Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́Ц у медыцыне,
участак шчыльнай злучальнай тканкі, які замяшчае дэфект скуры, слізістай абалонкі, органа або тканкі. Узнікае ў выніку апёкаў, абмаражэнняў, хранічных запаленчых працэсаў і інш. Пры рубцаванні краі раны сцягваюцца, што прыводзіць да дэфармацыі органаў і тканак, касметычных дэфектаў. Зрэдку Р. выклікаюць цяжкія парушэнні пры лакалізацыі ў сэрцы (напр., сардэчная недастатковасць), мозга (напр., эпілепсія, зрокавыя парушэнні), страўніку (непраходнасць) і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДЖАНАЯ РАСКО́ЛІНА ВЕ́РХНЯЙ ГУБЫ, «заечая губа»,
прыроджаная загана развіцця. Часта спалучаецца з прыроджанай расколінай паднябення. Фарміруецца на 6—7-м тыдні эмбрыягенезу. Бывае адна- і двухбаковая (аднабаковая ў 3 разы часцей), мае форму ад невял. выемкі каля краю губы да поўнай сувязі з адтулінамі носа, што абцяжарвае смактанне, парушае дыханне дзіцяці. Развіццю заганы спрыяе ўжыванне цяжарнымі жанчынамі алкаголю, псіхічныя траўмы, інфекцыі, уздзеянне радыяцыі і інш. Лячэнне хірургічнае.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАФІНО́ЗА,
трыцукрыд, які складаецца з астаткаў глюкозы, фруктозы і галактозы (C18H32O16 або C18H32O16∙5H2O). Пашырана ў раслінах (асабліва ў цукр. бураках). Салодкасць Р. складае 23% салодкасці цукрозы. Адносіцца да вугляводаў, якія не засвойваюцца арганізмам чалавека.
Белы крышт. парашок, устойлівы да шчолачаў. Пад уплывам ферменту рафіназы Р. гідралізуецца на фруктозу і дыцукрыд мелібіёзу, ферменту эмульсіну — на цукрозу і галактозу. Выкарыстоўваецца як харч. дабаўка для атрымання сумесей вугляводаў.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЯПІ́ЗМ (грэч. priapismos ад імя старажытнагрэч. бога ўрадлівасці Прыяпа),
стойкая эрэкцыя палавога члена, не звязаная з палавым узбуджэннем. Развіваецца пры захворваннях і траўмах палавога члена, нерв. сістэмы, некат. інфекцыях і інтаксікацыях. Суправаджаецца болем у пенісе, прамежнасці і вобласці крыжа. Часцей бывае пры лейкозах. Развіццё П. звязана з парушэннем адтоку крыві з кавернозных цел палавога члена ў выніку венознага трамбозу. Часта ўзнікае ў час палавога акта, пасля мочаспускання або дэфекацыі. Можа прывесці да імпатэнцыі. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАПСІ́Н,
зрокавы пурпур, пігмент палачак сятчаткі вока жывёл і чалавека, які адказвае за чорна-белы або змрочны зрок. Уяўляе сабой складаны бялок (хромаглікапратэід), які наскрозь «прашывае» мембрану фотарэцэптараў. У Р. уваходзяць бялок апсін, 2 алігацукрыдныя ланцугі і храмафорная група караціноіду рэтыналю (альдэгіду вітаміну А). У зрокавым акце пры паглынанні малекулай Р. кванта святла адбываецца абарачальная рэакцыя фотаізамерызацыі, канфармацыйныя перабудовы малекулы Р. Узнікае нерв. імпульс, які перадаецца ў патылічную долю галаўнога мозга, дзе фарміруецца зрокавы вобраз.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭСБІЯПІ́Я [ад грэч. presbys стары + ōps (ōpos) вока],
старэчая дальназоркасць, парушэнне выразнага бачання блізка размешчаных аб’ектаў. Узнікае пасля 40 гадоў у выніку аслаблення праламляльнай здольнасці вока. Прычына П. — зніжэнне эластычных уласцівасцей хрусталіка пры ўшчыльненні яго цэнтр. ч. — ядра. Пры гэтым парушаецца акамадацыя вока, кропка яснага бачання факусіруецца па-за сятчаткай і прадметы здаюцца расплыўчатымі. Для карэкцыі П. выкарыстоўваюць акуляры са збіральнымі (выпуклымі) лінзамі, якія ўзмацняюць праламляльную здольнасць вока і забяспечваюць выразнае адлюстраванне блізка размешчаных аб’ектаў на сятчатцы.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́НКЦЫЯ (ад лац. punctio укол),
пракол тканак арганізма полай іголкай з дыягнастычнай, лек. або прафілакт. мэтай. Дыягнастычная П. выкарыстоўваецца: для вывучэння структурна-функцыян. стану органаў, сістэм органаў і тканак, устанаўлення дыягназу захворвання шляхам увядзення ў крывяносныя і лімфатычныя сасуды, поласці, губчатае рэчыва касцей радыеізатопаў, газу (паветра), рэнтгенакантрастных рэчываў, таксама даследавання ўзору вадкасці (кроў, гной і інш.) або кавалачка тканкі (напр., пухліны). З лек. і прафілакт. мэтамі з дапамогай П. ўводзяць лек. сродкі ў тканкі, сасуды, поласці арганізма.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЖА ў чалавека,
інфекцыйная хвароба з вострым запаленнем скуры (радзей слізістых абалонак), ліхаманкай, інтаксікацыяй. Выклікаецца гемалітычным стрэптакокам групы A. Бывае на любым участку скуры, у т. л. на валасістай ч. галавы, палавых органах, слізістых абалонках верхніх дыхальных шляхоў. Праявы Р.: выразна акрэсленыя балючыя ачагі пачырванелай скуры (межы маюць выгляд зубцоў, языкоў полымя), пухіры з вадкасцю, зрэдку кровазліцці. На твары пашыраецца звычайна сіметрычна ў выглядзе крылаў матылька. Зрэдку распаўсюджваецца па ўсім тулаве. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., пры ўскладненнях (абсцэсы, флегмоны) — хірургічнае.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)