семяннікі

т. 14, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВЫ́Я ПРЫКМЕ́ТЫ,

марфалагічныя і функцыянальныя прыкметы, якія вызначаюць асн. адрозненні паміж самцом і самкай у жывёл, мужчынам і жанчынай у чалавека Адрозніваюць першасныя і другасныя палавыя прыкметы. Да першасных П.п. самцоў млекакормячых і чалавека адносяць семяннікі, семяправод, палавы член, прастату, у самак — яечнікі, яйцаводы, матку, похву. Гл. таксама Палавыя органы.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯЛУРАНІДА́ЗА,

фермент, які каталізуе рэакцыі гідралітычнага расшчаплення і дэполімерызацыі гіялуронавай к-ты. У млекакормячых ёсць амаль ва ўсіх органах і тканках, найб. багатыя ім семяннікі і яечнікі. Прысутнічае таксама ў плазматычных мембранах хваробатворных бактэрый і інш. мікраарганізмаў, некат. паразітычных чарвей, у ядзе пчол, змей і інш. У бактэрый гідралізуе гліказідныя сувязі гіялуронавай к-ты і аблягчае пранікненне бактэрый у тканкі. У пазваночных у працэсе апладнення гідралізуе вонкавую абалонку яйцаклеткі і робіць яе больш пранікальнай для сперматазоідаў. Гіялуранідаза, якую атрымліваюць з семяннікоў быкоў, уваходзіць у лячэбныя прэпараты (ранідазы, лідазы), якія выкарыстоўваюць для зніжэння вязкасці эксудатаў і ацёкаў, а таксама для вызначэння гіялуронавай к-ты.

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНА́ДЫ (ад грэч. gonaō нараджаю),

палавыя залозы, органы палавой сістэмы жывёл і чалавека, якія ўтвараюць палавыя клеткі і палавыя гармоны. У гермафрадытных арганізмаў мужчынскія (семяннікі) і жаночыя (яечнікі) ганады знаходзяцца ў адной асобіне, а ў гермафрадытных бруханогіх малюскаў ганады функцыянуюць спачатку як мужчынскія, а потым як жаночыя. У эмбрыягенезе пазваночных ганады закладваюцца ў выглядзе эпітэліяльнага ганаднага валіка з удзелам мезенхімы і канальцаў першаснай ныркі (мезанефрасу). У валік са сценкі жаўточнага мяшка мігрыруюць першасныя палавыя клеткі. Пасля агульнай стадыі першаснага іх размнажэння адбываецца палавая дыферэнцыяцыя (у жаночую або мужчынскую). Працэсы фарміравання і функцыі ганадаў рэгулююцца нерв. сістэмай, гармонамі ганадаў, а таксама ганадатропнымі гармонамі гіпофіза і эпіфіза.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВЫ́Я О́РГАНЫ, геніталіі,

органы палавога размнажэння жывёл і чалавека. З’яўляюцца першаснымі палавымі прыкметамі. Большасць відаў жывёл аднаполыя, мужчынскія і жан. П.о. падзяляюць на вонкавыя і ўнутр. (розныя па будове, але гамалагічныя па супольнасці іх эмбрыянальных зачаткаў). Звязаны з органамі выдзялення. Да П.о. адносяць палавыя залозы (семяннікі, яечнікі, гермафрадытныя залозы), палавыя пратокі (семяправоды, яйцаводы), дадатковыя органы (залозы, сакрэт якіх узмацняе актыўнасць сперматазоідаў, а ў самак служыць для ўтварэння абалонак яец, рэзервуары для захоўвання семя), капулятыўныя органы (пры ўнутр. апладненні). У жывародных жывёл да П.о. адносяць прыстасаванні для выношвання дзіцянят (напр., вывадкавая сумка ў сумчатых). П.о. раслін наз. генератыўнымі органамі. У чалавека дыферэнцыроўка П.о. на мужч. і жан. працягваецца да 8-га тыдня развіцця плода.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)