НАЗАЛІЗА́ЦЫЯ ГУ́КАЎ (франц. nasal насавы ад лац. nasus нос),
набыццё гукам насавой афарбоўкі як вынік дадатковай артыкуляцыі, якая заключаецца ў апусканні мяккага паднябення. Назалізацыя галосных вельмі пашырана. У шэрагу моў, напр., у франц. мове, можа служыць адрознівальнай прыкметай фанем. У некат. мовах абумоўлена суседствам з насавымі зычнымі і не мае фаналагічнага значэння (параўн. рус. «мак» — «бак»). Аб’ектыўныя метады даследавання Н.г. — рэнтгенаграфія і кіназдымка з дапамогай валаконнай оптыкі.
Літ.:
Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973;
Скалозуб Л.Г. Динамика звукообразования по данным кинорентгенографирования. Киев, 1979.
т. 11, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)