акт аб абмежаванні вярхоўнай улады манарха ў Рэчы Паспалітай сеймам, прыняты ў 1574 пры абранні каралём і вял. князем Генрыка Валезы (гл. ў арт.Генрых, франц. каралі). Складаўся з 18 пунктаў, паводле якіх кароль абавязваўся правіць разам з радай (18 чал. з сенатараў) без спадчыннага замацавання трона, склікаць сеймы праз 2 гады, без аднагалоснай згоды сейма не заключаць мір і не аб’яўляць вайну, не склікаць шляхецкае апалчэнне — паспалітае рушэнне, не ўводзіць новых падаткаў. Шляхце давалася права адмаўляцца ад паслушэнства каралю пры парушэнні ім Генрыкавых артыкулаў. Без змен Генрыкавы артыкулы пацвярджаліся наступнымі каралямі пры іх абранні на трон Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКАГА ПЛАН 1811,
праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі, прапанаваны сенатарам М.К.Агінскім імператару Аляксандру I. Адлюстраваў імкненне бел.-літ. шляхты да адм. і прававой самастойнасці краю і гатоўнасць цара пайсці на пэўную лібералізацыю палітыкі ў зах. губернях, каб нейтралізаваць пранапалеонаўскія настроі мясц. знаці. Прадугледжваў заснаванне з Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай губ., Беластоцкай вобл. і Цярнопальскай акр. асобнай правінцыі пад назвай ВКЛ з гал. горадам Вільня і пад кіраваннем імператарскага намесніка; стварэнне ў краі вышэйшых дзярж. судовых і інш. органаў. Планавалася склікаць сойм, увесці канстытуцыю і паступова скасаваць прыгоннае права. Пад націскам кансерватыўных колаў, якія ўбачылі ў адраджэнні ВКЛ пагрозу тэр. цэласнасці Расіі, Аляксандр I не змог зацвердзіць Агінскага план 1811, але ўсё ж праект садзейнічаў прымірэнню ўрада з мясц. шляхтай напярэдадні вайны 1812: былі прыняты законы 1811 аб падатковых ільготах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ АБЛАСНЫ́ КАМІТЭ́Тпры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў (БАК). Дзейнічаў у ліст. 1917—18. Створаны ў Петраградзе з дэлегатаў ад бел. губерняў на Усерас. з’ездах сял. дэпутатаў, членаў Устаноўчага сходу, а таксама з прадстаўнікоў арміі і флоту (усяго 70 чал.). Старшыня Я.С.Канчар. Выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. Федэратыўнай Рэспублікі, імкнуўся ўзначаліць бел.нац. рух, разам з Вял.бел. радай узяў на сябе ініцыятыву склікання Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. Наладзіў кантакт з Наркамнацам, пры якім быў створаны Бел. аддзел у складзе прадстаўнікоў к-та П.М.Караткевіча і В.С.Селіванава. Спрабаваў паслаць свайго прадстаўніка на мірныя перагаворы ў Брэст-Літоўск. Выдаў працы Я.Ф.Карскага «Беларуская мова» і «Этнаграфічная карта беларускага племя» (1918). У пач. 1918 спрабаваў склікаць 2-і Усебел. з’езд, пасля чаго спыніў сваю дзейнасць.
Літ.:
Канчер Е.С. Из истории общественных, национальных и революционных движений белорусов // Нёман. 1993. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́НЦКІ ЭДЫ́КТ 1598,
эдыкт, падпісаны франц. каралём Генрыхам IV [1589—1610] у крас. 1598 у г. Нант; завяршыў рэлігійныя войны ў Францыі. Складаўся з 93 афіц. і 36 тайных артыкулаў. Паводле Н.э. каталіцызм заставаўся пануючай рэлігіяй, але гугеноты атрымалі свабоду веравызнання і набажэнства ў гарадах (акрамя Парыжа і некаторых інш.), у сваіх замках і шэрагу сельскіх мясцовасцей, права займаць суд.-адм. і ваен. пасады; для разбору суд. спраў гугенотаў пры парламентах у Парыжы, Тулузе, Бардо і Грэноблі былі створаны асобыя палаты, якія складаліся напалавіну з гугенотаў; ім дазвалялася склікацьпаліт. канферэнцыі і сіноды (сходы). Паводле тайных артыкулаў Н.э. (не былі зарэгістраваны парыжскім парламентам) гугеноты атрымалі 100 т.зв. «гарантыйных» крэпасцей з гарнізонамі (галоўныя — Манпелье, Мантабан, Ла-Рашэль), права мець войска і інш.паліт. прывілеі, несумяшчальныя з сутнасцю цэнтралізаванай дзяржавы. Пасля вайны з гугенотамі 1621—29 тайныя артыкулы Н.э. скасаваны, у т. л. ліквідаваны «гарантыйныя» крэпасці гугенотаў. З сярэдзіны 17 ст.асн. палажэнні Н.э. сістэматычна парушаліся каралём Людовікам XIV, які канчаткова адмяніў яго ў 1685, што прывяло да эміграцыі каля 500 тыс. гугенотаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ ПАДЗЕ́Л РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ.
