МА́РШАЛ ((Marshall) Алан) (2.5.1902, Нурат, Аўстралія — 22.1.1984),

аўстралійскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў у 1920-я г. Вядомасць набыў аўтабіягр. трылогіяй «Я магу скакаць цераз лужыны» (1955, экранізацыя 1970), «Гэта трава, што расце ўсюды» (1962), «У сэрцы маім» (1963), у цэнтры якой гісторыя дзяцінства і юнацтва, барацьбы з хваробай, выбар жыццёвага шляху. Аўтар зб-каў апавяд. «Раскажы нам пра індыка, Джо» (1946), «Як ты там, Эндзі?» (1956), «Дзікія чырвоныя коні» (1976), «Людзі мары» (1978), кніг нарысаў «Мы таксама людзі» (1948), «Аўстралія Алана Маршала» (1981), твораў пра дзяцей і жывёл. Сабраў і апрацаваў легенды і міфы абарыгенаў (зб. «Людзі з давён-даўна», 1952). На бел. мову прытчу М. пра абарыгенаў «Дынга і Кенгуру» пераклаў Я.​Семяжон.

Тв.:

Рус. пер. — Страдай молча. М., 1966;

Я умею прыгать через лужи: Повесть.Рассказы. Легенды. 2 изд. М., 1982.

т. 10, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГО́НЬ,

з’ява, звязаная з працэсам гарэння; уключае вонкавае і сенсорнае ўспрыманне яго чалавекам. Сляды агню археолагі знаходзяць пры раскопках паселішчаў сінантрапаў і неандэртальцаў.

Доўгі час людзі карысталіся прыродным агнём, які ўзнікаў пры самазагаранні дрэў і раслін ад маланкі, вывяржэння вулканаў, загарання прыроднага газу і інш., і падтрымлівалі гарэнне ў ямах і агнішчах. У пач. верхняга палеаліту людзі навучыліся здабываць агонь ад трэння кавалкаў дрэва. Пазней (у пач. жал. веку) агонь высякалі з крэменю пры дапамозе жал. крэсіва, з 19 ст. сталі выкарыстоўваць запалкі, запальнічкі. Авалоданне агнём спрыяла канчатковаму аддзяленню першабытнага чалавека ад жывёльнага свету і зрабіла вызначальны ўплыў на развіццё агульначалавечай культуры і ўзаемаадносін паміж людзьмі. У стараж. беларусаў агонь лічыўся радавым і хатнім бажаством, абаронцам хатняга ачага і лек. сродкам. Уяўленні пра яго надпрыродную сілу захаваліся ў рытуальных звычаях раскладваць купальскія вогнішчы, скакаць цераз іх парамі для «ачышчэння» і інш. Да канца 19 ст. на Беларусі існавалі ахвяраванні ў гонар агню (спальвалі першы сноп жыта перад тым як сушыць у асеці); «жывым агнём», г. зн. здабытым ад трэння кавалкаў дрэва, абносіліся паселішчы ў час эпідэміі і эпізаотыі, пасевы ў час засухі ці вымакання. Багамі агню ва ўсіх славян лічыліся Сварожыч і Жыжаль. Некаторыя народы Індыі, Ірана і цяпер пакланяюцца агню.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)