Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАНА́ЦЫЯ, каранаванне,
цырымонія ўрачыстага прыняцця хрысц. манархам (імператарам, каралём, вял. князем, герцагам і інш.) сімвалаў улады (карона, скіпетр і інш.) пры ўступленні на прастол, якая суправаджаецца царк. абрадамі і сімвалізуе «боскае» паходжанне манарх. улады. Вяршыняй К. з’яўляецца ўскладанне вышэйшым царк. іерархам краіны кароны (адсюль назва) на галаву манарха. У ВКЛ і Польшчы адбывалася паводле звычаяў каталіцкіх краін. У Расіі абрад К. запазычаны з Візантыі, адбываўся ва Успенскім саборы Маскоўскага Крамля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЛЬ,
манархічны тытул. Этымалогію назвы К. выводзяць з лац. формы імя Карла Вялікага — Carolus (8—9 ст.); паводле інш. версіі, паходзіць з прагерманскага Karla (стары, старэйшына). Скандынаўскія крыніцы і хроніка Пятра Дусбургскага ўпершыню на землях Беларусі называюць К. (Konung, rex) полацкіх князёў, якія рэальна былі вярх. ўладарамі і ўспрымаліся адпаведна вярх. сюзерэнамі. К. ў Польшчы, пазней і ў Рэчы Паспалітай выбіраліся сеймам. У час каранацыі К. атрымліваў знакі ўлады — залатую карону, скіпетр, яблык (залаты шар з крыжам), каралеўскі меч і пярсцёнак. З’яўляўся найвышэйшым суддзёй, узначальваў войска ў час паходаў, быў кіраўніком знешняй палітыкі. Гл. таксама Каралеўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЎС,
у грэч. міфалогіі вярхоўны бог, уладар багоў і людзей. Месцам знаходжання З. лічыўся Алімп. Яго атрыбутамі былі эгіда (шчыт), скіпетр і арол. Першапачаткова З. — бог маланкі, грому і дажджу, пазней аб’яднаў рысы інш. багоў. Паводле міфаў, З., малодшы сын Кронаса і Рэі, брат і муж Геры, пасля перамогі над бацькам, тытанамі і гігантамі пачаў правіць светам разам з братамі Пасейдонам і Аідам. З. — бацька многіх багоў і багінь, у т. л.Апалона, Арэса, Дыяніса, Афіны, Афрадыты, герояў Геракла, Персея і інш. У Рыме культ З. зліўся з культам Юпітэра.
Зеўс (Зеўс Атрыколі). Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,
слоўна-складовае пісьмо для запісу тэкстаў на кітайскай мове, у якім выкарыстоўваюцца асобыя знакі — іерогліфы. Агульная колькасць такіх знакаў каля 50 тыс., у сучаснай кіт. мове выкарыстоўваюць 4—7 тыс. іерогліфаў. Кожны іерогліф прадстаўляе аднаскладовае слова ці марфему і графічна з’яўляецца камбінацыяй рысак, упісаных у квадрат. Запіс тэксту злева направа або зверху ўніз. Вылучаюць 3 тыпы іерогліфаў: піктаграмы — схематычны відарыс прадметаў (山 «гара», 目 «вока»); ідэаграмы — матываваныя камбінацыі піктаграм (人 «чалавек» + 木 «дрэва» = 休 «адпачываць»); фанаграмы — матываваныя камбінацыі піктаграм з намёкам на гучанне іерогліфа (人 жэнь «чалавек» + 圭 гуй «нефрытавы скіпетр» = 佳 цзя «прыгожы»).
Найб. стараж. знакі К.п. — «іньскія пісьмёны» (варажбітныя надпісы на бронзе, камянях, касцях, панцырах чарапах; 2-е тыс. да н. э). У 1066—771 да н. э. яны атрымалі развіццё ў выглядзе «галавастыкавага пісьма». У 221 да н. э. пачаўся працэс стандартызацыі іерогліфаў, з’явіліся стылі «вялікіх» і «малых» пячатак, уведзена «дзелавое пісьмо» лішу (спрошчаны варыянт «малых пячатак»). У 1 ст.н. э. канчаткова сфарміраваўся сучасны стыль напісання іерогліфаў (кайшу — «узорнае пісьмо»). Побач з кайшу выкарыстоўваюць скарочаныя стылі цаошу — «травяное пісьмо» і сіншу — «хадавы скорапіс». З 1956 у КНР вядзецца работа па спрашчэнні іерогліфаў. Поўныя абрысы іерогліфаў (фаньтыцзы) выкарыстоўваюцца ў Сінгапуры, Японіі (з яп. складовым пісьмом), Паўд. Карэі (з кар. азбукай) і на Тайвані. Сярод найстараж кіт.літ. помнікаў «Шуцзін» («Кніга паданняў», 12—5 ст. да н. э.), «Іцзін» («Кніга перамен», 12—8 ст. да н. э.) і «Шыцзін» («Кніга песень», 11—6 ст. да н. э.).