Ажыццёўлены ў 1793 Рас. імперыяй і Прусіяй у змове з кансерватыўнай арыстакратыяй Рэчы Паспалітай, якая была незадаволена рэформамі Чатырохгадовага сейма 1788—92 і Канстытуцыяй 3 мая 1791. Апазіцыя стварыла Таргавіцкую канфедэрацыю (1792) і папрасіла Кацярыну II дапамагчы аднавіць перадсеймавую сістэму кардынальных правоў. 11.5.1792 Кацярына II увяла на Беларусь і Украіну 73-тысячнае войска на чале з ген.-аншэфам М.М.Крачэтнікавым. Войску ВКЛ у баях пад Мірам 10 чэрв., Крамянцом і Брэстам 24 ліп. не ўдалося стрымаць наступ рас. арміі. 23.1.1793 Расія і Прусія заключылі ў Пецярбургу тайную канвенцыю для скасавання Канстытуцыі 3 мая і аб сумесным падаўленні ўзбр. супраціўлення з боку Рэчы Паспалітай. 27.3.1793 яны абвясцілі акты аб падзеле вызначаных долей (разам 308 тыс.км²). Прусія анексіравала частку Мазовіі, Кракаўскае ваяв., амаль усю Вял. Польшчу, г. Гданьск, Торунь, Расія — Правабярэжную Украіну, часткі Полацкага, Мінскага ваяв., Аршанскага пав., якія засталіся пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, частку Навагрудскага, Брэсцкага і Віленскага ваяв. (да лініі Друя—Пінск з г. Барысаў, Мінск, Слуцк, Нясвіж, Тураў, Пінск; усяго 250 тыс.км² з 13 млн.ж.). Караля польскага і вял. князя ВКЛ Станіслава Панятоўскага прымусілі падтрымаць Генеральную канфедэрацыю і склікацьГродзенскі сейм 1793, які ратыфікаваў трактаты з Расіяй і Прусіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л МО́ЛАДЗІ (КІМ),
міжнароднае аб’яднанне камуніст. маладзёжных арг-цый у 1919—43. Быў секцыяй Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). Засн. на 1-м устаноўчым кангрэсе ў Берліне па ініцыятыве Камінтэрна прадстаўнікамі левых маладзёжных арг-цый 13 краін (Расіі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Польшчы, Венгрыі, Румыніі, Італіі, Іспаніі, Чэхаславакіі), якія раней уваходзілі пераважна ў Сацыялістычны інтэрнацыянал моладзі. Сярод іх былі прадстаўнікі камсамольскіх арг-цый Літвы і Беларусі. На апошнім, 6-м кангрэсе КІМ (1935) аб’ядноўваў 56 асобных арг-цый (секцый) з 52 краін (3773 тыс.чл., у т. л. 3500 тыс.чл.ВЛКСМ). Бел.камуніст. моладзь прадстаўлялі секцыі ВЛКСМ, а ў 1924—38 і Камуністычнага саюза моладзі Польшчы, у склад якога ўваходзіў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. Меў на мэце аб’яднаць моладзь для барацьбы за эканам., паліт. і культ. правы моладзі, выхаванне яе ў духу марксізму-ленінізму, супраць пагрозы сусв. вайны і інш. З 1935 пал уплывам рашэнняў 7-га кангрэса Камінтэрна праводзіў тактыку яднання рабочай моладзі ў адзіным антыфаш. фронце, што дазволіла склікацьміжнар. кангрэсы моладзі ў Жэневе (1936) і ЗША (1938), далучыць да руху за мір каля 40 млн. маладых людзей розных краін. Вышэйшы орган — кангрэс (акрамя 1-га, усе адбыліся ў Маскве ў 1921, 1922, 1924, 1928, 1935), паміж кангрэсамі — Выканаўчы к-т (знаходзіўся ў Маскве), які выбіраў прэзідыум і сакратарыят. У сувязі з роспускам Камінтэрна Выканком КІМ прыняў рашэнне аб самароспуску.
