СЕНА́ТАРСКІЯ РЭВІ́ЗІІ,
перыядычныя праверкі мясц. дзярж. апарата спец. прызначанымі сенатарамі ў Расіі 18 — пач. 20 ст. Уведзены Пятром I у 1722 як штогадовыя камандзіроўкі сенатараў у губерні і правінцыі. У 1-й пал. 18 ст. праведзены С.р. толькі Маскоўскай губ. (1726). Адноўлены ў 1760-я г., праводзіліся нерэгулярна (да 1799—15 Р.с.). Паводле ўказа Паўла I у 1799—1800 С.р. праведзены ўсіх губерняў, выяўлены шматлікія парушэнні ў мясц. кіраванні і судзе, самавольства чыноўнікаў, вял. колькасць нявырашаных спраў; паводле вынікаў С.р. сенат зняў некалькі дзесяткаў асабліва скампраметаваных чыноўнікаў. У 19 ст. рэвізаваны 53 губ., некат. з іх па некалькі разоў. С.р. ў пэўнай ступені стрымлівалі самавольства мясц. улад, іх вынікі разглядаліся ў сенаце і Савеце міністраў.
т. 14, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОК НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ МЕ́НШАСЦЯЎ,
аб’яднанне паліт. партый і арг-цый нац. меншасцяў у Польшчы ў 1922—28. Створаны для сумеснай дзейнасці напярэдадні выбараў у сейм і для работы ў ім. У блок уваходзіў і Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт. На выбарах у сейм у 1922 атрымаў 1398 тыс. (16%) галасоў, 66 пасольскіх і 22 сенатарскія мандаты. У Зах. Беларусі за кандыдатаў блока было аддадзена 286 тыс. (28%) галасоў. Па спісе блока ў сейм прайшлі 11 дэпутатаў-беларусаў, у сенат — 3 сенатары (А.Аўсянік, В.Багдановіч, С.Баран, У.Каліноўскі, М.Кахановіч, П.Мятла, А.Назарэўскі, В.Рагуля, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Станкевіч, Б.Тарашкевіч, А.Уласаў, С.Якавюк, Ф.Ярэміч) і ўтвораны Беларускі пасольскі клуб.
т. 3, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСЯЛО́ЎСКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Агончык». Паходзілі з Польшчы, дзе неаднаразова займалі сенатарскія пасады, з 1780 графы «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У ВКЛ перасяліўся абозны каронны Пётр (1482—1556), які стаў старостам мсцібаўскім і мяцельскім; ад жонкі атрымаў у пасаг Беласток. Пётр (?—1620), сын Пятра. Каралеўскі сакратар, падскарбі надворны ВКЛ з 1590, маршалак надворны з 1598, маршалак вялікі з 1615. На яго сынах Крыштофе і Мікалаю перарвалася галіна роду на Беларусі і ў Літве. Крыштоф (?—19.4.1637), падстолі ВКЛ з 1600, стольнік з 1604, крайчы з 1620, маршалак надворны з 1622, маршалак вялікі з 1635. Удзельнічаў у войнах з туркамі і шведамі. Разам з жонкай А.М.Сабескай заснаваў Гродзенскі кляштар брыгітак. Мікалай (?—19.10.1634), кухмістр ВКЛ з 1611, стольнік з 1623, крайчы з 1626, падчашы з 1630, кашталян жмудскі з 1633.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД у гісторыі,
супольнасць кроўных сваякоў, якія вядуць паходжанне ад агульнага продка (часам легендарнага) і маюць пэўныя агульныя сац., паліт., эканам., рэліг. інтарэсы. Мае вял. значэнне ў традыц. грамадствах. У феад. Беларусі роднасць вялася па мужчынскай лініі. Само паняцце «Р.» мела сэнс толькі ў дачыненні да вышэйшых пластоў грамадства (князёў, шляхты, духавенства і інш.). Члены шляхецкага Р. карысталіся агульным прозвішчам (канчаткова ўсталяваліся ў 16 ст.) і агульным гербам (уведзены Гарадзельскім прывілеем 1413 для католікаў, на праваслаўных пашыраны Прывілеем 1432 і Прывілеем 1434). Прызнаваліся агульныя юрыд. правы і абавязкі шляхецкіх Р., якія спачатку неслі агульную адказнасць перад законам. Прывілеем 1447 вял. кн. Казімір устанавіў індывідуальную адказнасць шляхціцаў за злачынствы. Р. захоўвалі права выкупу сваіх родавых маёнткаў (вотчын) з рук пабочных асоб. У ВКЛ існавала каля 50 магнацкіх Р., члены іх мелі буйныя зямельныя ўладанні і займалі вышэйшыя дзярж. пасады (міністэрскія і сенатарскія). Значныя Р. аб’ядноўваліся вакол агульных паліт. інтарэсаў і ўтваралі своеасаблівыя партыі («фамілія» Чартарыйскіх, пратэстанцкая і каталіцкая лініі Радзівілаў, Сапегаў). З далучэннем бел. зямель да Рас. імперыі ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) бел. шляхецкія Р. страцілі паліт. ўплыў, а з развіццём капіталістычных адносін у 19 ст. зніклі як супольнасці з агульнымі эканам. інтарэсамі. У Рас. імперыі ўрад вёў улік членаў дваранскіх Р. (гл. Радаводныя кнігі), якія карысталіся пэўнымі сац.-эканам. прывілеямі.
т. 13, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)