СІ́ЦІ (City),
цэнтральная частка і гіст. цэнтр г. Лондан, у якой сканцэнтраваны канторы і праўленні найбуйнейшых банкаў і страхавых кампаній прамысл., гандл. і трансп. дзейнасці краіны. С. — сінонім англ. фін. алігархіі.
т. 14, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРА́Т [новалац. concentratus засяроджаны, сканцэнтраваны ад лац. con (cum) разам + centrum цэнтр],
1) спецыяльна апрацаваны сухі прадукт, зручны для захоўвання і хуткага прыгатавання ежы.
2) Корм высокай пажыўнасці для жывёлы (напр., зерне, макуха, вотруб’е). Гл. таксама Канцэнтраваныя кармы.
3) Прадукт абагачэння карыснага выкапня, у якім канцэнтрацыя каштоўнага мінералу вышэйшая, чым у зыходнай сыравіне.
т. 8, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́НЬ (ваен.),
стральба з розных відаў агнястрэльнай зброі, адзін з асн. сродкаў знішчэння і паражэння праціўніка.
Адрозніваюць агонь адзіночнымі выстраламі, залпавы, бесперапынны; па напрамках — перакрыжаваны, франтальны, флангавы; можа быць беглы, кінжальны, масіраваны, метадычны і інш., з артыл. сістэм — сканцэнтраваны, рухомы і нерухомы загараджальны, паслядоўны, агнявы вал і інш. Агонь уключае таксама пуск ракет у звычайным начынні.
т. 1, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДКАЛЕ́ССЕ,
лясное згуртаванне з рэдкім нізкарослым дрэвастоем, якое не ўтварае злучанага полага. Утвараецца ва ўмовах недастатковага ўвільгатнення ці нізкай т-ры. Вылучаюць Р. лесатундравае (яловае, лістоўнічнае, бярозавае), ксерафітнае (саксаульнікі, фісташнікі, арчэўнікі), субальпійскае і балотнае. На Беларусі Р. хвоі звычайнай пашыраны на Пн, дзе сканцэнтраваны буйныя масівы верхавых балот (Ельня, Жала, Мох і інш.).
М.В.Ярмохін.
т. 13, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ТАВЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,
простыя скурныя трубчастыя залозы ў млекакормячых жывёл і чалавека. Выпрацоўваюць і выдзяляюць пот, выконваюць выдзяляльную, тэрмарэгулятарную, сігнальную і інш. функцыі. Па характары развіцця, будове, тыпу сакрэцыі адрозніваюць апакрынныя залозы і экрынныя залозы. У арганізме П.з. значна менш, чым тлушчавых, у многіх млекакормячых жывёл яны адсутнічаюць на абваласелай скуры і сканцэнтраваны на невял. участках. Часам уваходзяць у склад спецыфічных скурных залозістых комплексаў — пахучых залоз.
А.С.Леанцюк.
т. 12, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТЭРАЦЭ́ПТАРЫ, экстэрарэцэптары (ад лац. exter вонкавы + рэцэптары),
высокаспецыялізаваныя адчувальныя ўтварэнні, што ўспрымаюць раздражненні з вонкавага асяроддзя. Размешчаны на паверхні цела чалавека і жывёл дыфузна або сканцэнтраваны ў пачуццяў органах. У залежнасці ад віду раздражнення, што ўспрымаецца, адрозніваюць механарэцэптары скуры (тактыльныя), хемарэцэптары (смаку органы і нюху органы), тэрмарэцэптары скуры, фотарэцэптары, рэцэптары слыху органаў і раўнавагі органаў. У дэльфінаў, кажаноў, начных матылькоў ёсць рэцэптары, чуллівыя да ультрагуку, у некат. рыб — да эл. палёў. Гл. таксама Сенсорныя сістэмы.
А.С.Леанцюк.