Літ.:
Привалов В.В. Коммунистический интернационал молодежи: Страницы истории. 2 изд М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННАЯ РА́ДА, Няспынная рада (польск. Rada Nieustająca),
вышэйшы орган дзярж. улады Рэчы Паспалітай у 1775—89, 1793—94. Першы пастаянна дзеючы паміж сесіямі соймацэнтр. ўрад, створаны на сойме 1773—75 пасля ратыфікацыі ўмоў 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) для замацавання пераважнага ўплыву Рас. імперыі на ўнутр. справы дзяржавы. Функцыі П.р. аформлены Статутам 1775. Складалася з караля, 18 сенатараў і 18 паслоў ад ваяводстваў са шляхты. Членаў П.р. выбіралі на сойме тайным галасаваннем на 2 гады, пасля чаго праводзіліся перавыбары 1/3 яе складу. Старшынстваваў у радзе кароль (пры яго адсутнасці — прымас), які меў права заканад. ініцыятывы. Падзялялася на дэпартаменты замежных спраў, скарбу, паліцыі, войска, справядлівасці, якія ўзначальваліся сенатарамі. Стварэнне П.р. зафіксавала кампраміс паміж каралём і магнатамі. Кароль мог прызначаць сенатараў і міністраў з 3 кандыдатаў, прапанаваных соймам, страціў права аднаасобна раздаваць староствы, афіцэрскія чыны і прымаць рашэнні па кіраванні арміяй без згоды гетманаў. П.р. атрымала права склікаць звычайныя і надзвычайныя соймы нават без згоды караля, кантраляваць дзярж. скарб без справаздачы перад соймам. Пры падтрымцы Расіі П.р. ўвяла эмфітэтычнае (абмежаванае 50 гадамі) трыманне старостваў, адзінае мыта, вэксальнае права, градацыю падымнага падатку, пераўтварыла панцырныя і гусарскія харугвы ў брыгады нац. кавалерыі, увяла падзел арміі на 6 дывізій, удзельнічала ў заснаванні Адукацыйнай камісіі. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 апазіцыя дамаглася 14.1.1789 ліквідацыі П.р. як «сродку замежнага дыктату і пагрозы ўкаранення нязвыклага дынастычнага абсалютызму». Таргавіцкая канфедэрацыя аднавіла П.р. для склікання Гродзенскага сойма 1793 з мэтай ратыфікацыі 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Сойм абраў П.р. з 24 чал. Мела дэпартаменты скарбу, войска, паліцыі, справядлівасці, адукацыі і замежных спраў, наглядала за парадкавымі цывільна-вайсковымі камісіямі ў ваяводствах і паветах. Праіснавала да стварэння ў час паўстання 1794 Найвышэйшай нацыянальнай рады ў Варшаве і Найвышэйшай літоўскай рады ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯ́РХ (ад грэч. patriarches пачынальнік роду),
вышэйшы епіскапскі тытул у правасл. царкве, кіраўнік памеснай правасл. царквы. У Стараж. Іудзеі П. наз. старшыню сінедрыёна — вышэйшага калегіяльнага органа ўлады. У хрысц. царкве з 4 ст. П. — кіруючы епіскап некаторых гарадоў і зямель (александрыйскі, іерусалімскі, канстанцінопальскі, антыяхійскі, рымскі). З канца 6 ст. канстанцінопальскі П. атрымаў тытул Усяленскага з правам склікаць Усяленскія саборы і прызначаць мітрапалітаў. Папа рымскі разглядаўся тады як П. зах. часткі Візантыі. Аднак рым. царква пасля свайго аддзялення не пагадзілася з гэтым і з 13 ст. ўвяла тытул П. для епіскапаў асобных стараж. епархій у падпарадкаванні папы. Тытул П. існуе таксама ў армяна-грыгарыянскай, копцкай ў Егіпце, эфіопскай і інш.