КЛУБО́ЧАК,

суквецце, у якім усе кветкі шчыльна скучаны, развіваюцца ад верхавінкі да асновы і маюць выгляд галовак. У кожнай кветцы лісцікі калякветніка ахопліваюць завязь, зрастаюцца з ёй, потым развіваюцца ў зрослыя плады (арэшкі) і ўтвараюць суплоддзе, якое таксама наз. К. Характэрны для бурака, лебяды і інш. раслін сям. лебядовых.

т. 8, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНО́ЧАК (Campanula),

род кветкавых раслін сям. званочкавых. Каля 400 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 12 дзікарослых: З. балонскі (C. bononiensis), жорсткавалосы, або аленевы (C. cervicaria), крапівалісты (C. trachelium), круглалісты (C. rotundifolia), мучністы (C. farinosa), персікалісты (C. persicifolia), раскідзісты (C. patula), рэпчатападобны, або рапунцэлепадобны (C. rapunculoides), рэпчаты, або рапунцэль (C. rapunculus), сібірскі (C. sibirica) скучаны, або зборны (C. glomecata), шыракалісты (C. latifolia) і 10 інтрадукаваных: бледна-вохрысты (C. ochroleuca), карлацкі (C. carpatica), кропкавы (C. punctata), сармацкі (C. Sarmatica), сярэдні (C. media), узгоркавы (C. collina), часночніцалісты (C. alliarifolium) і інш. відаў. З. рэпчаты, сібірскі і шыракалісты занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным простым ці галінастым сцяблом выш. да 120 см. Лісце амаль сядзячае або на кароткіх чаранках, чаргаванае, суцэльнае, іншы раз у прыкаранёвай разетцы. Кветкі званочкавыя, лейкападобныя. адкрытыя да колападобных, рознага колеру (найчасцей сінія, блакітныя, фіялетавыя, белыя), адзіночныя або ў галінастых суквеццях. Чашачка 5-зубчастая, часта з прыдаткамі паміж зубцамі. Плод — каробачка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Карані і лісце некат. відаў (напр., З. рэпчатага) ядомыя.

Г.​У.​Вынаеў.

Званочак: 1 — зборны; 2 — сібірскі; 3 — персікалісты; 4 — карпацкі.

т. 7, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)