Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАБАЛІ́ЗМ (ад грэч. katabolē скіданне, разбурэнне), дысіміляцыя,
сукупнасць хім. працэсаў у жывым арганізме, якія забяспечваюць раскладанне ў ім уласных і тых, што паступілі з ежай (кормам), складаных арган. рэчываў на больш простыя. Непарыўна звязаны з анабалізмам і абменам энергіі ў арганізме. Суправаджаецца паступовым вызваленнем назапашанай у хім. сувязях буйных малекул энергіі, якая выкарыстоўваецца ў арганізме на сінтэз новых арган. злучэнняў, забеспячэнне працэсаў жыццядзейнасці (скарачэнне мышцаў, правядзенне нерв. імпульсаў, падтрыманне т-ры пела, асматычнага ціску і інш.) або назапашваецца ў форме багатых энергіяй фасфатных сувязей, пераважна адэназінфосфарнай кіслаты (гл.Акісленне біялагічнае). Цэнтр. месца ў К. займаюць гліколіз, браджэнне і працэс дыхання. Асн. канчатковыя яго прадукты — вуглякіслы газ, вада, аміяк, мачавіна, малочная кіслата. Як правіла, К. забяспечваецца спецыфічным наборам ферментаў. Шэраг прамежкавых прадуктаў, якія пры гэтым утвараюцца (напр. ацэтылкаэнзім А), звязваюць К. і анабалізм у адзінае цэлае, абумоўліваюць іх узаемазалежнасць і ўзаемаабумоўленасць. У высокаарганізаваных арганізмаў у рэгуляцыі К. акрамя ферментаў удзельнічаюць гармоны і інш. біялагічна актыўныя злучэнні, нерв. сістэма (гл.Нейрагумаральная рэгуляцыя). Паталагічнае павышэнне ўзроўню К. выяўляецца схудненнем, дыстрафіяй і інш. знешнімі прыкметамі і станам арганізма. Многія прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, здольныя павышаць ці паніжаць інтэнсіўнасць К., выкарыстоўваюць як лек. сродкі ў тэрапіі хвароб абмену рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУНЬ ЯТСЕ́Н, Сунь Ісянь,
Сунь Вэнь (12.11.1866, павет Чжуншань, Кітай — 12.3.1925),
кітайскі рэвалюцыянер і дзярж. дзеяч. Скончыў мед. каледж у Ганконгу (1892). У 1894 заснаваў рэв. арг-цыю Сінчжунхой, якая ставіла за мэту скінуць маньчжурскую дынастыю Цын. Пасля правалу падрыхтаванага ёй паўстання ў 1895 у эміграцыі. У 1905 на базе Сінчжунхоя С.Я. стварыў больш шырокую рэв. арг-цыю Тунмэнхой і сфармуляваў «тры народныя прынцыпы»: нацыяналізм (скіданне маньчжурскай дынастыі і ўсталяванне нац. кіравання), народаўладдзе (рэспубліканскі лад) і нар. дабрабыт (ураўняльнае землекарыстанне). З пач.Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 С.Я. вярнуўся ў Кітай, 29.12.1911 абраны часовым прэзідэнтам Кіт. Рэспублікі. У абмен на адрачэнне Цынаў ад улады падаў 13.2.1912 у адстаўку. У канцы 1912 стварыў Нац. партыю (Гаміньдан, ГМД). Пасля задушэння летам 1913 паўстання, скіраванага супраць аўтарытарнай палітыкі прэзідэнта Юань Шыкая, С.Я. уцёк у Японію, а ГМД распушчаны. У 1914 С.Я. стварыў у Японіі Кіт.рэв. партыю. З пач. паўстання Паўд. правінцый Кітая супраць пекінскага ўрада (1916) С.Я. вярнуўся ў Кітай. У 1917—18 узначальваў урад у Гуанчжоў, але з-за спрэчак з мясц. ваеннымі выехаў у Шанхай. Распрацаваў там канцэпцыю «паліт. апекі», якая прадугледжвала аб’яднанне Кітая пад кіраўніцтвам рэв. партыі. З гэтай мэтай у 1919 адноўлены ГМД. У 1921 частка дэпутатаў кіт. парламента, распушчанага ваеннымі, абрала С.Я. прэзідэнтам Кіт. Рэспублікі. Аднак яго спробы дамагчыся прызнання з боку сусв. супольніцтва і атрымаць дапамогу ад краін Захаду ў справе аб’яднання Кітая не мелі поспеху. У 1922 ён пагадзіўся на дапамогу СССР у абмен на саюз ГМД з Кітайскай камуністычнай партыяй. У 1923—24 з дапамогай сав.паліт. і ваен. саветнікаў (М.М.Барадзін, В.К.Блюхер і інш.) ГМД рэарганізавана на ўзор ВКП(б) і створана Нац.-рэв. армія, што забяспечыла перамогу Рэвалюцыі 1925—28 у Кітаі.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв. 2 изд. М., 1985.
Літ.:
Матвеева Г.С. Отец республики: Повесть о Сунь Ятсене. М., 1975;
Ефимов Г.В. Сунь Ятсен: Поиск пути, 1914—1922. М., 1981;
Тихвинский С.Л. Завещание китайского революционера: Сунь Ятсен: жизнь, борьба и эволюция политич. взглядов. М., 1986;
Wilbur C.M. Sun Yat-sen: Frustrated Patriot. New York, 1976.