стараж.усх. цэрквах. Правасл. царква на Беларусі з пачатку свайго існавання і да 1596 знаходзілася пад амафорам (апекай) канстанцінопальскага П. Са згоды апошняга ставіліся мітрапаліты Кіеўскай мітраполіі, да якой першапачаткова адносіліся і бел.правасл. епархіі. У 1596 канстанцінопальскі П. накіраваў свайго экзарха Нікіфара на правасл. сабор у Брэсце, які выступіў супраць Брэсцкай уніі 1596. У 1620—86 адноўленая правасл.царк.арг-цыя Беларусі зноў знаходзілася пад апекай канстанцінопальскага П., у 1686—1700 і з 1917 — П. маскоўскага і ўсяе Русі. Першы маскоўскі П. пастаўлены ў 1589 (у 1700—1917 П. не было). Ён кіруе царквой сумесна са Свяшчэнным сінодам і Архірэйскім саборам, выбіраецца пажыццёва на Памесным саборы (сходзе прадстаўнікоў духавенства і вернікаў царквы). За час існавання Маскоўскага патрыярхата было 16 П.: Іоў (1589—1605); Ігнац ш (1605—06); Гермаген (1606—12); Філарэт (1619—33); Іаасаф I (1634—40); Іосіф (1642—52); Нікан(1652—67), пры якім патрыяршаства дасягнула найб.паліт. магутнасці; Іаасаф II (1667—72); Піцірым (1672—73); Іаакім (1674—90); Адрыян (1690—1700); Ціхан (1917—25); Сергій (1925—27 — намеснік, у 1927—43 — месцаахоўнік, 1943—44 — патрыярх); Аляксій (1945—70); Пімен (1970—90); Аляксій II (з 1990), які ў 1991, 1995 і 1998 наведваў Беларусь. У наш час П. ўзначальваюць таксама Канстанцінопальскую, Александрыйскую, Антыяхійскую, Іерусалімскую, Груз. (каталікос-П.), Сербскую, Балг., Рум. памесныя правасл. цэрквы.
нарада кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Лівадзійскім палацы каля г. Ялта (Крымскі п-аў) 4—11.2.1945 у канцы 2-й сусв. вайны. Удзельнічалі І.В.Сталін (СССР), Ф.Д.Рузвельт (ЗША), У.Чэрчыль (Вялікабрытанія), міністры замежных спраў, начальнікі штабоў і саветнікі названых саюзных дзяржаў (у т. л. А.А.Грамыка). Мела на мэце каардынацыю дзеянняў саюзнікаў для канчатковага разгрому фаш. Германіі, ажыццяўленне ўмоў яе безагаворачнай капітуляцыі і пасляваен. ўпарадкавання свету. Саюзнікі вырашылі стварыць у Германіі свае зоны акупацыі (пры жаданні Францыі і яе зону) і агульнагерм. кантрольны орган у Берліне (яго таксама меркавалася падзяліць на акупац. зоны), выпрацавалі праграму выкаранення герм. мілітарызму і нацызму (гл.Дэмілітарызацыя, Дэнацыфікацыя), узнялі пытанне аб кампенсацыі нанесеных ім Германіяй страт (вырашана стварыць у Маскве спец. камісію па рэпарацыях, частку якіх пасля вайны атрымала і БССР). Прадугледжвалася рэпатрыяцыя з Германіі ўрадамі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі сав. грамадзян, якія не жадалі вяртацца ў СССР. У развіццё рашэнняў Думбартан-Окс канферэнцыі 1944 бакі вырашылі склікаць 25.4.1945 у г. Сан-Францыска (ЗША) Устаноўчую канферэнцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дамовіліся аб тым, што яе членамі разам з СССР будуць УССР і БССР — сав. рэспублікі, якія найб. пацярпелі ў вайне і ўнеслі вялікі ўклад у разгром ням.