т. 18, кн. 1, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМ’Е́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1918,
наступальная аперацыя англа-французскіх войскаў 8—13 жніўня супраць германскіх армій у 1-ю сусв. вайну. Праведзена з мэтай ліквідацыі Ам’енскага выступу і аховы ад арт. абстрэлу чыг. Парыж—Кале. На ўчастку прарыву (76 км) былі сканцэнтраваны гал. сілы і сродкі 4-й англ., 1-й і 3-й франц. армій, больш за 500 танкаў і самалётаў супраць 2-й і ч. войскаў 18-й герм. армій. Ням. войскі з вял. стратамі былі адкінуты. Ам’енская аперацыя стала пачаткам агульнага паражэння Германіі, якая ў ліст. 1918 вымушана была капітуляваць.
т. 1, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ДНІ МОЗГ,
аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы паміж сярэднім і прадаўгаватым мозгам, які складаецца з вароліева моста і мазжачка.
У вароліевым мосце мноства папярочных і падоўжных нерв. валокнаў, сканцэнтраваны рухальныя і адчувальныя шляхі ц. н. с., размешчаны сеткападобная рэтыкулярная фармацыя (каардынуе дзейнасць сістэм, што рэгулююць вегетатыўна-вісцэральныя і сенса-маторныя функцыі арганізма), ядры некаторых чэрапна-мазгавых нерваў, цэнтры, што рэгулююць слінацячэнне, міганне, голасаўтварэнне. Мазжачок размешчаны ў задняй чарапной ямцы пад патылічнымі долямі паўшар’яў вял. мозга; вытворнае задняга мазгавога пузыра. Інтэгруе інфармацыю ад мышачных рэцэптараў, вестыбулярнай сістэмы, маторных цэнтраў; каардынуе работу мышцаў; рэгулюе мышачны тонус.
Г.Дз.Сітнік.
т. 6, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДНЫ АЛТА́Й,
паўднёва-заходняя частка Алтая ў Расіі і Казахстане, у якой сканцэнтраваны значныя радовішчы поліметал. руд. Размешчаны паміж рэкамі Чарыш і Іртыш. Уключае хрыбты Убінскі, Калыванскі, Калбінскі і адгор’і Тыгірэцкага, Іванаўскага, Ульбінскага, Холзун (выш. 1200—2000 м) хрыбтоў. Даўж. больш за 400 км. Характэрны сярэднягор’і (выш. да 2776 м), на З — нізкагор’і. Рудныя целы складзены з суцэльных і ўкрапаных руд. Радовішчы поліметал. руд утвараюць 2 паласы: медна-свінцова-цынкавых руд (Арлоўскае, Залатушынскае, Нікалаеўскае, Белавусаўскае, Бярозаўскае і інш.) і свінцова-цынкавых руд (Рубцоўскае, Сцяпное, Талаўскае, Сярэдняе, Зарэчанскае, Карбаліхінскае, Стрыжкоўскае, Гуслякоўскае, Ленінагорскае, Зыранаўскае, Цішынскае і інш.). Радовішчы рэдкіх металаў, золата.
т. 13, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЖАЛКА,
штучны вадаём невялікіх памераў (звычайна плошча да 1 км²). Ствараюцца шляхам перагароджвання плацінамі малых рэк, ручаёў, часовых вадацёкаў, а таксама абвалаваннем тэрыторыі па-за межамі рэчышча — у катлавінах, лагчынах і інш. паніжэннях рэльефу, у штучных выемках. Акумулююць мясц. сцёк. Прызначаны для арашэння, увільгатнення с.-г. угоддзяў, гасп.-быт., проціпажарных і рэкрэацыйных мэт, рыбагадоўлі (гл. Сажалкавыя рыбныя гаспадаркі). На Беларусі каля 1200 С. Сканцэнтраваны пераважна ў цэнтр. ч., дзе менш натуральных вадаёмаў. Падзяляюцца на рачныя (рэчышчавыя), ярыста-лагчынныя, кар’ерныя, наліўныя. Найб. пашыраны рачныя С., большасць іх у вярхоўях вадацёкаў. У адрозненне ад вадасховішчаў маюць адносна ўстойлівы ўзроўневы рэжым.
т. 14, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)