БУДАЎНІ́ЧЫЯ РАСТВО́РЫ.

Выкарыстоўваюць для каменнай муроўкі, мантажу зборных бетонных і жалезабетонных канструкцый, аховы метал. канструкцый і закладных дэталяў ад карозіі, для гідра-, цепла- і гукаізаляцыі будынкаў і збудаванняў. Атрымліваюць з сумесі вяжучага рэчыва (з вадой, часам без яе), дробнага запаўняльніку і дабавак (пры неабходнасці). Яны здольныя зацвердзяваць, склейваць каменныя матэрыялы і ўтвараць ахоўныя слаі буд. канструкцый.

Адрозніваюць будаўнічыя растворы: муравальныя, аддзелачныя (тынкавальныя, дэкаратыўныя) і спецыяльныя (ін’екцыйныя, тампанажныя, гарача- і кіслотаўстойлівыя, рэнтгенаахоўныя, акустычныя); цяжкія (шчыльнасць больш за 1500 кг/м³) і лёгкія (менш за 1500 кг/м³); цэментныя, вапнавыя, гіпсавыя і мяшаныя (цэментна-гліняныя, цэментна-вапнавыя, вапнава-гіпсавыя, палімерцэментныя, цэментна-перхлорвінілавыя). Будаўнічыя растворы рыхтуюць звычайна на аўтаматызаваных растворных з-дах і вузлах, дастаўляюць на буд. аб’екты ў спец. аўтацыстэрнах або аўтамабілях-самазвалах. Для зімовай муроўкі і тынкоўкі ў сумесь уводзяць процімарозныя дабаўкі, для павышэння тэхнал. якасцей і тэхн. характарыстык — пластыфікавальныя і паветраўцягвальныя дабаўкі. У дэкар. Будаўнічыя растворы дабаўляюць святло-, шчолача- і кіслотаўстойлівыя пігменты, спец. запаўняльнікі.

І.​І.​Леановіч.

т. 3, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯІ́,

кампазіцыі на аснове рэчываў, здольных злучаць (склейваць) розныя матэрыялы: паперу, драўніну, шкло, кераміку, металы, скуру, пластмасы і інш.

Дзеянне К. абумоўлена ўтварэннем трывалых адгезійных сувязей (гл. Адгезія) паміж клеявой праслойкай і паверхнямі матэрыялаў, што злучаюцца. Звычайна маюць ацвярджальнікі і дабаўкі (напр., напаўняльнікі, пластыфікатары), якія мадыфікуюць уласцівасці К. (ліпучасць, скорасць ацвярдзення, час выкарыстання) і клеявой праслойкі (трываласць, цвёрдасць, тэрма- і атмасфераўстойлівасць і інш.). Паводле тыпу асновы падзяляюць на арган. (прыродныя і сінт.) і неарганічныя. К. на аснове прыродных палімераў жывёльнага (казеінавыя, альбумінавыя, глюцінавыя) ці расліннага паходжання (крухмал, дэкстрынавыя, канадскі бальзам і інш.) вызначаюцца нізкай водаўстойлівасцю і загніваюць пад уздзеяннем мікраарганізмаў. Найб. пашыраны К. сінтэтычныя на аснове сінт. алігамераў і палімераў (фенола-фармальдэгідных, эпаксідных, поліэфірных смол, поліамідаў, поліурэтанаў і інш.), для якіх характэрны высокая трываласць склейвання і ўстойлівасць да рознага асяроддзя. Паводле хім. прыроды асновы адрозніваюць тэрмарэактыўныя — пры склейванні змяняецца іх хім. структура ў выніку ацвярдзення палімераў ці вулканізацыі (гл. Гумавыя кляі) і тэрмапластычныя, хім. структура якіх не змяняецца; яны зацвердзяваюць у выніку выпарэння растваральніку (К.-растворы) ці застывання расплаву (К.-расплавы). К. неарганічныя — керамічныя (аснова — аксіды магнію, алюмінію, крэмнію, шчолачных металаў), фасфатныя (найб. пашыраныя алюмафасфатныя і алюмахромфасфатныя), сілікатныя (аснова — водныя растворы сілікатаў натрыю і калію), метал. (аснова — вадкі метал, напр., галій). Паводле прызначэння К. падзяляюць на канструкцыйныя (утвараюць клеявыя злучэнні, якія вытрымліваюць мех. напружанне не менш за 10 МПа), прызначаныя для збору машын, лятальных апаратаў, буд. канструкцый, і неканструкцыйныя, а таксама спецыяльныя.

Літ.:

Кардашов Д.А. Синтетические клеи. 3 изд. М., 1976;

Кардашов Д.А., Петрова А.П. Полимерные клеи: Создание и применение. М., 1983.

А.​І.​Валожын.

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)