-фаш. войск. Саюзныя дзяржавы прынялі «Дэкларацыю аб вызваленай Еўропе», паводле якой яны абавязаліся садзейнічаць дзяржавам у аднаўленні іх суверэнітэту, дэмакратызацыі паліт. жыцця і эканамічна дапамагаць ім, разгледзелі пытанні аб Польшчы (яе ўрадзе і граніцах) і Югаславіі. Яны вырашылі, што ўсх. польск. граніца пройдзе па «Керзана лініі» з адхіленнем ад яе ў некат. месцах на 5—8 км на карысць Польшчы (г.зн. Польшчы перадавалася б.ч. Беластоцкай вобл.). Па югасл. пытанні прыняты рэкамендацыі аб утварэнні Часовага аб’яднанага ўрада Югаславіі і Часовага парламента на аснове Анты-фашысцкага веча народнага вызвалення Югаславіі. Было таксама прынята сакрэтнае пагадненне аб уступленні СССР у вайну супраць Японіі праз 2—3 месяцы пасля капітуляцыі Германіі і заканчэння вайны ў Еўропе, вяртанні паўд. часткі в-ва Сахалін, прадастаўленні ваенна-марской базы ў г. Порт-Артур на Ляадунскім п-ве і перадачы Курыльскіх а-воў СССР. Рашэнні К.к. дапоўніла і замацавала Патсдамская канферэнцыя 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,
узброенае звяржэнне Часовага ўрада і прыход да ўлады ў Расіі партыі бальшавікоў. У выніку К.р. 1917 устаноўлена савецкая ўлада, пачалася ліквідацыя капіталізму і пераход да сацыялізму. Марудлівасць і непаслядоўнасць дзеянняў Часовага ўрада пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у вырашэнні рабочага, агр. і нац. пытанняў, няўдачы ў 1-й сусв. вайне прывялі да паглыблення агульнанац. крызісу і стварылі перадумовы для ўзмацнення партый рэв. дэмакратыі ў цэнтры і нац. партый на ўскраінах Рас. імперыі. Найб. энергічна дзейнічалі бальшавікі, якія абвясцілі курс на сацыяліст. рэвалюцыю. Шляхі барацьбы за пераход ад бурж.-дэмакр. рэвалюцыі да сацыялістычнай былі распрацаваны У.І.Леніным у «Красавіцкіх тэзісах» і адобраны VII Усерас. (Красавіцкай) канферэнцыяй РСДРП [24—29.4(7—12.5).1917], якая пацвердзіла лінію на сацыяліст. рэвалюцыю, мірны пераход улады ў рукі Саветаў, сфармулявала эканам. праграму пераўтварэнняў у Расіі: рабочы кантроль за вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі, аб’яднанне ўсіх банкаў у адзін агульнанац. і ўстанаўленне над ім кантролю з боку Саветаў, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсёй зямлі ў краіне. У нац. пытанні канферэнцыя прызнала за кожнай нацыяй права на самавызначэнне аж да аддзялення і стварэння самаст. дзяржавы. Красавіцкі, чэрвеньскі і ліпеньскі паліт. крызісы выявілі няздольнасць Часовага ўрада вырашаць супярэчнасці, што існавалі ў краіне. 20—21 крас. (3—4 мая) рабочыя і салдаты Петраграда (каля 100 тыс.чал.) і інш. гарадоў правялі дэманстрацыі з антыўрадавымі лозунгамі. Паліт. сітуацыя ў краіне няспынна абвастралася. 18.6.(1.7).1917 каля 500 тыс. рабочых і салдат Петраграда зноў выйшлі на дэманстрацыю пад заклікамі «Уся ўлада Саветам». 2(15) ліп. ў Петраградзе стыхійна пачалася дэманстрацыя рабочых і салдат, якая па загаду Часовага ўрада была расстраляна. Кіраўніцтва бальшавікоў вымушана было пайсці ў падполле. Гэта істотна змяняла паліт. становішча, мірны перыяд рэвалюцыі скончыўся.
