЕ́БЫ,
верхні гарызонт трапічных і субтрапічных глеб, развітых на фералітнай кары выветрывання. Пад непасрэдным уздзеяннем каранёў раслін становіцца аднародным паводле саставу і марфалогіі, набывае буры колер і глебавую структуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ЙНЫ ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ СЛОЙ,
сукупнасць эл. зарадаў процілеглых знакаў, размешчаных уздоўж мяжы падзелу фаз. Утвараецца электронамі, іонамі, а таксама арыентаванымі палярнымі малекуламі, якія маюць уласны дыпольны момант. Абумоўлівае электракінетычныя з’явы.
Будова П.э.с. істотная для эл.-хім. рэакцый, для электролізу і інш.Напр., у хім. крыніцах току (гл.Гальванічны элемент) пры апусканні металу ў электраліт метал «аддае» дадатныя іоны, а сам набывае адмоўны зарад. Дадатныя іоны электраліту прыцягваюцца паверхняй металу і ўздоўж паверхні дакранання фаз утвараецца П.э с.Эл. поле, якое ўзнікла паміж зараджанымі слаямі, перашкаджае далейшаму растварэнню металу і пры пэўным значэнні спыняе яго.
Утварэнне падвойнага электрычнага слоя пры апусканні металу ў электраліт.