«КРЫНІ́ЦА»,

бел. выдавецкая суполка, што існавала ў 1946—48 у лагеры для перамешчаных асоб у г. Мігельсдорф (Германія). Узначальвалі А.​Марговіч і А.​Бута. Выдавала чытанкі для вучняў пачатковых класаў М.​Міцкевіча, падручнікі А.​Верасеня («Паэтычная стылістыка»), М.​Кунцэвіча («Лацінская мова»), творы Я.​Купалы («Магіла льва»), М.​Сяднёва («На край святла»), А.​Кавалеўскага («Шапка-няўглядка»), зборнікі апавяданняў («Толькі сон»), а таксама «Скаўцкія гульні», «Скаўцкі спадарожнік», «Рэгулямін скаўцкіх спраўнасьцяў», часопісы «Напагатове», «У вырай» і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 8, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКА́ЎТЫЗМ (ад англ. scout разведчык),

сістэма арганізаванага пазашкольнага выхавання моладзі 7—21-гадовага ўзросту, якая ўключае развіццё іх грамадскай дзейнасці і фіз. падрыхтоўку. Першыя скаўцкія арг-цыі ўзніклі ў 1907 у Вялікабрытаніі (засн. Р.​Бадэн-Поўэл), пазней пашырыліся ў Францыі, Германіі. Італіі, ЗША і інш. краінах. Яны падзяляюцца на байскаўцкія (хлопчыкі) і гёрлскаўцкія (дзяўчынкі). У 1920 засн. Сусветная арг-цыя скаўцкага руху (World Organization of the Scont Movement, Жэнева), у пач. 1990-x г. у яе ўваходзіла больш за 16 млн. чл. з больш як 160 краін. У Рас. імперыі скаўцкія атрады ствараліся з 1909. У 1914 засн. т-ва «Рускі скаўт». Пасля 1917 скаўцкія арг-цыі забаронены, з пач. 1990-х г. пачалі аднаўляцца. На Беларусі дзейнічаюць дзіцячая грамадская арг-цыя «Бел. рэсп. скаўцкая асацыяцыя» (з 1991), рэсп. грамадская арг-цыя «Аб’яднанне бел. скаўтаў» (з 1992), грамадскае аб’яднанне «Беларускі скаўцкі рух» (з 1997). У 2001 у іх уваходзіла больш за 360 членаў.

т. 14, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)