Зыходзячы з росту радыкальных настрояў сярод шырокіх пластоў насельніцтва, Ленін абгрунтаваў курс на ўзбр. паўстанне, як адзіны сродак заваёвы ўлады. Гэты курс адобрыў VI з’езд партыі бальшавікоў [26.7(8.8)—3(16).8.1917]. Абапіраючыся на рашэнні з’езда, бальшавікі актывізавалі сваю паліт. дзейнасць. Прыхільнікі «парадку» схіляліся да ўстанаўлення ваен. дыктатуры ў краіне. Стаўка была зроблена на Вярх. галоўнакамандуючага ген. Л.Г.Карнілава. Актыўны ўдзел у ліквідацыі Карнілава мяцяжу спрыяў росту ўплыву бальшавікоў. У жн.—кастр. 1917 колькасць членаў РСДРП павялічылася амаль ў 1,5 раза і дасягнула 350 тыс.чал. Да канца жн. — пач. верасня бальшавікі заваявалі большасць у Саветах Петраграда і Масквы і пачалі падрыхтоўку ўзбр. паўстання, прымеркаваўшы яго да адкрыцця Другога Усерасійскага з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 21 і 22 кастр. (3—4 ліст.). Петраградскі Ваенна-рэв.к-т [створаны 12(25).10.1917] узяў на сябе кіраўніцтва гарнізонам, замяніў камісараў, прызначаных Часовым урадам. 23 кастр. (5 ліст.) на бок бальшавікоў перайшоў гарнізон Петрапаўлаўскай крэпасці. У гэты ж дзень ЦКРСДРП(б) пасля даклада Леніна прыняў рэзалюцыю, якая прызнала паўстанне наспелым і непазбежным і прапанавала ўсім парт. арг-цыям кіравацца гэтым рашэннем. У ноч на 25 кастр. (7 ліст.) 1917 бальшавікі пачалі ўзбр. паўстанне, занялі асн. лініі сувязі ў сталіцы, адрэзалі ўрад ад краіны, а ў ноч на 26 кастр. (8 ліст.) узялі Зімні палац, дзе засядаў урад, і арыштавалі яго членаў. Раніцай бальшавікі перадалі захопленую ўладу II Усерас. з’езду Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў — органу нар. прадстаўніцтва, які абвясціў аб пераходзе ўлады ва ўсёй краіне да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Партыі меньшавікоў-інтэрнацыяналістаў, Бунд, эсэраў (за выключэннем левых), асудзілі «ваенную змову» бальшавікоў і пакінулі з’езд. З’езд прыняў дэкрэты аб міры, аб зямлі, сфарміраваў урад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з Леніным, выбраў заканадаўчы, распарадчы і кантралюючы орган улады — Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ВЦВК). У яго склад увайшлі 62 бальшавікі, 29 левых эсэраў і прадстаўнікі інш. партый. Гэта азначала, што бальшавікі не адмаўлялі магчымасці супрацоўніцтва з рэв.-дэмакр. партыямі. Новы ўрад абяцаў склікаць у ліст. 1917 Устаноўчы сход. Пасля падаўлення ў Петраградзе і Маскве супраціўлення сіл, верных Часоваму ўраду, бальшавікі хутка ўстанавілі кантроль над асн.прамысл. цэнтрамі Расіі. Гал.паліт. праціўнік бальшавікоў — партыя кадэтаў (гл.Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя), была аб’яўлена па-за законам, арыштаваны шэраг яе лідэраў, забаронены апазіц. друк. Нягледзячы на гэта, на выбарах ва Устаноўчы сход [12(25).11.1917] бальшавікі атрымалі толькі каля 25% галасоў выбаршчыкаў. 5(18).1.1918 Устаноўчы сход, які адмовіўся прызнаць уладу Саветаў, разагнаны бальшавікамі. Гэта прывяло да далейшага расколу краіны. Пачалася Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22.
Перамога ўзбр. паўстання ў Петраградзе прадвызначыла зыход барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. 25.10(7.11).1917 выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі, выдаў загад № 1 «Да насельніцтва гор. Мінска і яго ваколіц», у якім заявіў пра пераход улады да Саветаў. 27.10(9.11).1917 быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, які абвясціў сябе ўладай на тэр. Беларусі і Зах. фронце. У адказ прыхільнікі Часовага ўрада стварылі К-т выратавання рэвалюцыі Зах. фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада. Загадам ВРК 4(17).11.1917 К-т распушчаны. У ноч на 19 ліст. (3 снеж.) пад націскам рэв. салдат і рабочых Магілёва Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі прадстаўнікі эсэраў, меншавікоў і Бунда, прызнаў уладу ў Петраградзе, стварыў Ваенна-рэв.к-т. У тую ж ноч разгромлена стаўка Вярх. галоўнакамандуючага. На працягу 3 тыдняў [да 20.11(3.12).1917] на неакупіраванай тэр. Беларусі закончыўся пераход улады да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў, створаны органы сав. улады. З’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, III з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., II з’езд армій Зах. фронту выбралі выканкомы і Франтавы к-т, якія 26.11(9.12).1917 аб’ядналіся і на іх аснове разам з прадстаўнікамі прафсаюзаў быў выбраны вышэйшы орган улады Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах) і створаны выканаўчы орган Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Гэтым жа рашэннем быў зацверджаны адм.-гасп. статус Беларусі (Заходняй вобласці) у межах Сав. Расіі. Устанаўленне сав. улады ў Беларусі і Зах. фронце прайшло бяскроўна. Адначасова з фарміраваннем новых органаў улады расфарміроўваліся старыя органы кіравання — земскія ўправы, гар. думы і г.д. Ажыццяўлялася нацыяналізацыя прам-сці, уводзіўся 8-гадз. рабочы дзень, праводзіліся мерапрыемствы па ажыццяўленні Дэкрэта аб зямлі, фабрычна-заводскія к-ты і прафсаюзы ўстанаўлівалі рабочы кантроль над вытв-сцю. Паліт. сітуацыя ў Беларусі ўскладнялася нявырашанасцю нац. пытання. Кіраўніцтва Паўн.-Зах.абл.к-таРСДРП(б) адмаўляла права бел. народа на самавызначэнне і стварэнне сваёй нац. дзяржаўнасці, што выявілася ў разгоне 18(31).12.1917 Усебеларускага з’езда, які не прызнаў сав. ўладу.
Існуе шырокі спектр ацэнак К.р. 1917: ад сцвярджэння аб тым, што рэвалюцыя была спробай стварэння сацыялізму, як дэмакр. ладу сац. справядлівасці да нац. катастрофы, якая прывяла да значных ахвяр і ўсталявання таталітарнай сістэмы.
Кр.: Великая Октябрьская социалистическая революция: Сб. док. и материалов. Кн. [1—10]. М., 1957—63; Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1957; Декреты Советской власти. Т. 1—13. М., 1957—89; Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР. Т. 4. Мн., 1954.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;
Игнатенко И.М. Беднейшее крестьянство — союзник пролетариата в борьбе за победу Октябрьской революции в Белоруссии (1917—1918 гг.). Мн., 1962;
Яго ж. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Яго ж. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. Мн., 1995;
Керенский А.Ф. Россия на историческом повороте: Мемуары: Пер. с англ.М., 1993;
Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990;
Ленин В.И. О Великой Октябрьской социалистической революции. 4 изд. М. 1987;
Яго ж. О социалистической революции. Т 1—2. 2 изд. М., 1987;
Минц И.И. История Великого Октября. Т. 1—3. М., 1977—79;
Милюков П.Н. Воспоминания. М., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;
Саладков И.И. Большевики Белоруссии в период подготовки и проведения Великой Октябрьской социалистической революции (март 1917 — февраль 1918). Мн., 1957;
Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г.Мн., 1991;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1—3. М., 1991—92;
Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;
Яго ж. Уроки Октября. СПб., 1991;
Верт Н. История советского государства, 1900—1991: Пер. с фр. 2 изд. М., 1995;
Карр Э.Х. Русская революция от Ленина до Сталина, 1917—1929: Пер. с англ.М., 1990;
Слассер Р. Сталин в 1917 г.: Человек, оставшийся вне революции: Пер. с англ.М., 1989;
Пайпс Р. Русская революция: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1994.
Да арт.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Адозва ВРК пры Петраградскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 25.10.1917.Да арт.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Чырвонагвардзейцы трамвайнага парка ў Замаскварэччы. Масква. Кастрычнік 1917.Да арт.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Салдацкі мітынг на Заходнім фронце ў кастрычніцкія дні 1917.